Я быў зусім расхваляваны і вырашыў непрыкметна націснуць на тармазы.
— Правал таго, трыццаць другога эксперыменту: ці доследы былі праведзены кепска, ці ў самой гіпотэзе была загана?
Я вырашыў узяць тэмаю гэта важнае для лабараторыі пытанне і паспрабаваць успомніць пазіцыю, што я заняў. Я выказаў гіпотэзу, што ў некаторых высокамалекулярных злучэннях існуе залежнасць, якая выражаецца з дапамогаю функцыі, паміж зменаю каэфіцыента пругкасці пад дзеяннем ціску і зменамі пад дзеяннем тэмпературы, і атрымаў вельмі абнадзейлівыя вынікі, але апошні, трыццаць другі эксперымент разбурыў усе мае надзеі, і я апынуўся ў вельмі цяжкім становішчы.
Аднак маска толькі злосна нахмурыла бровы. З аднаго боку, мне здалося, што гэта натуральна, а з другога боку, я пачуў укол самалюбнасці...
ПАМЕТКІ НА ПАЛЯХ. Шчыра кажучы, маска не болей чым сродак для майго выздараўлення. Уяві, што ты здала пакой, а ў цябе адабралі ўвесь дом — гэта ж не мае ніякіх адносін да самалюбнасці.
...I тады ў мяне стаў задзірысты выгляд.
— Што ж табе ўрэшце трэба? Варта мне захацець, і я здзяру цябе хоць цяпер!
Але маска спакойна, бесклапотна парыравала:
— Разумееш, я ж ніхто. Да гэтага часу мне давялося аддаць нямала сілы, каб быць некім, і цяпер я абавязкова скарыстаю гэты выпадак, я хачу адмовіцца ад няшчаснага лёсу зноў стаць некім. А ты сам? Хіба, шчыра кажучы, ты хочаш мяне зрабіць некім? Па-мойму, і не зможаш, дык давай пакінем усё як ёсць. Згодзен? Зірні! Дзень не выхадны, а такая штурханіна... Штурханіна ўзнікае не таму, што збіраюцца людзі, а людзі збіраюцца таму, што ўзнікае штурханіна. Я не хлушу. Студэнты, з прычоскаю нібыта ў хуліганаў; нявінныя жонкі, размаляваныя, нібыта актрысы, вядомыя сваёю распустаю; дзеўкі ў модных строях, быццам худыя манекены... Хай сабе гэта мімалётныя мары, але, жадаючы стаць нікім, яны ўліваюцца ў таўкатню. Ці ты, можа, збіраешся сцвярджаць, што толькі мы не такія?
Мне не было чаго адказаць. Адказу і быць не магло. Сцвярджала ж уся маска, а сцверджанні яна прыдумляла маёю галавою. (Ты, напэўна, смяешся? Не чакаць гэтага азначала б чакаць залішне многага. Горкі жарт, ад якога не засмяешся. Я быў бы задаволены, калі б ты прызнала, што ў маіх словах ёсць хоць крыху здаровага сэнсу, але...)
Я быў прыпёрты да сцяны, і гэта было прычынаю, што я перастаў працівіцца і вырашыў даць масцы поўную волю. I тады маска, хоць і была нікім, нечакана прыдумала разумны план, не меней смелы, як з пісталетам. Увогуле, пасля полудня паспрабую пайсці да нашага дома і зірнуць, як там усё глядзіцца. Не, не як глядзіцца наш дом, а як сам я гляджуся. Наколькі змагу я вытрымаць прызначанае на заўтра выпрабаванне як спакушальнік? — паспрабаваць хоць адным вокам зірнуць на наш дом. У глыбіні душы я яшчэ на нешта спадзяваўся, але выказаць гэтыя надзеі словамі ніяк не мог і з гатоўнасцю прыняў план, што прапанавала маска.
ПАСТСКРЫПТУМ. Не збіраюся зарабляць добрую адзнаку, але, думаецца, я быў залішне добры. Я нагадваў чалавека, які, прызнаючы геліяцэнтрычную тэорыю, прапаведуе геацэнтрычную. Не, я лічу, што дабрата — злачынства, і немалое. Варта падумаць, а да чаго яна можа прывесці, і праз усе поры з майго цела выпаўзаюць чэрві сораму. Калі мне сорамна перачытаць напісанае, уяві, у колькі разоў большы сорам я адчуваю, калі падумаю, што ты гэта чытаеш?
Я і сам добра ведаю, што геліяцэнтрычная тэорыя правільная, і тым не менш... Мусіць, я надаваў дужа вялікае значэнне сваёй адзіноце... Я ўявіў, што яна глыбейшая за адзіноту ўсяго чалавецтва.
Я каюся і клянуся, што выкіну без жалю з наступнага сшытка ўсе фразы, у якіх будзе хоць намёк на трагедыю.
ШЭРЫ СШЫТАК
Хоць прайшло толькі пяць дзён, як я ехаў гэтаю дарогаю на электрычцы, свежасць успрымання была такая, быццам мінула пяць гадоў. Ніякага дзіва. Мне дарога такая знаёмая, што я не заблудзіўся б і з заплюшчанымі вачыма, але ж масцы гэта была зусім новая дарога. Калі яна і прыпамінала гэтую дарогу, дык, мусіць, таму, што яшчэ да нараджэння, у чэраве бачыла яе ў сне.