— Брат жыве ў надта нязручным прыгарадзе, дый працаваць яму даводзіцца ў розны час, таму ён вельмі хоча мець пакой, каб можна было сяды-тады адпачыць. А як гэтак, нічога не зробіш. Становішча ў нас прыкладна аднолькавае, мы не асабліва патрабавальныя, так што пажывём разам.
Потым я адразу прапанаваў павялічыць плату за кватэру на трыццаць працэнтаў. Адміністратар зрабіў выгляд, што збянтэжыўся, надта збянтэжыўся, але ў глыбіні душы ніякай збянтэжанасці ў яго не было. Урэшце на «малодшага брата» мне ўдалося нават атрымаць ключ.
Гадзін у дзесяць я надзеў маску і выйшаў з хаты. Мне трэба было падабраць адзенне да маскі — каб пасавала да барады і акуляраў. Выйшаўшы на двор, я нейкі час не мог перасіліць напружання — я ўпершыню апынуўся на вуліцы сярод белага дня. Ці не з-за таго, што валаскі на масцы за ноч пусцілі карані, пачалі расці?.. А можа, з-за дужа вялікае дозы заспакаяльнага?.. Як сабе ні было, чакаючы аўтобуса, я стаў спакойна дыміць цыгарэтаю.
Але папраўдзе я ўсвядоміў, якая жыццяздольная і наравістая маска, калі прыйшоў ва універсальны магазін, каб купіць касцюм. Хоць найболей пасавала б да барады і акуляраў што-небудзь кідкае, я ўсё ж выбраў модны строгі пінжак на трох гузіках з вузкім каўняром. Мне проста не верылася. Па-першае, сам факт, што я неяк разбіраюся ў модзе, быў вышэй за маё разуменне. Мала таго, я спецыяльна зайшоў у ювелірны аддзел і купіў пярсцёнак. Выходзіла, што маска ігнаруе мае жаданні і пачынае сама хадзіць, куды ёй захочацца. Мяне гэта, праўда, не вельмі непакоіла, але моцна здзівіла. Хоць у гэтым не было нічога смешнага, мяне ўвесь час разбіраў смех, быццам мяне казыталі, я зліўся з гэтым смехам, і мне хацелася падурэць.
Выйшаўшы з універмага, можа, па інерцыі, я прыдумаў яшчэ адну невялікую авантуру. Ды не, нічога сур’ёзнага, зайсці толькі ў маленькі карэйскі рэстаран, што туліўся ў вузкім завулку воддалек ад ярка асветленых цэнтральных вуліц. Я даўно ўжо толкам не еў, і голад рабіў напамінак, дый смажанае мяса, такое смачнае, — мая любімая яда. Але хіба толькі гэта прычына? Хіба смажанае мяса было адзіным пабуджэннем, што прымусіла мяне пайсці туды?
У якой меры я дзейнічаў свядома — гэта другое пытанне. Але было б хлуснёю гаварыць, што выбар іменна карэйскага рэстарана не меў пад сабою ніякіх падстаў. Якраз я браў у разлік, што гэта карэйскі рэстаран і там будзе многа карэйцаў. Я несвядома спадзяваўся, ведама, на тое, што, калі ў маёй масцы і ёсць яшчэ нейкія недаробкі, карэйцы, напэўна, нічога не заўважаць, дый здавалася, што кантактавацца з імі мне будзе лягчэй. А можа, я бачыў падабенства паміж сабою, чалавекам, што страціў твар, і карэйцамі, якія часта станавіліся аб’ектам расавых забабонаў, і міжволі адчуваў да іх блізкасць. Сам я, ведама, не быў настроены супраць карэйцаў. Найперш, чалавек без твару не мае права мець забабонаў. Праўда, расавыя забабоны маюць бясспрэчную субстанцыю, бо выходзяць за межы індывідуальнага намеру і падаюць ценем на гісторыю, на народ. Таму, ва ўсякім разе суб’ектыўна, сам факт, што я шукаў сховішча сярод гэтых людзей, быў не чым іншым, як пераніцаванымі забабонамі...
Віўся ўгору блакітны дымок. Шумеў дапатопны вентылятар. Наведнікаў трое, і, на шчасце, усе трое нібыта карэйцы. Дваіх з першага пагляду не адрозніш ад японцаў, але іх беглая гаворка па-карэйску сведчыла, што яны сапраўдныя карэйцы. Хоць быў яшчэ толькі поўдзень, трое апаражнілі ўжо цэлую батарэю піўных пляшак, а гэта яшчэ болей распаліла іх і так экспансіўную манеру гаварыць.
Я лёгенька дакрануўся да маскі каля шчок, каб праверыць, ці ўсё ў парадку, і адразу заразіўся іх весялосцю. А можа, псіхалагічна растлумачваецца гэта таксама, як жаданне жабракоў пагаварыць пра сваіх багатых сваякоў, — такіх можна часта сустрэць у раманах. Але як сабе ні было, заказаўшы смажанае мяса і кіруючыся да крываногага століка, я адчуў сябе ледзь не кінаакцёрам.
Па сцяне поўзаў таракан. Згарнуўшы газету, што нехта забыўся на стале, я змахнуў яго на падлогу. Потым стаў рассеяна чытаць загалоўкі — звычайныя аб’явы: «Патрэбны», «Што ідзе ў кіно, мюзік-холах, забаўных установах»... Спалучэнне ўсіх гэтых іерогліфаў неяк дзіўна распаліла маю фантазію. Скрозь аб’явы перада мною адкрыўся краявід, поўны загадак і намёкаў, а балбатня трох карэйцаў служыла ідэальным акампанементам.
Там стаяла попельніца, якая ўгадвала лёс. Яна была адмыслова сканструявана: калі ў яе апускалі дзесяцііенавую манету і націскалі кнопку, з адтуліны ўнізе выскоквала згорнутая паперка велічынёю з запалку. Маю маску ахапіў, здавалася, такі бесклапотна-вясёлы настрой, што і яна вырашыла паспрабаваць шчасця. Я разгарнуў паперку — мой лёс быў вызначаны так.