Выбрать главу

Княжыч падскочыў да вешчуна, схапіў загрудкі, аж у таго затрашчала кашуля, трасянуў, што ёсць моцы закрычаў надарваным голасам:

— Што ты сказаў?! Ды я цябе заб'ю!

Па шалёнаму позірку Далібора Валасач здагадаўся, што так яно і будзе, але прамовіў са спакойнай годнасцю:

— Смерці я не баюся, княжыч. Усіх жывых прыбярэ Пярун. Забівай, але спачатку паслухай, што я табе скажу.

Далібор, скрыгатнуўшы зубамі, піхнуў яго ад сябе, і вяшчун асеў каля дуба. З вялікай лютасцю княжыч падчапіў нагою, шпурнуў галавешкі з вогнішча. Яны раскаціліся па траве. Княжыч за неабгарэлы канец схапіў галавешку, тыцнуў ёй амаль у твар вешчуну.

— Кажы, а то вочы выпалю!

— Навошта б мне было гаварыць табе тое, чаго я не ведаю? — пачаў Валасач. — Ты сабе жывеш, я — сабе. Ты княжыч, высокага роду, я нікчэмны калека. Ты лётаеш пад воблакам, я поўзаю па зямлі. Дык слухай: ты не сын Ізяслава Васількавіча. Ты — Міндоўгаў сын. А маці твая княгіня Мар'я. Як ёсць, княгіня Мар'я. Слухай. Семнаццаць сонцаваротаў назад я прыслужнікам-вайдэлотам быў у самога Крыва-Крывейты ў Жамойці. Збег я з Наваградка ад папоў і князя і прыбіўся туды.

— За кожнае слова ты адказваеш мне сваёй выяй, — шпурнуў галавешку ў траву Далібор.

— Слухай. Замятня вялікая тады была ўсюды. З Рыгі і Мар'іна Гарадка9 перлі рыцары, паход за паходам. Попел на лісцях і траве ляжаў у Жамойці, як снег. Прусы ўцякалі за Нёман. Яцвягі хаваліся ў пушчы, жыўцом закопваліся ў зямлю. Аўкштайты адседжваліся з дзецьмі і жонкамі ў сваіх балотных гарадах. У Літве рэзалі адзін аднаго Міндоўг і кунігасы Рушкавічы. Кроў не высыхала. Князь Ізяслаў уцякаў ад наваградскіх баяр і купцоў у Здзітаў. І дайшло тады да разумных людзей, што трэба, каб уцалець, агулам трымацца. З'ехаліся Ізяслаў з Міндоўгам, пацалавалі крыж хрысціянскага бога ў наваградскай царкве на вялікую згоду. А потым і да Крыва-Крывейты паехалі.

Валасач змоўк, як бы падавіўшыся.

— Гавары, — трасянуў яго княжыч.

— Прыехалі да Крыва-Крывейты, і святы вяшчун, бачачы, што ўжо рэкі цякуць не сінія, а чырвоныя, загадаў ім, Ізяславу і Міндоўгу, крэўным ланцугом злучыцца, абмяняцца на тры сядміцы жонкамі, каб нарадзілі ім жонкі сыноў. Клятву далі яны пад святым дубам, перад вачмі Пяркунаса, што так і зробяць. Сваімі вушамі чуў я гэту клятву, кладучы дубовае паленне ў вогнішча. Сваімі вачыма бачыў, як ішлі княгіні Мар'я і Паята да белых шатроў, каб выйсці адтуль праз тры сядміцы. І раз'ехаліся ад святога Зніча князі. І нарадзіўся ты ў Наваградку, а Войшалк у Варуце.

— Войшалк? — перапытаў Далібор.

— Войшалк.

Вяшчун сарваў пук травы і выцер спатнелы твар. Пэўна, ад вялікага хвалявання выбіўся з сухога цела пот, а можа, і ад страху.

— Калі сказаў праўду, еш зямлю, на якой расце святы дуб, — пільна пазіраючы ў вочы Валасачу, загадаў Далібор.

Не міргнуўшы вокам, вяшчун узяў жменю шэрай лясной зямлі, праглынуў яе адным дыхам. Толькі травінка зачапілася на ніжняй губе. Далібор глядзеў на гэту травінку, на Валасачоў твар, забруснелы ад сонца, і не ведаў, што рабіць. Узвёў позірк угору, убачыў бясшумнае дубовае лісце, а праз яго — блакітныя бяздонныя яміны неба. Усюды была цішыня. Хоць бы хто крыкнуў, грукнуў, хоць бы рыпеў голлем дуб і рэзаў шчаку вецер. Была цішыня, а значыць, вяшчун казаў праўду. Княжыч абыякава, ужо не са злосцю, паглядзеў на яго і пайшоў ад святога дуба. Адпусціўшы халопа Найдзёна ў Новагародак, сеў на каня, павольна паехаў, а куды — сам не ведаў. У нейкую асінавую гушчэчу, у змрок ельнікаў, дзе ўсё заткана бледна-зялёнай заечай капустай. Там ляжалі агромністыя спарахнелыя дрэвы. Некаторыя, паваленыя калісьці бурай, віселі на плячах у сваіх суседзяў, не змогшы ўпасці на зямлю. Не адзін сонцаварот, згінаючыся, крэкчучы ад напругі, трымаюць на сабе жывыя дрэвы мерцвякоў. Конь, палахліва сапучы, правёз Далібора пад імі, прашыўся праз гусцеж нізкарослых бярозак, убіўся ў прыбалатак, падышоў да балота. Княжыч, як сонны, злез з каня, стаўшы па костачкі ў цёмна-рудую халаднаватую ваду. За некалькі сажняў ад яго на травяным гняздзе сядзела ружовадзюбая крыжанка. Убачыла чалавека, здранцвела, заплюснула вока.

