Выбрать главу

— Праўда, у вас строга трымаюцца запаведзі: «Будзь верны духу любові да радзімы».

— А што гэта за дух?

— Дух любові да тае мясціны, дзе ты жывеш.

— Гэта вельмі добра!

Мужчына засмяяўся. За ім засмяялася і жанчына. Але яна, мабыць, і сама толкам не ведала, чаго смяецца.

Пачулася тарахценне — ад’язджаў пікап.

— Ну што, перакурым?

— Нельга, калі яны аб’едуць усіх, адразу вернуцца са сваімі кашамі.

— Нічога, астатняе можна і заўтра...

Ён махнуў рукою, устаў і выправіўся да хаты, але жанчына і не думала ісці ўслед за ім.

— Так не гадзіцца. Трэба хоць раз прайсціся з рыдлёўкаю вакол хаты.

— Вакол хаты?

— А як жа. Хіба можна дапусціць, каб хата абвалілася?.. Пясок жа сыплецца з усіх бакоў...

Жанчына, нібыта кідаючы выклік, рэзка павярнулася і пабегла. Хоча, напэўна, вярнуцца да абрыву і зноў узяцца за работу. Усё роўна як шпанская мушка. Усё зразумела, цяпер яго гэтым не возьмеш.

— Жах! I гэтак кожную ноч?

— Пясок не адпачывае і не дае адпачынку... I кашы і пікап усю ноч рухаюцца.

— Мабыць, праўда...

Ведама, гэта праўда. Пясок ніколі не адпачывае, ніколі не дае адпачыць. Мужчына разгубіўся. У яго было такое адчуванне, быццам ён раптам заўважыў, што змяя, якой ён легкадумна наступіў на хвост, лічачы яе маленькаю і бяскрыўднаю, вялізазная, і яе ядавітая галава пагражае яму ззаду.

— Што ж выходзіць! Вы жывяце толькі, каб адграбаць пясок!

— Але ж нельга ўзяць і ўцячы ўночы.

Мужчына быў ашаломлены. Ён не жадаў быць уцягнутым у такое жыццё.

— Чаму не, можна!.. Хіба так гэта цяжка?.. Вы зможаце ўсё, калі толькі захочаце!

— He, так нельга... — Жанчына, дыхаючы ў такт ударам рыдлёўкі, прадаўжала абыякавым тонам: — Вёска неяк можа яшчэ існаваць толькі таму, што мы нястомна адграбаем пясок і гэтым зберагаем ёй жыццё... А калі мы перастанем капаць, яе засыпле пяском меней чым за дзесяць дзён — і нічога ад вёскі не астанецца... Ну і потым... Ой, здаецца, чарга да суседзяў дайшла...

— Вельмі ўдзячны вам за цікавы расказ... Па гэтай жа прычыне і пераносчыкі кашоў так шчыруюць?

— Ведама, але яны, праўда, падзённа атрымліваюць нешта ад сельскае ўправы...

— Калі вёска мае такія грошы, чаму ж не насаджаюць лясных палос, каб абараніцца ад пяску?

— Калі падлічыць, дык выйдзе, напэўна, што наш спосаб намнога дзешавейшы...

— Спосаб?.. Хіба гэта спосаб? — Мужчына раптам зазлаваўся. Зазлаваўся на тых, хто прывязаў жанчыну да гэтай мясціны, і на жанчыну, што дазволіла сябе прывязаць. — Калі так, дык навошта ж трымацца за гэтую вёску? Ну, не разумею прычыны... Пясок не такая ўжо дробязная штука! Вялікаю памылкаю было б думаць, што наша старанне можа процістаяць пяску. Лухта!.. З гэтым глупствам трэба кончыць... кончыць раз і назаўсёды. Я нават не магу спачуваць вам!

Адкінуўшы рыдлёўку да бітонаў, што валяліся воддаль, і не звяртаючы ўвагі на выраз яе твару, ён вярнуўся ў хату.

Не спалася. Мужчына прыслухоўваўся, што робіць жанчына. Яму было крыху сорамна: такія яго паводзіны ўрэшце — гэта рэўнасць да таго, што яе тут трымае, прымус кінуць працу і крадком прыйсці да яго ў пасцель. Сапраўды, тое, што ён адчуваў, было не проста абурэнне жаночай дурнотай. Усё было куды глыбей. Коўдры ўсё болей сырэлі, пясок усё мацней прыліпаў да цела. Як гэта несправядліва, як гэта абуральна! I таму няма чаго вінаваціць сябе за тое, што кінуў рыдлёўку і вярнуўся ў хату. Такой адказнасці ён на сябе не возьме. У яго і без гэтага клопату хоць адбаўляй. I тое, што яго завабілі ў пясок і насякомыя, урэшце было толькі спробаю ўцячы, хай сабе ненадоўга, ад нудных абавязкаў шэрага жыцця...

Ніяк не заснуць.

Жанчына без адпачынку ходзіць узад і ўперад. Некалькі разоў гул кашоў, што апускаліся, набліжаўся, потым зноў аддаляўся. Калі так будзе і далей, заўтра ён не зможа працаваць. Трэба ж устаць, як толькі развіднеецца, бо днём мала зробіш. Чым болей ён стараўся заснуць, тым меней браў сон. Пачало рэзаць у вачах, яны слязіліся, маргалі, але не маглі справіцца з пяском, які сыпаўся няспынна. Ён разгладзіў ручнік і накрыў ім твар. Стала цяжка дыхаць. Але гэтак усё ж лепей.

Падумаю пра што-небудзь другое. Заплюшчваеш вочы, і пачынаюць гайдацца, плаваць нейкія доўгія ніці. Гэта пясчаныя ўзоры бягуць па дзюне. Паўдня не адрываў ад іх вачэй, і яны, напэўна, адбіліся на сятчатцы. Такія самыя ручаіны пяску засыпалі, паглыналі расквітнелыя гарады і вялікія імперыі. Гэта называюць, папраўдзе, сабуляцыяй Рымскай імперыі... А гарады, апетыя Амарам Хаямам... У іх былі кравецкія майстэрні, крамкі мяснікоў, рынкі. Іх аблытвалі, густа пераплятаючыся, дарогі, якіх, здавалася, нішто не зрушыць з месца. Колькі гадоў трэба было змагацца з уладамі, каб хоць аднае змяніць кірунак... Старажытныя гарады, у непахіснасці якіх не сумняваўся ні адзін чалавек... Але ўрэшце і яны не змаглі процістаяць закону пяску дыяметрам адна восьмая міліметра, які знаходзіцца ў вечным руху.