Праўда... Нават у воблакаў, якія нагадваюць аброслыя белаю барадою рэшткі старажытнасці і якія бачыў я па дарозе праз акно з вагона, нават у іх ёсць успаміны... Маска ўсярэдзіне прамыта содаваю вадою, і на ёй успухаюць маленькія пухіркі... Я інстынктыўна правёў тыльным бокам рукі па сухім ілбе і адразу азірнуўся па баках — ці не заўважыў хто маю прамашку?.. Адлегласць паміж мною і другімі? Я магу дазволіць сабе далучацца да астатніх, не парушаючы натуральнае дыстанцыі. Раптам мне нястрымна захацелася зарагатаць. Узрушанасць, быццам трапіў на варожую тэрыторыю, змянілася ціхамірнасцю вяртання дахаты; дакоры сумлення, быццам зрабіў злачынства, змяніліся радасцю новай сустрэчы. Што захачу, тое і зраблю. Нібы дыстрофік, якому дазволілі нарэшце есці, я ў такт пагойдванню вагона стаў з усяе сілы цягнуцца, нібыта лаза, што выкідае вусы, да твайго белага лоба, да бледна-ружовага шрама ад апёку на запясці, да прожылкаў на костачках, якія нагадваюць нутро ракавіны.
Што, вельмі нечакана? Калі ты і падумала гэтак, ну што ж, нічога не зробіш. Калі ты і скажаш, што гэта трызненне ап’янелага ад маскі, у мяне няма падстаў адмаўляць гэта. Папраўдзе, у сваіх запісках я першы раз так пішу пра цябе. Але гэта зусім не таму, што я адмовіўся ад цябе, пакуль не кончыцца тэрмін, нібы грошы паклаў на тэрміновы ўклад. Правільней, мне здавалася, што я не маю на гэта права. Меркаваць пра тваё цела прывіду без твару яшчэ болей недарэчна, чым жабе меркаваць пра спевы птушак. Прычыню боль сабе, а потым, мусіць, і табе... Ну, а дзякуючы масцы праклён гэты зняты? Гэтае пытанне мне яшчэ цяжэйшае.
Але чым далей, тым настойлівей гэтая праблема будзе вымагаць вырашэння. Пачакаю — позна не будзе.
Ужо хлынула першая хваля людзей, якія кончылі работу, і электрычка была паўнюткая. Я крышку павярнуўся, і маладая жанчына ў зялёным паліце прыткнулася задам да майго сцягна. Я крышку яшчэ павярнуўся, каб яна не адчула, што ў мяне пісталет, і прыціснуўся да яе яшчэ мацней. Праўда, і жанчына не надта адхіналася, і я вырашыў астацца ў тым самым становішчы. З кожным штуршком вагона мы прыціскаліся ўсё мацней, але цяпер я не адхіляўся. Зад у жанчыны то цвярдзеў, то мякчэў, а яна старанна рабіла выгляд, што дрэмле. Пакуль я весела забаўляўся думкаю: што будзе, калі я кончыкам пісталета торкну ёй у зад, мы пад’ехалі да станцыі, на якой мне трэба было выходзіць. Выходзячы з вагона, я паглядзеў на жанчыну — прытворна-засяроджана яна вывучала шыльды каля платформы; ззаду, мяркуючы па прычосцы, яна не была падобная на маладую. Не, ніякага значэння для далейшых падзей гэты выпадак не меў. Мне захацелася расказаць пра яго толькі таму, што я падумаў: такога, напэўна, ніколі не здарылася б, калі б я не надзеў маскі.
ПАСТСКРЫПТУМ. Не, гэтай частцы маіх запісак не стае адкрытасці. І адкрытасці, і сумленнасці. Ці не паўплывала тое, што мне сорамна перад табою? З самага пачатку лепей бы я не чапаў гэтага. Калі б намякнуў я проста на эфектыўнасць маскі, мне не давялося б траціць дзесяць — дваццаць радкоў на падобныя эратычныя прызнанні. Таму я і сказаў, што не стае сумленнасці. Я не толькі не мог расказаць пра свае сапраўдныя намеры, але і непазбежна сутыкнуўся з гаркотаю неразумення, бо напалавіну ашукаў цябе.
У мяне няма намеру ператвараць сумленнасць у прадмет гандлю. Але калі ўжо я зачапіў гэта, што непазбежна павінен быў зачапіць, дык пастараюся, нічога не ўтойваючы, раскрыць сапраўдны свой намер. З пункта погляду ўсталяванай маралі гэта быў звычайны бессаромны ўчынак, у якім варта пакаяцца. Але калі лічыць яго дзеяннем, учыненым маскаю, дык, я думаю, ён можа паслужыць ключом да разумення маіх далейшых учынкаў. Шчыра кажучы, у тыя хвіліны я пачаў адчуваць юрлівасць. Тое, што адбылося, можа, яшчэ і нельга было назваць распустаю, але, ва ўсякім выпадку, гэта быў акт духоўнай мастурбацыі. Ну, а ці здраджваў я табе? Не, мне не хацелася б ужываць слова «здрада». Калі ўжо быць шчырым, дык я бясконца здраджваю табе з таго часу, як мой твар зрабіўся гнездзішчам п’явак. Апрача таго, я баяўся, што ты пачуеш агіду і не захочаш далей чытаць. Вось таму я не закранаў гэтага, але сама мала семдзесят працэнтаў маіх думак займаюць сексуальныя хімеры. У маіх учынках яны не выяўляліся, але патэнцыяльна я, па сутнасці, быў сексуальным маньякам.
Часта кажуць, што секс і смерць непарыўна звязаны між сабою, але праўдзівы сэнс гэтых слоў я зразумеў іменна тады. Да гэтага я даваў ім толькі павярхоўнае тлумачэнне ў тым сэнсе, што завяршэнне полавага акта даводзіць да такога забыцця, што можа нават выклікаць думку пра смерць. Але варта было мне страціць твар і ператварыцца ў жывога пахаванага, як я ўпершыню ўбачыў у іх зусім рэальны сэнс. Таксама як дрэвы канчаюць пладаносіць да прыходу зімы, як трысцё дае насенне, перад тым як засохнуць, секс не што іншае, як барацьба чалавека са смерцю. Таму ці не будзе правільна сказаць, што эратычная ўзбуджанасць, якая не мае пэўнага аб’екта, — гэта прага чалавечага адраджэння, якую зазнае кожная асоба, што стаіць на парозе смерці. Доказ — усе салдаты схільныя да эратызму. Калі сярод жыхароў горада расце колькасць эратаманаў, дык гэты горад, a можа, і ўся краіна цалкам павінны быць гатовыя да мноства смерцяў. Калі чалавек забываецца пра смерць, полавая цяга ўпершыню ператвараецца ў каханне, накіраванае на пэўны аб’ект, і тады забяспечана трывалае ўзнаўленне роду чалавечага.