Маска ўсё таўсцела і таўсцела. Урэшце яна ператварылася ў крэпасць, якая абступала мяне бетонам, і, закаваны ў гэтыя бетонныя даспехі, я выбраўся на начную вуліцу, адчуваючы сябе, як цяжка экіпіраваны паляўнічы. Праз амбразуры вуліцы здаваліся прыстанішчам бяздомных кошак-пачвар. Яны бадзяліся, збіраліся ў чароды, недаверліва прынюхваліся, спрабуючы знайсці свае адарваныя хвасты, вушы, лапы. Я схаваўся за маску, якая не мела ні імя, ні грамадскага становішча, ні пражытых гадоў, і, горды ад перамогі, даверыўся бяспецы, якую сам сабе гарантаваў. Калі іх свабода — гэта свабода матавага шкла, дык мая — свабода выключна празрыстага шкла. Імгненна закіпела жаданне: неадольна захацелася неадкладна пакарыстацца гэтаю свабодаю. Напраўду, мэта жыцця, мабыць, — трата свабоды. Чалавек часта робіць так, быццам мэта жыцця — назапасіць свабоды, але ці не ёсць гэта ілюзія, якая вынікае з хранічнай нястачы свабоды? Якраз таму, што людзі ставяць перад сабою такую мэту, яны пачынаюць разважаць пра канец сусвету, і адно з двух: або ператвараюцца ў скнараў, або становяцца рэлігійнымі фанатыкамі... Гэта праўда, нават заўтрашні план сам па сабе не можа быць мэтаю. Спакусіўшы цябе, я хачу тым самым пашырыць сферу дзеяння майго пашпарта, і, такім чынам, план трэба разглядаць як нейкі сродак. Ва ўсякім выпадку, важна, што я зраблю ц я п е р. Цяпер трэба, не шкадуючы, выкарыстаць усе магчымасці маскі да апошняй.
ПАСТСКРЫПТУМ. Усё гэта, безумоўна, сафізмы, насычаныя алкаголем. Я толькі што даверыў табе сваё каханне, і пакуль словы гэтыя яшчэ гучаць, я не павінен навязваць табе сваіх нахабных доказаў, якія бессаромна апраўдваюць нашу патаемную сувязь. Я не павінен навязваць іх і самому сабе. I таму што не павінен, дык падрыхтаваў развітальны зварот да маскі. Але вось што мяне крыху трывожыць: я не магу адкараскацца ад думкі, што нават цвярозы карыстаўся тымі самымі доказамі, бо лічыў, што яны зусім натуральныя...
«Мэта — не вынік даследавання; працэс даследавання — вось што мэта». Напраўду, гэта словы, якія як нешта само па сабе зразумелае скажа любы даследчык.
Хоць на першы погляд здаецца, быццам яны ані не звязаны з тым, што я сцвярджаў, але калі ўдумацца, дык яны гавораць пра тое самае. Працэс даследавання, у канчатковым выніку, не што іншае, як трата свабоды ў адносінах да матэрыі. У процівагу гэтаму вынік даследавання, адлюстраваны ў каштоўнасцях, спрыяе назапашванню свабоды. У гэтых словах трэба разумець, відаць, перасцярогу ад тэндэнцыі блытаць мэту і сродкі, надаваць дужа вялікае значэнне выніку. Я лічыў, што гэта самая цвярозая логіка, але калі супаставіць усё, дык ці не здадуцца мае высновы слова ў слова сафізмамі падпітае маскі! Многае мяне не задавальняла. Можа, імкнучыся адмовіцца ад маскі, я на самай справе пакідаў яе на запас? А можа, свабода падобная на моцнае лякарства: у малых дозах — лечыць, калі дозу павялічыць — дзейнічае адмоўна. Хачу папытацца пра тваю думку. Калі я што б там ні было павінен падпарадкоўвацца патрабаванням маскі, тады мая тэорыя, што маска — турма, пра што я так цяжка і доўга пісаў, ды што там тэорыя, усе мае запіскі — прадукт памылковых уяўленняў. У мяне нават у думках няма, што ты згодзішся з маімі разважаннямі, пакліканымі апраўдаць нашу патаемную сувязь.
Дык вось, што ж рабіць з маёю празмернаю свабодаю?..
Калі б хто-небудзь спакойна прыгледзеўся да маіх сквапных паводзін, ён, напэўна, ад іх спахмурнеў бы. Але, дзякуй, маска была нікім, і таму, як бы пра яе ні думалі, не адчувала ніякага болю. Такое зручнае гэта пачуццё вызвалення, якога не трэба саромецца, перад якім не трэба апраўдвацца. Вызваленне ад сумлення з галавою акунула мяне ў музыку, якая кіпела пенаю.