Выбрать главу

Калі я так добра разумеў усё, дык павінен быў неадкладна спыніць фантазіі ці загадаць масцы пачаць усё нанава, але... Чамусьці я не рабіў гэтага. I не толькі не рабіў, але, нібыта сумуючы па рэўнасці, наадварот, можна сказаць, нацкоўваў, падбухторваў маску. Не, тут быў, мусіць, не сум, а тая самая помста. Я трапіў у нейкае заганнае кола — увесь час падліваў масла ў агонь: пакуты рэўнасці прымушалі мяне штурхаць маску на гвалт, а гвалт яшчэ больш распальваў рэўнасць. А калі гэтак, дык і тая самая першая сцэна была маім асабістым, прыхаваным жаданнем. Значыць, існуюць, відаць, праблемы, якім я павінен смела паглядзець проста ў вочы, не звальваючы ўсё толькі на маску. Добра, ну а што, калі... Дапушчэнне не асабліва прыемнае, але... Калі я яшчэ да таго, як страціў твар... Яшчэ з таго часу, як жыў сямейным жыццём, як усе людзі... Сам употайкі вырошчваў парасткі рэўнасці, раўнаваў цябе? Можа быць. Сумнае адкрыццё. Толькі я позна спахапіўся...

Занадта позна. Маска, якая павінна была стаць пасрэднікам між намі, аказалася бессаромным тыпам. Ведама, нічога не змянілася б, калі б яна была ласкавым спакуснікам. Наадварот, паявілася б нават магчымасць пакутаваць ад злаякаснай рэўнасці, якая не мае выйсця. I ў выніку адна з многіх сцэн гвалту, вельмі падобных між сабою.

Твой страх выліўся ў мяне ў пажадлівыя канвульсіі, чаго я і сам не чакаў. He, даволі... Хай сабе гэта спектакль, створаны дзеля пратэсту супраць штодзённасці, але тое, што здарылася, выходзіць за межы дапушчальнага. Калі ўсё гэта сон, дык хацелася б, каб ён быў убраны ў прыгожыя строі алегорый, а тут фантазіі, якім не стае палёту, фантазіі, падобныя на нявыдуманае апавяданне. Даволі банальнасцяў!

Апошняя сцэна. Якая б банальная яна ні была, я не збіраюся прыкідвацца, што нічога не здарылася. Справа ў тым, што сцэна была не проста банальная, але і сваёй агіднасцю магла служыць апагеем, і адначасна яна стала пераломным момантам, які акрэсліў мае далейшыя ўчынкі. Наставіўшы на цябе пісталет, я пачаў вырываць у цябе прызнанне: «Ты тут без мяне займалася ананізмам, га? Не ўтойвай, нічога не выйдзе. Ведаю, што займалася». З незвычайнаю напорыстасцю, паволі, але неадступна я гнаўся за табою. Няма ўжо сілы трываць. Прыйшла пара пакласці канец гэтым брудным, дзікім думкам. Як прымусіць цябе паплаціцца? Самы лепшы, адзіны спосаб — я быў цвёрда перакананы — сарваць маску ў той самы момант, калі ты разявіш рот, каб мне адказаць.

Але хто павінен паплаціцца? Маска? Я? Ці, можа, ты?.. Пра гэта, напэўна, я добра не падумаў. Ведама, не падумаў. Але я хацеў, каб паплаціўся не хто-небудзь з нас, а само паняцце «твар», якое загнала мяне ў такое становішча.

Я пачаў адчуваць невыносную спустошанасць ад таго, што паміж мною і маскаю ўтварылася такая бездань. Можа, я ўжо прадчуваў насоўванне катастрофы? Хоць маска, як відаць з самой гэтай назвы, была толькі фальшывым тварам і ніяк не павінна была ўплываць на маю асобу, але варта было ёй паявіцца перад тваімі вачыма, як яна адлятала так далёка, што да яе ўжо нельга было дацягнуцца рукою, і, зусім разгубіўшыся, я праводзіў яе бездапаможным паглядам. Так, насуперак маім планам, якія спарадзілі маску, я мусіў быў прызнаць перамогу твару. Каб я зліўся ў адну асобу, трэба было, сарваўшы маску, спыніць саму камедыю масак.

Між іншым, як і трэба было чакаць, маска таксама не асабліва ўпарцілася. Як толькі яна пераканалася ў маёй рашучасці, адразу з горкаю ўсмешкаю падціснула хвост і спыніла свае фантазіі. Я таксама перастаў ёй дакучаць. Колькі б ні настройваў сябе супраць фантазій, я не збіраўся адмовіцца ад сваіх заўтрашніх планаў, і, значыць, мы з маскаю былі саўдзельнікамі злачынства, вобразна кажучы, абое рабое... Не, было б няправільна называць нас саўдзельнікамі. Не трэба апускацца да такога самазнішчэння. Ва ўсякім выпадку, у заўтрашнія планы не ўваходзіла пагражаць пісталетам. Сексуальныя матывы былі, ведама, але яны проста не маглі мець нічога агульнага з тою бессаромнасцю. Здацца распуснікам выпадковай, абстрактнай спадарожніцы ў электрычцы — яшчэ хай сабе, але стаць такім перад роднаю жонкаю — каму гэтага захочацца?

Калі я апошні раз ішоў паўз дом і праз плот зазірнуў у акно ў гасцёўню, дык убачыў многа бінту, які стужкамі звісаў са столі, быццам белая марская капуста. Чакаючы, што я паслязаўтра вярнуся з камандзіроўкі, ты вымыла стары бінт, якім я абмотваў твар. У тую хвіліну мне здалося, што сэрца прарвала дыяфрагму і правалілася ўніз. Я ўсё яшчэ любіў цябе. Можа, паводзіў сябе не гэтак, як трэба, але любіў, як і некалі. I самае трагічнае тое, што сцвердзіць сваю любоў я мог толькі такім спосабам. Нібыта дзіця, якога не пусцілі на экскурсію, — яму астаецца толькі раўнаваць да гістарычных мясцін і да рэшткаў старажытнасці.