Паводзіны маскі ў электрычцы тлумачыліся тым, што і я і жанчына былі вельмі адзінокія, але, зыходзячы з мае класіфікацыі, маска, відаць, перажывала пераходную стадыю ад эратызму да кахання — стан эратычнага кахання. Хоць маска яшчэ не ажыла канчаткова, але, ва ўсякім выпадку, яна пачала жыць. У гэтых умовах дзе ўжо ёй было здрадзіць табе — у яе і магчымасці на здраду не было. Паводле праграмы, што я выпрацаваў, маска магла зажыць поўным жыццём толькі пасля сустрэчы з табою.
Вывад з гэтага дадатку можна, відаць, зрабіць такі. Дзякуючы масцы, мне ўдалося пазбегнуць найвялікшай узбуджанасці, якую перажываюць сексуальныя маньякі, але я, як і дагэтуль, аставаўся напалову эратаманам; аднак не эратызм прывёў мяне да цябе. Я нават веру, што ён паслужыў стымулам для вызвалення. I дзеля гэтага я павінен быў любым спосабам прымусіць цябе палюбіць маю маску.
«Гаворка ідзе пра выхаванне маскі, і сама лепей прымусіць яе адчуць усё на сабе», — думаў я, калі мачыўся ў вакзальным туалеце. Я вырашыў абмінаць шумныя гандлёвыя вуліцы і ісці завулкамі. Мне не хацелася неспадзявана сустрэць цябе каля рыбнага магазіна. Я яшчэ не быў упэўнены, што змагу перанесці нечаканасць, дый, апрача таго, хацелася, каб першая сустрэча між табою і маскаю адбылася паводле плана, які склаў я на самым пачатку. У мяне было адчуванне, быццам сеў я на мель. Без ніякай прычыны ногі сталі заплятацца, і я ледзь не спатыкнуўся на роўным месцы. Дыхаючы ротам, як сабака, каб астудзіць гарачае паветра, што сабралася пад маскаю і апякала твар, я паўтараў і паўтараў, нібы закляцце: «Разумееш, я ж тут першы раз. I тое, што я бачу, і тое, што чую, — усё мне новае. I дамы, якія трапяцца потым мне на вочы, і людзі, з якімі я, можа, сустрэнуся, — усіх я іх убачу ўпершыню. Калі ж нешта і супадзе з маімі ўспамінамі, дык гэта будзе ці памылка, ці выпадковасць, ці прывід, які з’явіўся ў сне. Дый гэтая зламаная накрыўка ў люку. I напалову афарбаваны сігнальны паліцэйскі ліхтар. I гэты вугал, дзе круглы год стаіць брудная вада з перапоўненай сцёкавай канавы. I велізарныя вязы, якія тырчаць уздоўж вуліцы. Потым... Потым...»
Потым, быццам выплёўваючы пясчынкі з рота, я пастараўся выгнаць адно за адным з памяці колеры і вобразы, але нешта ўсё роўна асталося, і я не мог ад гэтага збавіцца. Гэта была ты. Я набраўся смеласці і сказаў масцы: «Ты зусім чужая. Заўтрашняя сустрэча будзе самая першая сустрэча з ёю, ты ніколі яе не бачыла, не чула пра яе. А свае ўражанні — выкінь іх найхутчэй куды-небудзь!» Калі навакольны пейзаж расплываўся і выветрываўся з памяці, твой вобраз, толькі ён, наадварот, усплываў усё выразней, і я не меў сілы працівіцца гэтаму.
Урэшце я — і маска, безумоўна, таксама, — паставіўшы ў цэнтр твой вобраз, быццам матылёк, якога вабіць святло, ледзь не дакранаючыся да нашага дома, стаў прагна кружыцца па няправільным чатырохвугольніку.
Суседкі з кашолкамі ў руках, размінаючыся са мною, не звярталі на мяне ніякай увагі — нейкі незнаёмы; дзеці — дзеці, яны, забыўшыся на ўсё, гулялі, стараючыся не ўпусціць кароткіх хвілін, што засталіся да вячэры. Увогуле, не было чаго трывожыцца, што мяне пазнаюць. Калі я пяты ці шосты раз падышоў да дома, ужо загарэліся вулічныя ліхтары, пачало хутка змяркацца. Я стаў прыглядацца, замарудзіўшы хаду настолькі, каб не выклікаць падазрэнняў, і дазнаўся, што ты дома: з нябачнага акна падала ў двор мяккае святло. Святло з гасцёўні. Няўжо і адной сабе ты акуратна ставіш усё на стол?
Я раптам адчуў нешта падобнае на рэўнасць да гэтага святла з гасцёўні. I не да нечага канкрэтнага — быццам там нейкі госць і ён захапіў маё месца. Я, здавалася, раўнаваў да самога факта, што там звычайная нязменная гасцёўня і з надыходам цемры ў ёй запалена лямпа. Цяпер я, чакаючы вячэры, чытаў бы пад гэтым святлом вячэрні выпуск газеты, а замест гэтага, схаваўшы свой твар пад маскаю, мушу туляцца пад акном. Гэта так несправядліва, так цяжка вытрываць гэта. Спакойнае святло з гасцёўні, ані не пацямнелае ад таго, што мяне там няма... Гэтаксама, напэўна, як і ты...