Ен быў не тым, кім лічыў сябе заўсёды, лічыў вось да гэтай сустрэчы з вешчуном. Рукі, вочы, ногі былі тыя ж, а кроў была інакшая. Міндоўгава кроў цякла ў ім.

Заржаў конь, паклікаў гаспадара. Далібор, плюхнуўшы вадою, пайшоў да яго. І адразу ж сарвалася са свайго гнязда крыжанка.

Шмат што рабілася зразумелым княжычу, калі ен у глыбокім одуме ехаў да Новагародка. І непадобнасць іхняя з Някрасам, і тое, што маці, раззлаваўшыся, называла яго, здавалася, любімага сына, касавураю, і тое, што бацька іменна яго пасылаў у Літву да Міндоўга.

Ружовы попел хмар плыў над зямлёй. Мацнеў гул ветру ў навакольных лясах. Далібор заехаў у белы бярэзнік, які быў повен травы і кветак, сеў проста на зямлю. Конь пасвіўся непадалёку, ляніва адмахваючыся хвастом ад мух і камарэчы.

Прыкры ўспамін апёк раптам душу. Успомнілася княжычу, як сонцаваротаў сем-восем назад ён, забеганы за дзень хлапчук, прыйшоў да маці ў апачывальню, прылашчыўся да яе. Яна расчэсвала яму самшытавым грабянцом валасы, цалавала ў макаўку, і ён заснуў каля яе, і яму снілася нешта цёплае, нешта залатое. А ўночы цяжкія жорсткія рукі разбудзілі яго. Ен хацеў закрычаць, але ў апошні міг крык прыліп да гартані. Зусім побач з сабой ён адчуваў гарачае бацькава дыханне. Князь Ізяслаў, пераблытаўшы сына з жонкай, шаптаў п'янаватым голасам: «Мар'ечка, золатка, дзе ты тут?» І гарнуўся ўсё бліжэй. Як страла з лука, вылецеў Далібор з ложка. Чаму ўспомнілася такое? Чаму, як атручаная кветка, выплыла далёкая ноч з глыбінь памяці на паверхню юнай адзінокай душы?

Княжыч рэзка ўстаў, падумаў з пяклівай злосцю: «Княгінь, калі гэта палічаць неабходным баяры і святары, вядуць пакрываць, як кароў, вядуць да быкоў з суседняй дзяржавы». У адзін скок ён падбег да каня, з размаху гоцнуўся ў сядло, ды так, што бедны конь сеў на хвост. З усёй сілы Далібор шлёгнуў яго нагайкаю. Узляцеў на зялёную, парослую нізкім хвойнікам, выдму і пачуў галёканне людзей, голас сурмы. Яго шукалі. Ен не стаў крычаць у адказ, ціха паехаў насустрач людзям. Ехаў і гладзіў конскую грыву, нібы прасіў даравання за нагайку, чуў, як уздрыгвае конь.

— Вось дзе ты ездзіш, княжыч, — радасна сказаў Костка, параўноўваючыся з Даліборам, асаджваючы свайго каня. — А халопа Найдзёна ўжо б'юць лазою на княжым двары. Як уюн круціцца халоп, крывавай пенай абмываецца. Дужа залютаваў князь Ізяслаў Васількавіч, што халоп вярнуўся адзін, без цябе.

— А што са мной можа стацца, Костка? — уладным голасам перапыніў настаўніка Далібор. — Я не сысунок.

Лях уважліва паглядзеў на княжыча, усміхнуўся куточкамі вуснаў, нізка пакланіўся. Падумаў: «Малады орлік выпускае кіпцюры».

Непадалёку ад Новагародка напаткалі купку дзяўчат, з вянкамі на галовах, ва ўсім белым. Твары крамяныя, загарэлыя, валасы як лён і як крумкачова крыло. Паміж імі Далібор заўважыў Лукеру, сказаў:

— Хутка еду ў Літву. Што табе адтуль прывезці? Лукера ўся ўспыхнула, закрыла твар далонямі. Яна

ішла басанож, і Далібору адразу ж кінуліся ў вока маленькія, як выразаныя з беладрэвіны, ступні.

— Падвесак прывязі, княжыч! Бліскучых бубенчыкаў прывязі, якія там усе жанкі носяць! — весела заверашчалі новагараджанкі. Толькі адна Лукера маўчала. Лях Костка, нагнуўшыся з сядла, пагладзіў ёй галаву сваёй цяжкай рукой, прыцмокнуў языком.

— Якія ў цябе ясны влосы10. Ты — прыгажуня.

— А ты ўжо старушок, — раптам прамовіла Лукера і паказала Костку язык. Усе засмяяліся, і, мабыць, мацней за ўсіх Далібор.

— Вось ты якая, — трошкі збянтэжыўся Костка. — Не такі я стары, як табе здаецца. Але куды ты ідзеш? Няўжо разам з сяброўкамі будзеш паліць паганскае вогнішча на Цёмнай гары? Няўжо будзеш прыслужваць вешчуну? Ад яго ж смярдзіць балотам. Усе тыя, хто пакланяецца Перуну, або Пяркунасу, няшчасныя людзі. Працягні д'яблу пальчык, і ён схопіць цябе за валасы. А ты ж яшчэ маладзенькая.

З вялікай шкадобай Костка пазіраў на Лукеру. Дзяўчына разгубілася, не ведала, што рабіць.

вернуться

9

Мар'ін Гарадок — Марыенбург, з 1309 года сталіца тэўтонскіх рыцараў.

вернуться

10

Ясны влосы (польск.) — русыя валасы.