Былі ў мяне і жаданні, прадыктаваныя іншымі імкненнямі. Напрыклад, прыгразіўшы інстытуцкай ахове, вынесці з сейфа матэрыялы, якія мяне цікавяць, або, выламаўшы замкнутыя на замок дзверы адміністрацыйнага аддзела, украсці табліцы зробленых доследаў і дакументы фінансавых рэвізій — практычныя жаданні, вельмі мне характэрныя. Гэта былі, ведама, смехатворныя фантазіі, якія падыходзілі, найхутчэй, дзіцячаму шматсерыйнаму тэлевізійнаму фільму. Але яны недарэчныя, калі ўявіць такі стымул, як незадаволенасць кампаніяй, якая дала інстытуту толькі намінальную незалежнасць. Але ўсё роўна яны аставаліся сродкам, дый наўрад ці маглі яны выканаць тую ролю ў жыцці, якую даручыў я масцы. Вось калі я зраблю ўсё, каб маска дасканала авалодала тым, што даступна толькі ёй, і прыстасуюся да гэтага жыцця...
ПАМЕТКІ НА ПАЛЯХ. Ведама, калі не ўзнікне асаблівых перашкод, я павінен буду вечна весці двайное жыццё — з маскаю і з сваім сапраўдным тварам. Тады, можа, варта было б яшчэ раз задумацца...
Сярод шматлікіх злачынстваў ёсць толькі адно, якое тоіць у сабе выключныя магчымасці. Гэта падпал. У падпалах, натуральна, таксама ёсць элементы, якія з’яўляюцца сродкам назапашвання свабоды: атрыманне страхоўкі, знішчэнне слядоў пасля кражы, прагнасць пажарніка да славы. А хіба амаль усе іншыя падпалы, што ўзнікаюць не з-за такога зламыснага разліку, не выкліканы ўрэшце імкненнем вярнуць замарожаную ці адабраную свабоду? Але ёсць падпалы, якія ў чыстым выглядзе не маюць ніякае вартасці і служаць толькі задавальненню капрызаў... Калі шалёнае полымя ліжа сцены, абвівае слупы, прарывае столь і раптам узлятае да воблакаў і, гледзячы пагардліва на мітусню людскога статку, ператварае ў попел кавалак гісторыі, які толькі што быў жывы, падпалы без ніякага дамешку, калі гэтыя трагічныя разбурэнні служаць пажыткам, што спатольвае духоўны голад... Мабыць, падобныя выпадкі таксама бываюць. Я, безумоўна, не думаю, што гэта нармальнае жаданне. У народзе такіх людзей называюць падпальшчыкамі — дэманамі падпалу, — значыць, разумеюць, што іх дзеянні выходзяць за межы агульнапрынятых. Але, калі гарантавалася трата свабоды, пытанне пра нармальнасць ці ненармальнасць не стаяла, бо маска была маскаю, ані не звязанаю з агульнапрынятым.
...Тым не менш у мяне самога не было ніякае патрэбы ўчыняць падпалы, дык навошта мне ўсё гэта? Калі я блукаў па ціхіх завулках, ледзь не дакранаючыся плячом да спакуслівых шыльдаў, дык спрабаваў уявіць, як з-пад гэтага застрэшка ці з тае шчыліны ў сцяне раптам вырываецца полымя, але гэта ані не ўсхвалявала мяне. Думаю, я не асабліва спалохаўся. Паспрабавала б ты хоць раз надзець маску — адразу б усё зразумела. Імкненне заглушыць дзеянні, якія ганьбяць чалавека, як гэта ні дзіўна, уяўляецца нікчэмным, яму нельга даверыцца. Гэтак баязлівае дзіця, засланіўшы далонямі твар, спакойна глядзіць праз пальцы фільм з пачварамі. Чым мацней нафарбаваная жанчына, тым лягчэй яе спакусіць. Гаворка ідзе не толькі пра сексуальную спакусу, статыстыка вельмі дакладна гэта пацвярджае і ў дачыненні да прафесійных магазінных зладзеяў. Ах, парадак, ах, звычаі, ах, закон! — колькі шуму вакол, а гэта ж урэшце пясчаная крэпасць, гатовая рассыпацца ў любую хвіліну, трымаецца яна тонкім слоем скуры — сапраўдным тварам.
...Гэтак яно і было — я не спалохаўся. Цяпер няма чаго адмаўляцца ад бессаромнасці — каму гэта трэба. Сама ж маска — плод мае бессаромнасці. Нішто не можа ігнараваць дамоўленасці паміж людзьмі болей, чым надзетая маска, якую не прымусілі ўсвядоміць, што яна маска, хоць законам гэта не забаронена. Я магу ўявіць псіхалогію падпальшчыка, хоць сам я не падпальшчык. Аднак я трохі занепакоіўся, што з такою цяжкасцю выяўленая адзіная мэта ў чыстым выглядзе аказалася, на жаль, не тым, што я заказваў. Нічога не зробіш — лепшага плана ў мяне не было, я гэта добра ведаю. Ва ўсякім разе, лепей такі план, чым ніякі. Але ўсё ж я не думаю, што ўсе гэтыя жаданні, якія ўкрылі мяне, нібыта гнайнікі, можна класіфікаваць як сродак. Колькі б я ні паўтараў, што мяне задужа прывучылі эканоміць свабоду, і ў гэтым прычына, ад гэтага не будзе весялей. Што б там ні было, падпал я пакіну на некалі...
Пачакай, напісаў я гэта і агледзеўся, што прапусціў вельмі важны момант, не ведаю, знарок ці выпадкова. Калі ўжо я гаварыў пра незаконныя дзеянні, дык, безумоўна, павінен быў на самым пачатку ўпамянуць яшчэ пра аднаго дэмана — пра таго самага бандыта, дэмана вялікае дарогі. Калі падпальшчыку дазваляюць далучыцца да тых, хто мае мэту ў чыстым выглядзе, дык, думаю, не будзе нічога благога, калі ўключыць у гэтую кампанію і бандыта. Не павінна быць нічога благога. Тое, што ён робіць, не мае такога вонкавага эфекту, як дзеянні падпальшчыка, але варта зазірнуць углыбіню — не можа быць страшнейшага разбуральнага дзеяння, чым забойства... Ці мог я забыць такі яркі прыклад? Увогуле, можа, якраз таму, што прыклад быў вельмі яркі, я пра яго забыўся. Ці не таму, што я не прыхільнік падпальшчыкаў і на самым пачатку адступіўся, выкінуў з галавы дзеянні, якія вымагаюць большых разбуральных імпульсаў, — у мяне нават пытання такога не было.