Выбрать главу

Ніякай асаблівай мэты ў мяне не было, і таму я пачаў шукаць ё-ё. Зусім не ведаючы ніякага спецыяльнага магазіна, я найперш стаў зазіраць у цацачныя секцыі універмагаў. Можа, з-за таго, што гэта была нядаўняя мода, у кожнай секцыі абавязкова стаяла вітрына з ё-ё, якую з усіх бакоў, нібыта мухі, аблеплівалі дзеці. Змешвацца з натоўпам у такім месцы, напэўна, не трэба было з пункту погляду псіхагігіены, і я завагаўся. Але ўрэшце я павінен быў раз і назаўсёды кінуць гэтую няўтульную «гульню ў сакрэты» і, адважыўшыся, стаў праціскацца скрозь гэтае мушынае царства. Але ё-ё такой формы, як я хацеў, не пападалася. Ё-ё, з якім гуляла дзеўчаня, і формаю і колерам не быў падобны на тыя, што прадавалі ва універмагах. Узяць, да прыкладу, ласункі — мне яны болей па душы з таннае крамкі. Выйшаўшы з універмага, я болей за гадзіну блукаў па горадзе, і раптам у завулку насупраць вакзала натрапіў на маленькі цацачны магазін.

Як і трэба было чакаць, ён ані не быў падобны на цацачныя секцыі універмагаў. Магазін не гандляваў дзешавізнаю, як крамка танных ласункаў, але ў ім былі не толькі дарагія рэчы. Ён быў разлічаны, напэўна, на дзяцей старэйшых, якія на падораныя грошы купляюць самі цацкі, што ім падабаюцца, — у ім панавала атмасфера прастадушнага грэху, ахутанага таямніцаю. Правільней, у ім бессаромна спекулявалі на псіхалогіі дзіцяці, якое ахватней купляла падфарбаваную ваду ў трохвугольным пакеце, чым сок з садавіны ў пляшцы. Як я і думаў, патрэбны мне ё-ё там быў таксама. Трымаючы ў руках раздзелены на дзве палавіны шар з сінтэтычнае смалы, я з гаркотаю ўсміхнуўся, нечакана падумаўшы пра яго стваральніка, які здолеў выдатна выказаць сутнасць магазінчыка ў завулку. Усё было зроблена надзвычай тонка. Прастата формы і крыклівая расфарбоўка. Калі б ён быў бязлітасны да свайго густу, такога б ён ні за што не прыдумаў. Дый гэта было не проста безгустоўшчына, a найхутчэй, свядомае дзеянне на свой густ да самае мяжы — усё роўна што ў ачмурэнні растоптваць свой густ абцасам, стросшы яго на зямлю, як кузурку. Жорстка, праўда? Што ж, існуюць, натуральна, і жорсткія акалічнасці. Але калі ён выбраў гэты шлях па добрай волі, дык ці не было гэта прадыктавана помслівасцю, адчуваннем свабоды, быццам зняў адзежу і астаўся голы? Бо гэта была не свабода дзейнічаць паводле свайго густу, а свабода ўцячы ад свайго густу...

Напраўду, адмаўляць няма чаго, такое ўражанне тлумачыцца і тым, што са мною здарылася. Я павінен ісці наперад, крок за крокам растоптваючы свой густ, калі хачу стварыць чужое сэрца, якое падыходзіла б чужому твару. Ды гэта аказалася не такою цяжкаю справаю, як я думаў. I, быццам маска валодала здольнасцю клікаць восень, маё стомленае сэрца ператварылася ў сухі ліст, гатовы вось-вось упасці — варта толькі лёгенька страсянуць галінку. Я не асабліва сентыментальны, але здзівіўся, што не пачуў нават такога болю, як пашчыпванне вачэй мятаю ці камарыны ўкус. Сваё «я», мабыць, зусім не такое, якім яно ўяўляецца.

Але якое ж нарэшце сэрца збіраюся я намаляваць на гэтым старым, выцвілым палатне? Ведама, не дзіцячае сэрца і не сваё. Сэрца маіх заўтрашніх планаў... Хоць я і не мог пазначыць яго тэрмінам, які можна знайсці ў слоўніку, ну, напрыклад, ё-ё, турысцкая паштоўка, куфэрак на каштоўныя камяні, нагаворанае зелле... Як праграму дзеяння, я ўяўляў яго куды ясней, чым карту, зробленую аэрафотаздымкаю. Колькі разоў паўтараў я намёкі, якія прымушалі цябе задумвацца. Але цяпер, калі ўсё закончана і можна і гаварыць, і слухаць пра тое, які іх сэнс і якія вынікі, можна іх літаральна памацаць, наўрад ці варта абмяжоўвацца намёкамі з-за таго болю, які я прычыню, калі ўвасоблю іх у словы. Я выкарыстаю гэты выпадак і раскажу ўсё. Я, як зусім чужы табе чалавек, вырашыў спакусіць цябе... цябе — сімвал чужога.

He, пачакай... Я зусім не думаў пісаць табе пра гэта... Я ж не падобны на маладушнага чалавека, які марнуе час, паўтараючы тое, што вядома і так. Я хачу толькі расказаць пра свае дзіўныя (нават сам я іх не чакаў) паводзіны пасля таго, як купіў гэтага ё-ё.

Прыкладна трэць цацачнага магазіна займалі стэнды, на якіх былі выстаўлены цацачныя пісталеты. Сярод іх некалькі, мабыць, імпартных і даволі дарагіх, але напраўду выдатна зробленых. Я ўзяў адзін, трохі цяжкаваты, і дула заліта свінцом, у астатнім — механізм падачы патронаў, курок — ані нічым не адрозніваецца ад сапраўднага. Я ўспомніў, што мне трапіўся неяк артыкул у газеце, у якім пісалася, што цацачны пісталет быў перароблены і з яго стралялі сапраўднымі кулямі. Можа, выкарысталі якраз такі? Цікава, ці можаш ты ўявіць, як я разглядаю цацачны пісталет? Самыя блізкія мае таварышы з лабараторыі і тыя наўрад ці змаглі б. Дый мне самому такая думка ніколі б не прыйшла ў галаву, калі б я не быў сведкам сваіх дзеянняў.