ПАСТСКРЫПТУМ. Фантазіі, хоць і п’яныя, але вельмі цікавыя. Дапусцім, што падобная арганізацыя складаецца са ста чалавек. Значыць, кожны будзе мець адзін працэнт падазрэнняў і дзевяноста дзевяць працэнтаў алібі, а ў выніку абавязковае апраўданне: хоць акт адбыўся, няма нікога, хто яго ўчыніў. Чаму ж такое інтэлектуальнае на першы погляд злачынства здаецца na-зверску жорсткім? Думаю, што з-за выключнай яго ананімнасці. Выключная ананімнасць азначае ахвяраванне свайго імя выключнай групе. Ці не ёсць гэта болей чым інтэлектуальная махінацыя дзеля самаабароны, — інстынктыўная тэндэнцыя індывідуума, які твар у твар сустрэўся са смерцю? Якраз гэтак, як пры нападзе ворага самыя разнастайныя групоўкі — нацыянальныя, дзяржаўныя, прафсаюзныя, класавыя, расавыя, рэлігійныя — спрабуюць найперш паставіць алтар, які называецца вернасцю. Індывідуум — заўсёды ахвяра ў адзінаборстве са смерцю, а выключнай групе смерць толькі атрыбут. Абсалютная група сама па сабе мае агрэсіўны характар. Гэта лёгка зразумець, калі прыкладам абсалютнае арганізацыі назваць армію, а сам прыклад абсалютнае ананімнасці — салдата. Але калі гэтак, дык у маіх фантазіях была пэўная супярэчнасць. Чаму хочуць, каб суд, які не можа разглядаць вайсковую форму самую па сабе як раўназначную наўмыснаму забойству, заняў такую суровую пазіцыю да правых груп, члены якіх носяць аднолькавыя маскі? Хіба дзяржава лічыць маску злом, якое супярэчыць парадку? Зусім не, як гэта ні парадаксальна, сама дзяржава — нейкая вялізазная маска, і яна працівіцца, не хоча, каб у сярэдзіне ў яе існавала мноства паасобных масак. Значыць, самая няшкодная істота на свеце — гэта анархіст.
Вось чаму, калі адолець лабірынт цікаўнасці, стане зразумела, што ўжо само існаванне маскі разбуральнае. I паколькі выкарыстанне маскі прыраўноўваецца да наўмыснага забойства, у рад могуць быць смела пастаўлены бандытызм і падпал, якія ані яму не ўступаюць. He дзіва, што ў маскі, якая, па сутнасці, сімвалізавала разбурэнне і ішла сярод руінаў чалавечых адносін, разбураных самім сваім існаваннем, — у маскі не ляжала душа да падобных разбурэнняў. Колькі б бугроў жаданняў ні напухала, аднаго яе існавання даволі, каб іх разбурыць.
Па-дзіцячы эгаістычныя жаданні маскі, якой ад роду няма і сарака гадзін... Жаданні згаладалага ўцекача, які толькі што вырваўся з турмы на волю скрозь гнездзішчы п’явак... Якую ж свабоду можа мець гэтая ненажэрная прорва са свежымі слядамі наручнікаў?..
Не, шчыра кажучы, нельга сцвярджаць, што адказу зусім не было. Жаданні — гэта не тое, што разумеюць з дапамогаю разважанняў, іх трэба адчуць. Паспрабую растлумачыць. Той самы канвульсіўны намер — жаданне стаць ахвяраю расавых забабонаў.
Я добра зразумеў гэта ў тую хвіліну, як выйшаў на вуліцу. Якая ж патрэба віляць, нібыта апраўдваючыся, была ў мяне да гэтага часу? Можа, віляючы, я разлічваў уратавацца ад сораму? Не, я, напэўна, напраўду грувасціў адно апраўданне на другое, але не таму, што адчуваў сорам, гэта можна смела сказаць. У мяне было адно-адзінае жаданне, сваё асабістае, на якім, хацеў я таго ці не, што б там ні было, павінен быў пабудаваць нашы адносіны.
Адносіны з табою бачыліся мне такімі, якімі я ўяўляў іх сабе ў самых бессаромных фантазіях маскі. Што б я ні захацеў адчуць, пажадаць, зведаць — усё было звязана з тымі марамі, і яд рэўнасці, які толькі-толькі перастаў атручваць мяне, зноў, набраўшы сілы, пайшоў па маіх жылах насустрач патоку крыві. Ніякага дзіва, што гэта вяло да асацыяцый у мяне з заўтрашнім планам. Нават маска не магла не адчуць сябе скавана, няўтульна. Як бы там ні было, свабода маскі, хоць яна і змяшчалася пераважна ў абстрактных адносінах з іншымі людзьмі, была ўсё роўна што птушка з адарванымі крыламі. Маска, якую траха былі не выкінулі, калі знаходзілася ў стане перамір’я, здольная была толькі на невыразнае мармытанне.
Яна стала супакойваць мяне — калі я буду бясконца нервавацца, дык не толькі маска, але і сам я ператваруся ў сродак. Няхай твар у мяне — маска, але ж цела, як і некалі, маё асабістае. Можна заплюшчыць вочы і ўявіць, што на ўсім свеце знікла святло. Імгненна маска і я ператворацца ў адно цэлае, і няма да каго раўнаваць. Калі да цябе дакранаюся я сам, значыць, той, да каго ты дакранаешся, таксама я сам; адкінь усе ваганні...