Экстравертны агрэсіўны тып... мая маска, якая лічыць сябе паляўнічым, пачуўшы «разбуральныя імпульсы», падалася наперад. Мне прыкра расказваць пра гэта, але было іменна так — нічога не зробіш. Можа, я і паўтараюся, але зусім не з-за баязлівасці. Я адмаўляю баязлівасць, зразумела, не таму, што лічу адмаўленне яе абавязковым. Па праўдзе кажучы, мне непрыемнае нават само ўжыванне гэтых «дэман падпалу», «дэман вялікае дарогі» ўжо з-за аднаго слова «дэман». Тысячавольтны электрычны ток, які ўзбуджаў у той час маску, не меў нічога агульнага з разбуральным інстынктам... Нагадваў нешта вязкае і прыліплівае, ніяк не магу падабраць адпаведнага выразу, а ўвогуле зусім процілеглае разбурэнню.
Мабыць, было б перавелічэннем сцвярджаць, што ў мяне зусім не было разбуральных інстынктаў. Я хацеў садраць з твайго твару скуру, каб і ты зведала тыя пакуты, што і я, я марыў рассеяць у паветры ядавіты газ, які паралізуе зрокавыя нервы, каб асляпіць усіх людзей на свеце, — вось якія жаданні ахоплівалі мяне не раз і не два. Напраўду, у гэтых запісках я, помніцца, не адзін раз злоснічаў гэтак. Яшчэ больш нечаканае, калі падумаць, тое, што жаданне спагнаць на некім сваю злосць узнікала ў мяне яшчэ да паяўлення маскі, калі ж яна была гатовая, раптам я адчуў, што ўва мне адбыліся нейкія перамены, хоць пратэст астаўся той самы. Відаць, напраўду адбыліся. I іменна таму, што адбыліся, маска захацела патраціць сваю свабоду зусім на другое. Не на нешта пасіўнае — учыніць разбурэнні і чакаць пакарання. Пачакай, што ж нарэшце я хачу сказаць?.. Ці жадаў я такое класічнае гармоніі, як каханне, як дружба, як узаемаразуменне? Ці, можа, хацеў я паесці саладкаватае, ліпкае, прыемна-цёплае лёгкае ваты, якую ў святы прадаюць на вуліцах?..
Злуючыся, як дзіця, якое не можа атрымаць таго, чаго хоча, я зайшоў у першую, што трапілася, кавярню і стаў ліць на цвёрды, як кулак, камяк жаданняў, які падняўся з глыбіні горла, халодную ваду ўперамежку з марожаным. Хацеў нешта сказаць, ды не ведаў што... Калі гэтак будзе і далей, дык я або закіну ўсё, або цераз сілу буду рабіць тое, чаго не хачу. Калі нічога не робіш, падкрадваецца раскаянне. Агіднае адчуванне, быццам давялося надзець мокрыя шкарпэткі...
Твар пад маскаю гарэў, як у парылцы, здаецца, з носа пайшла кроў. Нешта трэба рабіць... Я добра разумеў увесь камізм свайго становішча: сам ператварыўся ў аналітыка свайго псіхічнага стану і павінен класіфікаваць свае жаданні, аналізаваць іх, прасейваць, вызначаць сапраўдную сутнасць камяка гэтых жаданняў і даваць яму назву.
Калі трэба, мне ўсё роўна — магу пачаць з вываду, да якога я прыйшоў. Гэта была полавая цяга. Смяешся, мабыць? Вывад і напраўду, якімі б прыгожымі агаворкамі ён ні суправаджаўся, даволі банальны. Але я многае разумеў, і ён мне не здаваўся надта нечаканым. Вось толькі банальнасць была на ўзроўні ўводзін у алгебру і прымалася без доказу — гэтага я ўжо ніяк не мог вытрываць. Самапавага можа, як гэта ні дзіўна, суседнічаць з бессаромнасцю.
Такім чынам, трэці сшытак таксама канчаецца. Нічога не зробіш, давядзецца абмежавацца ходам эксперыменту, распачатым маскаю. Але хоць гэта і здасца сумным, найлепей, я думаю, расказаць толькі пра тыя доказы, паводле якіх трата свабоды ў чыстым выглядзе была фактычна полавай цягаю. Трата свабоды, якая б чыстая яна ні была, сама па сабе не стварае каштоўнасцяў. (Калі гаварыць пра каштоўнасці — іх, найхутчэй, стварае свабода.) Я не збіраюся сцвярджаць, што маё лагічнае збудаванне бездакорнае, але на другі дзень усе мае дзеянні накіроўваліся гэтаю полавай цягаю, і, думаю, павінен быць шчыры з самім сабою, бо спадзяюся на твой справядлівы суд.
Калі толькі не злавацца знарок, дык не так ужо цяжка зразумець, чаму маска адвярнулася ад падпалаў і ад забойстваў, зразумець яе стан. Найперш, сама маска была актам разбурэння ўсталяваных на свеце звычаяў. Просты здаровы сэнс не паможа адказаць на пытанне: ці будзе вялікім разбурэннем падпал або забойства. Каб праясніць гэта, найлепей уявіць стан грамадскае думкі, калі пачнецца масавая вытворчасць масак, таксама па-майстэрску зробленых, як і тая, што я нашу, і будзе вялікі на іх попыт. Маскі, безумоўна, набудуць незвычайную папулярнасць, мой завод не ўгоніцца за попытам, нават калі будзе працаваць круглыя суткі, увесь час пашыраючыся. Некаторыя людзі нечакана знікнуць. Другія расшчэпяцца на дваіх, на траіх. Пасведчанні асобы, апазнавальныя фатаграфіі ў некалькіх ракурсах страцяць усякі сэнс, фатаграфіі, якімі абменьваюцца жаніх і нявеста, можна будзе парваць і выкінуць. Знаёмыя і незнаёмыя пераблытаюцца, сама ідэя алібі будзе знішчана. Нельга будзе верыць другім, не будзе падстаў і не давяраць другім, давядзецца жыць у стане бязважкасці, у новым вымярэнні чалавечых адносін, быццам глядзішся ў люстэрка, якое нічога не адлюстроўвае.