Выбрать главу

Не, трэба, напэўна, падрыхтавацца да яшчэ горшага. Ад страху быць нябачным кожны стане маскі мяняць, і не столькі таму, што ператварыўся ў нябачнага другога чалавека, колькі таму, што стаў празрысты. I калі звычка гнацца няспынна за новымі і новымі маскамі пашырыцца, такое слова, як «індывідуум», стане такое непрыстойнае, што яго можна будзе ўбачыць толькі на сценах грамадскай прыбіральні, а сасуды і ўпакоўка індывідуума — «сям’я», «народ», «права», «абавязкі» — ператворацца ў мёртвыя словы, незразумелыя без грунтоўнага тлумачэння.

Ці зможа ўрэшце чалавецтва вытрываць такую рэзкую перамену вымярэнняў і, знаходзячыся ў стане бязважкасці, знайсці прымальныя новыя ўзаемаадносіны, стварыць новыя звычаі? Я не збіраюся сцвярджаць, што не зможа. Выключная прыстасавальнасць людзей, іх незвычайная здольнасць да пераўвасаблення ўжо даказана гісторыяй, напоўненай войнамі і рэвалюцыямі. Але да гэтага... Да таго, як масцы будзе дазволена такое нястрымнае пашырэнне... Ці будуць людзі даволі памяркоўныя, каб не звяртацца да інстынкту самаабароны — да стварэння атрадаў па барацьбе з эпідэміяй, — вось у чым пытанне, як мне здаецца. Якая б прывабная ні была маска, патрэбная індывідууму, усталяваныя ў грамадстве звычаі паставяць на яе дарозе непрыступныя барыкады і прадэманструюць рашучасць да супраціўлення. Напрыклад, ва ўстановах, у кампаніях, у паліцыі, у навукова-даследчых інстытутах, пры выкананні службовых абавязкаў выкарыстанне маскі будзе забаронена. Можна таксама дапусціць, што яшчэ актыўней будуць дамагацца захавання аўтарскага права на твар, падымуць рух супраць свабоднага вырабу масак папулярныя акцёры. Возьмем прасцейшы прыклад: муж і жонка, каб паклясціся ў вечным каханні, павінны будуць абяцаць адно аднаму не мець патаемных масак. Пры гандлёвых пагадненнях можа нават нарадзіцца новы абрад: перад пачаткам перагавораў абмацваць аднаму ў аднаго твар. На гутарках перад прыёмам на працу можна будзе бачыць такі дзіўны звычай: у твар утыкаюць іголку і паказваюць, што выступіла кроў. Ну, а потым напэўна ж у судзе будзе разглядацца пытанне, законна зрабіў паліцэйскі ці перавысіў уладу, дакрануўшыся ў час следства да твару допытнага, а вучоны апублікуе наконт гэтага вялікі артыкул.

I вось ужо ў газеце пад рубрыкаю «Гутаркі пра ваш лёс» штодзень публікуюцца плаксівыя пісьмы дзяўчат, якія выйшлі замуж, ашуканыя маскаю. (Пра свае маскі яны не ўпамянуць.) Але і адказы ўсе, як адзін, будуць малазразумелыя і ні да чога не будуць абавязваць: «Заслугоўвае ўсялякага ганьбавання няшчырасць, якая выявілася ў тым, што ў час заручынаў ён ні разу не паказаў свайго сапраўднага твару. Але з вашых слоў таксама відаць, што вы яшчэ не цалкам вызваліліся ад погляду на жыццё з пазіцый сапраўднага твару. Маска не можа ашукаць, і яе няможна ашукаць. А што, калі вам надзець цяпер новую маску, ператварыцца ў другога чалавека і пачаць новае жыццё? He трымаючыся за ўчарашні дзень і не задумваючыся пра заўтрашні — толькі гэтак вы даможацеся поспеху ў жыцці ў наш век масак...» Урэшце, колькі ні будзе такога ашуканства, колькі ні будзе размоў пра яго, у якую б праблему яно ні вылілася — усё гэта ніколі не пераважыць задавальнення ашукваць. На гэтым этапе, хоць ён і будзе супярэчлівы, маска не страціць свае прывабнасці.

Але паявіцца, безумоўна, і нешта адмоўнае. Папулярнасць дэтэктыўных раманаў паступова сыдзе на нішто; сямейны раман, які мае справу з дваістымі і траістымі характарамі, перародзіцца, а потым, калі колькасць купленых у запас розных масак перавысіць пяць штук на чалавека, заблытанасць сюжэта выйдзе за межы цярпення чытачоў; не выключана, што раман увогуле страціць права на існаванне, хіба што будзе задавальняць патрэбы аматараў гістарычных раманаў. Справа не абмяжуецца раманамі: фільмы і п’есы, што паводле задумы з’яўляюцца дэманстрацыяй масак, страціўшы магчымасць стварыць пэўны вобраз галоўнага героя, ператворацца ў нейкі абстрактны код і не змогуць прывабіць публікі. Большая частка фабрыкантаў касметыкі згалее, адзін за адным зачыняцца касметычныя кабінеты, непазбежна скароцяцца болей чым на дваццаць працэнтаў прыбыткі рэкламных агентаў. Усе пісьменніцкія асацыяцыі падымуць лямант пра разбурэнне асобы маскаю: касметолагі і некаторыя дэрматолагі будуць, безумоўна, з найвялікшаю ўпартасцю даказваць, што маска шкодна дзейнічае на скуру.