Выбрать главу

ПАСТСКРЫПТУМ НА АСОБНЫХ ЛІСТАХ, УКЛАДЗЕНЫХ У СШЫТАК. Можа, табе здасца сумным, але я хачу яшчэ раз паспрабаваць разабрацца ў бессаромных фантазіях маскі. Бачыш, калі я гляджу на тыя падзеі сённяшнімі вачыма, дык адчуваю, што ва ўсіх маніпуляцыях вакол фантазіі таіўся пэўны сэнс, які не ўдавалася мне ўлавіць, кажучы моваю дэтэктыва — ключ, які даў бы магчымасць паказаць злачынца, ці адзнака таго, што інцыдэнт вычарпаны, — усё трымалася ў іх.

Я збіраюся пасля расказаць пра канец, як пра канец. Спадзяюся, не пазней як праз тры дні, лічачы з таго моманту, як пішу гэта цяпер, паказаць табе свае запісы, а тыя тры дні, што я называю, — проста прыблізны час, патрэбны, каб усё скончыць. Таму, калі б я ставіў мэту проста расказаць пра канец, я, не робячы гэтых дадаткаў, абмежаваўся б тым, што ўключыў бы гэта ў апошнюю частку запісак. Для іх стройнасці такі шлях самы правільны — супраць гэтага нічога не скажаш. Але мэта ў мяне зусім другая. Я хацеў зрабіць хоць невялікія папраўкі да паняцця «эратычны», якім збіраўся ўсё растлумачыць, а замест гэтага апынуўся, як кажуць, з гіраю, прыкаванаю да нагі... а можа, папраўкі да сцверджання, што паміж мною і маскаю ёсць вялікая розніца. Раз я ўжо прызнаў сваю віну, дык, напэўна, мне можна было б даць магчымасць апраўдацца, калі, ведама, я не буду перакручваць фактаў.

У той дзень я вывеў маску з дому з лёгкім сэрцам, быццам выпусціў пагуляць любімае дзіця. Я заразіўся дураслівасцю сабачаняці, упершыню спушчанага з павадка, — у мяне паявіўся вясёлы, жыццярадасны настрой. Але з-за рэўнасці, якая невядома адкуль узялася, я і маска апынуліся ў такім становішчы, што за цябе нам давялося схапіцца ўрукапашную. Гэтая рэўнасць прымусіла мяне зноў успомніць пра каханне і адданасць табе... Таму планы, адкладзеныя на другі дзень, вымагалі неадкладнага ажыццяўлення. I хочаш не хочаш, мне давялося прапанаваць масцы часовае перамір’е.

Безумоўна, глыбока ўсярэдзіне, быццам калючка, нешта засела. Электрычка, што ішла ў горад, была пустая, і на якое б месца я ні сеў, шыбы, ператварыўшыся ў чорныя люстэркі, адбівалі маю маску. Дзіўны тып — аброслы, манерна адзеты, у цёмных акулярах, хоць ужо вечар. Урэшце я паставіў яму ультыматум: ці ён дабром згаджаецца на перамір’е, ці я зрываю маску. Дый трэба дадаць да ўсяго, што гэты тып хаваў у кішэні пісталет. Колькі ў ім вераломства! Мне нават здалося, што маска, здзекліва ўсміхаючыся, сказала:

— Хопіць бурчаць — я табе непазбежнае зло. Калі думаеш адмовіцца ад мяне, лепей было б з самага пачатку нічога не выдумляць. А калі ўзяўся — маўчы. Хочаш што-небудзь атрымаць — будзь гатовы заплаціць за гэта...

Прачыніў акно. Уварваўся тугі, востры, як лязо, струмень начнога паветра. Ён асвяжыў толькі патыліцу і далоні і замёр імгненна перад «непазбежным злом», нават не дакрануўшыся да гарачых шчок. Псіхалагічна я пакутаваў ад таго, што маска не стварае са мною адзінага цэлага, але фізіялагічна мне была непрыемна, што яна вельмі шчытна прылягае. Мой стан нагадваў, мабыць, стан чалавека, якому ўставілі штучныя зубы.

Але — я таксама, не саступаючы, стараюся апраўдаць сябе, — паколькі з грэхам папалам выконвалася пагадненне пра перамір’е, мне неяк удалося б дамагчыся галоўнай свае мэты — аднавіць сцяжынку між намі, калі б толькі я змірыўся з некаторымі перашкодамі (напрыклад, з рэўнасцю). Але хіба мог бы я мець да свае жонкі такую бессаромную цікаўнасць? Адваротна прапарцыянальна маім адносінам да маскі я — ажно дзіва — станавіўся ўсё болей падатлівы ў адносінах да цябе.

Але ці праўда гэта? Які вынік — ты ўжо ведаеш, так што не буду паўтарацца... Пытанне не толькі ў выніку... Якія ж ёсць падставы толькі да мяне ставіцца так надумана?

Эратычны акт можна, мабыць, залічыць да сексуальнае сферы абстрактных чалавечых адносін. Калі абмежавацца надта далёкімі, абстрактнымі адносінамі, якія нават розум не можа ахапіць, другі чалавек немінуча ператвараецца ў абстрактнага антыпода — ворага, а сексуальнае супрацьпастаўленне становіцца эратычным актам. Паколькі, напрыклад, існуе абстрактная жанчына, абавязковы, непазбежны эратызм мужчыны. Эратызм ні ў якім выпадку не можа быць ворагам жанчыны, як звычайна думаюць, наадварот: якраз жанчына — вораг эратызму. Такім чынам, лагічна, відаць, меркаваць, што эратычнае існаванне не ёсць ненармальная сексуальнасць, а, наадварот, тыповая форма цяперашняга сексуальнага жыцця.