Але наўрад ці падобныя рэчы будуць мець большы эфект, чым брашуры таварыства цвярозасці. Бо акцыянернае таварыства вытворчасці масак ужо ператворыцца да таго часу ў велізарны манапалістычны канцэрн, які мае па ўсёй краіне сетку прыёмных пунктаў заказаў, вытворчыя прадпрыемствы, магазіны, і заткнуць рот жменьцы незадаволеных яму будзе лягчэй, чым спавіць немаўля.
Праблемы ўзнікнуць пазней. Маска атрымае такое пашырэнне, што ўсе насыцяцца, перыяд, калі яна была нечым цікавым і незвычайным, скончыцца — маска стане звычайнаю з’яваю, і тады тонкі водар злачынства і распусты, які здаваўся рэзкаю прыправаю, каб яшчэ вастрэй адчуць смак вызвалення ад неспакойных чалавечых адносін, ператворыцца ў дурманлівы пах пераквашаных соевых бабоў, наступіць перыяд усеагульнае трывогі... I тады стане відаць, што гэтае свавольства з пераадзяваннем, якое было проста забаўкаю, зусім не свавольства, а нешта падобнае на злачынства перад самім сабою... Паявяцца, напрыклад, беспатэнтныя вытворцы масак, якія будуць спецыялізавацца на падробцы чужых твараў, і ўзнікнуць даволі камічныя інцыдэнты: член парламента пачне махляваць з пазыковымі абавязацельствамі, вядомы мастак будзе абвінавачаны як закаранелы шлюбны аферыст, мэр горада арыштаваны па падазрэнні, што ўкраў аўтамашыну, лідэр сацыялістычнае партыі выступае з фашысцкаю прамоваю, дырэктара банка прыцягнуць да адказнасці за аграбленне банка. I людзі, якія з рогатам глядзелі на ўсё гэта, як на вясёлы цыркавы спектакль, нечакана спахопяцца, з жахам убачаць, што ў іх на вачах другія людзі, якіх не адрозніш ад іх саміх, шнараць у чужых кішэнях, крадуць у магазінах. З усім гэтым давядзецца сутыкнуцца. I тады можа стацца, што з вялікаю цяжкасцю здабытае алібі, замест таго каб процістаяць доказу віны, будзе выключана нават як сведчанне невінаватасці, наадварот, яго пачнуць адчуваць як абузу. Задавальненне ад ашуканства пацямнее перад страхам быць ашуканым. Калі настаўнікі ўбачаць, што адукацыя страціла ўсякі сэнс, — зусім натуральна, бо страчана ідэя асобы, якую трэба фарміраваць, — наведванне ў школах рэзка знізіцца, пачнецца масавае валацужніцтва, дый выявіцца, што большасць валацуг — бацькі гэтых дзяцей, тады і паявіцца жаданне разбавіць слінаю гаркоту раскаяння, успыхнуць хваляванні і паніка, і ўсе стануць праклінаць маску. Адразу ж флюгерападобныя аўтары рэдакцыйных артыкулаў прапануюць, напэўна, увесці сістэму рэгістрацыі масак, але, на жаль, маска і сістэма рэгістрацыі несумяшчальныя гэтаксама, як недарэчная, напрыклад, турма без замкоў. Зарэгістраваная маска ўжо не можа быць маскаю. Грамадская думка карэнным чынам зменіцца, людзі выкінуць маскі і запатрабуюць ад урада іх адмены. Гэты рух прыме рэдка бачаную ў гісторыі форму саюза народа і паліцыі, і паявяцца імгненна законы на забарону масак.
Але ўрад, як заўсёды, пабаіцца крайнасці. Спачатку ён хоць і заявіць пра кантроль, нашэнне маскі будзе разглядацца ў крайнім выпадку як дробнае злачынства. Такая нерашучасць падгоніць цікаўнасць некаторых людзей і прывядзе да імклівага росту падпольных фабрык і чорнага рынку — настане хаос, як у часы сухога закону ў Амерыцы. I тады, хоць і надта позна, стане пераглядацца закон. Выкарыстанне масак будзе рэгламентавана такімі самымі строгасцямі, як наркотыкі: адпаведныя ўлады будуць выдаваць дазвол толькі ў выпадку, калі выявяць відавочныя траўмы твару ці калі дактары прыпішуць маску для лячэння сур’ёзнай нервовай хваробы. Але і пасля гэтага падробка дакументаў і карупцыя вытворцаў масак не спыняцца, і вельмі хутка агаворкі, што былі ў законе, будуць адменены, прызначаць нават спецыяльных інспектараў масак, і маскі ператворацца ў аб’ект радыкальнага кантролю. I ўсё роўна колькасць злачынстваў з дапамогаю масак ані не паменшыцца, і яны не толькі астануцца тым самым сенсацыйным упрыгожаннем газетных палос, прысвечаных сацыяльным пытанням, — дойдзе да таго, што паявяцца правыя арганізацыі, члены якіх, як форму, надзенуць зусім аднолькавыя маскі і будуць выклікаць скандалы, нападаючы на членаў урада. Суды вымушаны будуць прызнаць, што карыстанне маскаю, нават сам факт яе хавання, прыроўніваецца да наўмыснага забойства, і грамадская думка, не вагаючыся, падтрымае іх.