Гаспадар магазіна, увертаючы ё-ё, з лісліваю ўсмешкаю прашаптаў: «Падабаецца? Можа, паказаць, што ў мяне адкладзена?!» I тады нейкае імгненне я пачаў сумнявацца, ці я гэта... Ці правільней, мусіць, сказаць гэтак: я збянтэжыўся ад таго, што прарэагаваў на гэта не так, як прарэагаваў бы я. Збянтэжыцца і адначасна зразумець гэта — ці няма тут супярэчнасці? Не, тут вінаватая маска. Не звяртаючы ўвагі на маю збянтэжанасць, маска кіўнула гаспадару магазіна, які палахліва азіраўся па баках, і, нібыта сцвярджаючы магчымасць свайго існавання, пачала клопатна дамаўляцца пра тое, што было адкладзена.
Гэта быў духавы пісталет «вальтэр». З трох метраў прабівае пяціміліметровую дошку — моцная штука, але і цана была вялікая — дваццаць пяць тысяч іен. Як ты думаеш, што я зрабіў?.. Мне скінулі цану — і за дваццаць тры тысячы я купіў яго. «Улічыце, гэта незаконна. Духавы пісталет — не духавая стрэльба, ён прыраўноўваецца да сапраўднага. А незаконнае хаванне пісталета строга караецца. Я сур’ёзна прашу вас, уважліва пастаўцеся да таго, што я сказаў...» Але я ўсё роўна купіў яго.
У мяне быў вельмі дзіўны стан. Маё сапраўднае «я» з праўдзівым тварам, зашыўшыся глыбока між кішкамі, спрабавала нешта прапішчаць тоненькім галаском. Такога не павінна было быць, але... Я ж выбраў экстравертны агрэсіўны тып з адзінага намеру займець твар паляўнічага, які гадзіўся б твайму спакушальніку. Цяпер пра другое... Я прасіў маску толькі пра адно: памажы мне выздаравець. Я ж ні разу не прасіў: рабі, як табе хочацца. У мяне гэты пісталет, і што мне цяпер з ім рабіць?..
Але маска, быццам знарок выстаўляючы напаказ цвёрды скрутак, што тырчаў з кішэні, смяялася з маіх цяжкасцяў і пацяшалася з мяне. Яна і сама добра не ведала, што адказаць на пытанні майго праўдзівага твару. Будучыня — не што іншае, як вытворная мінулага. У маскі, якая не пражыла і дваццаці чатырох гадзін пасля свайго нараджэння, не павінна было быць плана дзеяння на заўтра. Сацыяльнае ўраўненне чалавека — гэта, па сутнасці, матэматычная функцыя ўзросту, і маска, узрост якой роўны нулю, паводзіць сябе як дзіця, занадта бесцырымонна.
А праўда, гэтае дзіця ў цёмных акулярах, што адбівалася ў люстэрку ў вакзальным туалеце, можа, пад уплывам таго, што было схавана ў яго ў кішэні, трымалася задзірліва-агрэсіўна. I, шчыра кажучы, я не мог вырашыць, ці напляваць мне на гэтае дзіця без узросту, ці асцерагацца яго.
Ну, што ж рабіць?.. Аднак гэта «што рабіць» было не выкрыкам збянтэжанага чалавека, які апусціў рукі, а найхутчэй поўным цікаўнасці пытаннем. Ва ўсякім выпадку, у маскі гэта была першая самастойная прагулка, а ў мяне не было іншых планаў, апрача як вадзіць на шпацыр яе. Перш-наперш я хацеў прывучыць яе да людской атмасферы, але, падрыхтаваўшыся зусім няўмела, усё сапсаваў і мусіў, цешачы, весці яе за руку. Але пасля таго, што здарылася ў цацачным магазіне, гаспадар і госць памяняліся месцамі. Пра тое, каб весці яе за руку, не магло быць і гаворкі — ашаломлены, я быў здольны толькі на тое, каб слепа плесціся за гэтым сасмаглым духам, падобным на злачынцу, толькі што выпушчанага на волю.
Ну, што ж рабіць?.. Пакуль я лёгенька пагладжваў пальцамі бараду (можа, гэта была рэакцыя на бінт, якім абматаны быў раней мой твар), маска дэманстрацыйна прымала самы розны выгляд, як паляўнічы, які прагне ўдачы: гатоўнасць, пагарда, пытанне, прагнасць, выклік, увага, жаданне, упэўненасць, імкненне, цікаўнасць. Увогуле, усе выразы, кожны асобна і ў розных варыяцыях, якія толькі можна ўявіць у падобным выпадку, — яна вышуквала гэтыя выразы, нібыта сабака, што сарваўся з прывязі і ўцёк ад гаспадара. Гэта было адзнакаю таго, што маска пачала прывыкаць да рэакцыі людзей, і я не магу адмаўляцца, што ў нейкай ступені — хай дурыць другіх — адчуваў нават задавальненне.
Ды адначасна мяне ахапіла страшэнная трывога. Як бы яна ні адрознівалася ад майго праўдзівага твару, я — гэта я. Я не быў ні загіпнатызаваны, ні ап’янелы ад наркотыкаў, і за любое дзеянне маскі — нават за тое, што ў кішэні ў мяне схаваны духавы пісталет, — адказнасць павінна ляжаць на мне і ні на кім другім. Характар у маскі зусім не быў нечым накшталт трусіка, што выняў фокуснік з капелюша; ён быў часткаю мяне самога, якая паявілася не па маёй волі, а дзякуючы таму, што ахова майго праўдзівага твару шчытна засланіла ўсе ўваходы і выхады. Тэарэтычна разумеючы, што ўсё гэта іменна так, я не мог уявіць яе характару цалкам, нібыта страціў розум. Паспрабуй уявіць маю злосць, калі існуе толькі абстрактнае «я» і мне не па сіле ўдыхнуць у яго змест.