Як бы там ні было, мы жывём у такі час, калі стала немагчыма, як некалі, правесці дакладную мяжу паміж блізкім і ворагам, якую пазнаваў бы кожны. У электрычцы цясней, чым твае блізкія, цябе шчытна аблепліваюць незлічоныя ворагі. Ёсць ворагі, якія пранікаюць у хату, ператварыўшыся ў пісьмы, ёсць ворагі — ад іх няма ратунку, — якія, ператварыўшыся ў хвалі, прасочваюцца ў кожную клетку. У гэтых умовах варожае акружэнне стала звычайнае — мы прывыклі да яго, і існаванне блізкага гэтаксама мала прыкметнае, як іголка, згубленая ў пустыні. Тады і нарадзілася выратавальная ідэя: «Зробім чужых людзей сваімі блізкімі», але ці можна ўявіць, што знойдзецца велізарнае сховішча, якое зможа змясціць людзей, адзінкаю падліку якіх служыць мільярд. Можа, для поспеху ў жыцці карысна адмовіцца ад высокіх памкненняў, якія табе не пад сілу, і добрасардэчна змірыцца з тым, што ўсе навокал цябе людзі — ворагі. Ці не спакайней як найхутчэй выпрацаваць імунітэт супраць адзіноты?
I няма ніякай гарантыі, што чалавек, атручаны адзінотаю, не будзе эратычны ў адносінах да сваіх блізкіх і, ва ўсякім выпадку, да жонкі. Выпадак са мною — не выключэнне. Калі ў дзеяннях маскі бачыць пэўнае абстрагаванне чалавечых адносін, — можа, я з-за гэтага самага абстрагавання і прадаўся тым фантазіям, — дык мне (а я імкнуўся выйсці з недарэчнага становішча) не аставалася нічога больш, як заткнуць рот і маўчаць. Напраўду, колькі б я ні пералічваў здзейсненыя мною добрыя справы, сам факт, што я прыдумаў падобны план, ужо даволі красамоўна гаварыў пра мае эратычныя хімеры.
Значыць, план стварэння маскі з’явіўся не вынікам майго асаблівага жадання, а выяўленнем самае звычайнае патрэбы абстрагаванага сучаснага чалавека. На першы погляд здавалася, што я пацярпеў паражэнне ад маскі, але на самай справе нічога падобнага на паражэнне не было.
Пачакай! Дык жа не толькі план стварэння маскі не быў нечым асаблівым. Праўда? Сам мой лёс — страта твару, якая прымусіла шукаць дапамогі ў гэтае маскі, — зусім не з’яўляецца нейкім утрапеннем — гэта, найхутчэй, агульны лёс сучасных людзей. Хіба няпраўда? Невялікае, ведама, адкрыццё. Мой адчай тлумачыўся не так стратаю твару, як тым, што мой лёс не мае нічога агульнага з лёсамі іншых людзей. Я не мог заглушыць у сабе пачуцця зайздрасці нават хвораму на рак, бо ён падзяляе свой лёс з іншымі людзьмі. Калі б не гэта... Калі б толькі яма, у якую я праваліўся, была не калодзежам, якога выпадкова не зачынілі, а турэмнаю камераю, пра існаванне якое ўсе людзі добра ведалі! Гэта таксама не магло не кінуць мяне ў адчай. Ты павінна зразумець, што я хачу сказаць. Пачуццё адзінокага адчаю, калі хлопец, у якога пачынае ламацца голас, ці дзяўчына, у якой пачынаюцца менструацыі, зазнаюць спакусу мастурбацыі, думаюць, што спакуса гэтая — незвычайная хвароба, і хворыя на яе толькі яны адны... Ці пачуццё ганебнага адчаю, калі дзіцячая маленькая кража (шарык з мазаікі, ці кавалачак гумкі, ці агрызак алоўка) — адзёр, на які кожны павінен перахварэць, — успрымаецца як страшнае злачынства, якое зрабіў толькі ты адзін... На няшчасце, калі падобная недасведчанасць будзе доўжыцца да пэўнага часу, паявяцца сімптомы атручэння, і такія людзі могуць ператварыцца ў сапраўдных сексуальных злачынцаў, у звычайных зладзеяў. I як бы яны ні пільнаваліся, каб не трапіць у пастку, як бы ні стараліся найглыбей зразумець, што робяць злачынства, гэта не дасць ніякіх вынікаў. Куды болей эфектыўная мера — вырвацца з адзіноты, дазнаўшыся, што нехта зрабіў такое самае злачынства, што ў цябе ёсць супольнік.
Можа, пачуццё блізкасці да незнаёмых людзей — кожнага хацелася абняць, — якое зведаў я пазней, калі выйшаў з дому і напіўся гарэлкі, да якое не прывык, і ап’янеў (пра гэты выпадак я напішу пасля, тут мне не хочацца паўтарацца), можа, гэтае пачуццё ўзнікла таму, што ў мяне цеплілася кволая надзея знайсці сярод іх каго-небудзь, хто, як і я, страціў бы твар. Ведама, гэта не значыць, што я адчуваў блізкасць да блізкіх, — проста я падзяляў з імі пачуццё адзіноты, якое спараджаюць абстрактныя адносіны, якія ўзнікаюць ад таго, што ўсе навокал — ворагі. Вось таму і не трэба было спадзявацца, што людзі, нібыта персанажы з якога-небудзь рамана, з шчымліваю радасцю будуць скакаць па шэрай электрычнай коўдры добрых намераў...
Але мне было жахлівым адкрыццё, што за бетоннымі сценамі, як вязні, сядзяць людзі такога самага лёсу. Калі прыслухацца, добра чутны стогны з суседніх камер. Калі надыходзіць ноч, як чорныя навальнічныя хмары, закіпаюць уздыхі, мармытанне, усхліпы — уся турма поўніцца праклёнамі.