ПАМЕТКІ НА ПАЛЯХ. Ага, трэба спецыяльна напісаць пра тое, як я ўспрымаў гэтую музыку. Неонавая рэклама, ілюмінацыя, зарыва агнёў у начным небе, жаночыя ножкі ў панчохах, — то павялічваюцца, то памяншаюцца, — запушчаны сад, кашэчы труп у памыйнай яме, засліненыя акуркі і гэтак далей, і гэтак далей, усяго не пералічыш, — кожны з гэтых вобразаў ператварыўся ў пэўную ноту, загучаў, стварыў музыку. З-за аднае гэтае музыкі хацелася верыць, што рэальна існуе час, які цешыў мяне загадзя...
ПАСТСКРЫПТУМ. Згаданыя «паметкі на палях», зразумела, пісаліся перад папярэднім «пастскрыптумам», адразу пасля асноўнага тэксту. Мне цяпер цяжка ўспомніць, дзе гучала гэтая музыка. Але і няма ўпэўненасці, каб можна было выкрасліць гэтыя паметкі, і я вырашыў пакінуць іх.
Хоць алібі маскі было поўнае, а свабода, якую яна абяцала, — невычэрпная, задавальняцца свабодаю, патрэбнаю толькі на тое, каб задавальняць свае жаданні, нібыта чалавек, які не меў ні капейкі і раптам атрымаў кучу грошай і не ведае, што з імі рабіць, — ці гэта не агідна? Ты зусім нядаўна пераканалася ў гэтым. Ап’яненне ад гарэлкі ўзмацнілася ап’яненнем ад пачуцця свабоды, усё маё цела ўкрылася буграмі жаданняў, я стаў падобны на старое дрэва з нарастамі. У дадатак да ўсяго, свабоду, што была цяпер у мяне ў руках, за якую заплаціў я гадамі, становішчам, працаю, можна было параўнаць з маёю колішняю свабодаю, як крывавае сырое мяса з сухім словам «мяса». Толькі глядзець і маўчаць — нічога мне гэта не дасць. Мая маска не задаволілася — яна шырока, як рот у марскога чорта, разявілася і стала драпежна чакаць здабычы.
Але, на жаль, я не ведаў, на якую здабычу варта было траціць свабоду. Можа, дужа доўга мяне прывучалі і прывучылі нарэшце эканоміць свабоду. Жаданні мае былі мізэрныя, але ўсё роўна цела было ўкрыта імі, быццам гнайнікамі, а я, як гэта ні смешна, павінен быў з дапамогаю лагічных вылічэнняў займацца калькуляцыяй сваіх жаданняў.
Я не мог пахваліцца якімі-небудзь асабліва незвычайнымі жаданнямі. Ва ўсякім выпадку, алібі гарантавана, і мне было ўсё роўна, якія б бессаромныя ці заганныя яны ні былі. Найхутчэй гэтак: было нават пажадана дзейнічаць насуперак здароваму сэнсу, парушаць закон, бо я пакаштаваў пачуцця вызвалення ад сапраўднага твару. I тады да маіх паслуг, як на заказ, паявіліся — можа, стымулам паслужыў духавы пісталет — дзеянні, якія ўжываюць толькі бандыты: шантаж, вымаганне, грабеж. Безумоўна, калі б я хоць мог ажыццявіць іх паспяхова, гэта было б маёю вялікаю перамогаю. Калі б была раскрыта іх сапраўдная сутнасць, дзіўнасць іх спалучэння, паявілася б, бясспрэчна, першакласная газетная сенсацыя. Таго, хто сур’ёзна хоча паспрабаваць, сілаю трымаць не збіраюся. Думаю, было б карысна растлумачыць людзям без масак ці, лепей сказаць, з псеўдамаскамі сапраўдную сутнасць абстрактных чалавечых адносін — ва ўсякім разе, я б хоць адпомсціў за сваіх п’явак.
Я далёкі ад таго, каб крывіць душою, але чамусьці да такіх заган у мяне не ляжыць душа. Прычына надта простая. Па-першае, у мяне не было асаблівае патрэбы ператварыцца ў сапраўдную маску — мне цалкам хапала забінтаванага твару. Другая прычына: тое ж вымагальніцтва, той жа шантаж былі не так мэтаю, як сродкам здабычы грошай, каб вярнуць свабоду. Дый восемдзесят тысяч іен прыемна сагравалі кішэню. На сённяшні вечар і заўтрашні дзень хопіць. Гэта нямнога, але пра тое, як здабыць грошай, падумаю, калі яны мне спатрэбяцца.
Але чым жа з’яўляецца ўрэшце мэта ў чыстым выглядзе, без дамешку сродкаў? Цікава, што амаль усе незаконныя дзеянні, якія толькі я мог прыпомніць, былі звязаны з незаконнаю перадачаю права ўласнасці, гэта значыць, з грашыма. Вазьму прыклад — азартныя гульні, якія называюць параўнальна чыстаю канцэнтрацыяй страсці... Папытацца ў псіхолага — ён назаве гэта прагаю выратавання, прагаю замяніць хранічнае напружанне імгненнаю яго разрадкаю... Калі гэта праўда, дык усё роўна, ці назваць гэта тратаю свабоды, ці выратаваннем... Але калі ўзяць гэта імгненнае напружанне і выключыць з яго прыліў і адліў грошай, дык ці не стане яно прэснае? Сам факт, што адна азартная гульня стварае перадумову другой, і ланцуг іх, калі б гэта магло быць, цягнуўся б бясконца, і ўрэшце азартная гульня ператвараецца ў звычку, даказвае, чым, папраўдзе, з’яўляецца амплітуда паміж мэтаю і сродкам. Такія тыповыя злачынствы, як ашуканства, зладзейства, грабеж, падробка, немагчымыя, калі ў іх няма сродку. Нават людзі, якія на першы погляд ігнаруюць закон і робяць усё па сваёй волі, на самай справе жывуць у несвабодным свеце, у які нечакана прасочваюцца недахопы. Ці не ілюзорная мэта ў чыстым выглядзе?