Выбрать главу

I маска, якая дагэтуль цешыла мяне і на якую я так спадзяваўся, здалася мне ненадзейнаю, пабляклаю. I задуманы мною грандыёзны спектакль, у якім я, надзеўшы маску, павінен быў з бляскам выканаць ролю другога чалавека, аказаўся напраўду толькі спектаклем, бляклым і слабым перад няўмольнаю штодзённасцю: змяркаецца, выключальнік павернуты — і святло залівае гасцёўню. У тое імгненне, калі маска сустрэнецца з тваёю ўсмешкаю, яна адразу растане, быццам увесну снег.

Каб збавіцца ад адчування паражэння, я вырашыў дазволіць масцы пафантазіраваць. Мары, яшчэ не сфарміраваныя, як і сама маска, а можа, і не мары, а проста хімеры пра штодзённасць, якая вылезла з свае шкарлупіны, — пра гэта я прамаўчу. I, заплюшчыўшы на ўсё вочы, я зноў стаў з дзелавітым выглядам кружыцца па няправільным чатырохвугольніку, што агінае дом.

Але фантазіі не падбадзёрылі маску, наадварот, яны толькі паказалі, якая неадольная і каварная бездань між мною і ёю.

Вызваліўшыся ад путаў, маска найперш без сораму пакіруецца да нашага дома. I я апынуся ў ролі зводніка. Варотцы з адарванаю завесаю. Сцежка, высыпаная жвірам, забітая гразёю і таму ціхая. Уваходныя дзверы ў лішаях аблупленай фарбы. Збуцвелы вадасцёкавы жолаб валяецца каля ганка... А які табе клопат, гэта чужы дом! Націснуўшы кнопку званка і адступіўшыся на крок, каб супакоіць дыханне, я буду прыслухоўвацца да таго, што ты робіш. Хада набліжаецца, запальваецца святло над ганкам, чуваць твой голас: «Хто там?»

Не, як бы падрабязна ні стараўся я расказаць пра ўсё, гэта нічога не дасць. I не трэба, ды, найперш, і немагчыма. Наадварот, ці не здасца дзівам, калі я ўсімі праўдамі і няпраўдамі ператвару ў звязны тэкст свае абрывачныя мары, падобныя да нядбайных радкоў на грыфельнай дошцы, з якое сцёрта напісанае і зноў напісана па сцёртым невядома калі, невядома ў якім парадку, — можа, нават лепей параўнаць гэтыя радкі з крамзолямі ў грамадскай прыбіральні? Я хачу выбраць толькі дзве-тры сцэны, абмежаваўшыся самым неабходным, каб ты зразумела, які ўдар мне быў ад гэтай фантазіі.

Першая — гэта жаласная сцэна пасля таго, як я пачуў твой голас, падобны на шэпт. Я імгненна ўсунуў нагу ў шчыліну між вушаком і апасліва прачыненымі дзвярыма, з сілаю рвануў іх і прыставіў пісталет да твайго твару, напалоханага, быццам ты раптам захліпнулася ад ветру. Уяві сабе маю збянтэжанасць. Hi грама сімпатыі. Мяне часта раздражняў твой спакой — гэта праўда, але ўсё роўна не было ніякай патрэбы выстаўляцца бандытам з кінафільма. Калі ўжо я спакушальнік, дык няўжо не мог прыдумаць якога-небудзь ходу, што найболей падыходзіў бы спакушальніку? Урэшце, падыходзіла любая хлусня, бо ўсё гэта адбывалася ў маёй фантазіі, ну, напрыклад, што я аднакашнік твайго мужа і зайшоў па даўняй дружбе — хацелася паказацца іменна гэтак. Увогуле, ніякага спакусніка з мяне не выйшла. Ці не быў я помснікам? А можа, у маёй масцы з самага пачатку была схавана прага помсты? Напраўду, я адчуваў нянавісць, быў настроены агрэсіўна, выяўлялася, натуральна, і пачуццё помсты — і ўсё гэта было накіравана супраць пераканання людзей, якія імкнуліся адабраць у мяне разам з тварам і грамадзянскія правы. А ў адносінах да цябе?.. He ведаю... Думаю, гэтага не павінна было быць, але не ведаю... Шаленства, што ахапіла мяне, зусім паралізавала розум, адабрала здольнасць разважаць.

Гэта была рэўнасць. Нешта падобнае да рэўнасці, заснаванай на фантазіі, я ўжо зведваў шмат разоў, але цяпер было іншае. Вострыя пажадлівыя дрыжыкі, якім не адразу прыдумаеш назву. Не, мабыць, правільней сказаць «перыстальтыка». Абручы болю праз роўныя прамежкі часу адзін за адным падымаліся ад ног да галавы. Ты найлепей зразумееш, што гэта такое, калі ўявіш рух лапак сараканожкі. Я напраўду лічу, што рэўнасць— гэта жывёльнае пачуццё, якое можа лёгка штурхнуць нават на забойства. Ёсць два погляды на рэўнасць: што яна з’яўляецца спараджэннем культуры і што яна з’яўляецца першабытным інстынктам, якім валодаюць і дзікія жывёлы. Мяркуючы па тым, што здарылася тады са мною, правільнае, думаецца, другое.

Але да чаго ж нарэшце павінен быў я гэтак раўнаваць? Прычына зноў такая недарэчная, што я проста не адважваюся пра яе пісаць. Я раўнаваў да маскі, да таго, што яна будзе чапаць рукамі тваё цела... Да таго, што ты рашуча не адкінеш гэтай рукі. Не будзеш супраціўляцца да канца, нават з рызыкаю для жыцця. Вось што выклікала маю рэўнасць, і кроў стукала ў скроні, і перад вачыма плылі кругі. Смешная гісторыя, калі падумаць. Бо ўсе твае дзеянні існавалі пакуль толькі ў маёй фантазіі, былі выдумкаю самой маскі, — значыць, я сам стварыў прычыну для рэўнасці і сам раўную да выніку.