Такім чынам, жаданні адно за адным прасейваліся праз сіта, і асталіся, нарэшце, тыя самыя канвульсіі ахвярнасці.
Дарэчы, што ты думаеш пра мае развагі? Ага, іменна пра развагі. Урэшце з іх вынікала, што, калі б я захацеў у тую ноч патраціць свабоду ў чыстым выглядзе — гэта было б не што іншае, як сексуальнае злачынства. А на самай справе я так і не ўчыніў нічога, хоць бы крышачку падобнага на злачынства. I не таму, што ў мяне не было да гэтага ніякага нахілу, і не таму, што не надарылася выпадку, але, увогуле, я так яго і не ўчыніў. Вось чаму я пытаюся ў цябе толькі пра адно — пра свае развагі.
Я не чакаю тваёй пахвалы. Можа, нават напэўна, ты заўважыш заганы ў маіх развагах. Я ўжо перажыў банкруцтва ўсіх гэтых разваг і таму не магу не прызнаць, што ў іх ёсць недахопы. Але я і ў той час не бачыў іх, не магу знайсці і цяпер. А можа... Можа, яны выліліся ў форму падпарадкавання ўпартым угаворам маскі, а я сам сябе ашукваў, лічачы іх вынікам маіх асабістых жаданняў. Паколькі справа тычыцца сексу, нешта замінала мне сарваць і адкінуць шыльдачку «ўваход забаронены», і адначасна з самага пачатку мяне неадольна цягнула зрабіць гэта. Калі падумаць — ніякага дзіва. Я стараўся не чапаць гэтага, але справа ў тым, што, калі б я адкінуў сексуальныя злачынствы, мне не ўдалося б здзейсніць свайго плана і прымусіць маску спакусіць цябе. Калі б гаворка ішла пра тое, каб спакусіць цябе адзін раз, ніякае праблемы, відаць, не ўзнікла б. Але калі я хацеў зрабіць адносіны паміж маскаю і табою даўгачаснымі і, такім чынам, стварыць новы свет, дык павінен быў што б там ні было парушаць законы, што маюць дачыненне да сексу. А не дык наўрад ці змог бы я вытрываць двайное жыццё, раз’едзены да самых касцей рэўнасцю. I гэтыя доўгія, упартыя ўгаворы маскі былі, ведама, вынікам мае свядомае правакацыі.
Ага, забаўна, што, як толькі з грэхам папалам падвёў я базу пад свае развагі, адразу я пранікся спачуваннем да жаданняў маскі. Дарэчы, зусім не таму, што я згаладаўся па сексе, як па ядзе ці пітве. Парушыць сексуальныя забароны — вось на што з усяе сілы штурхала мяне маска. Калі б не ўразумеў я забаронаў, іх парушэнне наўрад ці было б напоўнена для мяне такою трапяткою чароўнасцю. I калі паглядзеў я ў вочы гэтай чароўнасці, яд рэўнасці, які найболей мяне непакоіў, страціў раптам сваю ядавітасць, і я, быццам смокчучы проціядную таблетку, паспрабаваў выклікаць у сабе эратычны імпульс.
Вачыма, поўнымі пажадлівасці, я стаў па-новаму глядзець на ўсё наваколле, і вуліца з канца ў канец здалася мне чароўным замкам, складзеным з адных забаронаў: «Секс. Уваход забаронены». Каб хоць былі гэтыя забаронныя платы трывалыя — дык няхай сабе, a то скрозь з’едзеныя чарвямі, з дзіркамі ад цвікоў, што павыпадалі, яны, здавалася, вось-вось абваляцца. Платы, платы, сваім выглядам нібыта гатовыя сустрэць уварванне, яны выклікаюць цікаўнасць у людзей, якія сноўдаюцца па вуліцы, але варта падысці бліжэй да іх і зірнуць пільней — і чарвяточыны, і дзіркі ад цвікоў — усё гэта камуфляж, і ўжо няма ніякага жадання ступіць яшчэ хоць крок. Што ж гэта ўрэшце такое секс, забарона сексу? Любы, хто задумаецца над сэнсам камуфляжу, хто задумаецца над паходжаннем платоў, адразу непазбежна ператвараецца ў эратамана. Безумоўна, сам ён таксама не што іншае, як адзін з гэтых платоў. Іменна таму эратаман і павінен праліваць на свае жаданні слёзы болю і раскаяння. Калі ён ломіць забарону сексу, дык разам разбівае і свой асабісты плот. Але калі ўжо задумваешся над існаваннем платоў, пакуль дакладна не вызначыш іх паходжання, не супакоішся. Эратаман — той самы сумленны, глыбокі даследчык: пераканаўшыся, што ёсць загадка, ён ужо не можа не разгадаць яе, якіх бы ахвяр гэта ні вымагала.
I вось я, асколак даследчыка, зазірнуў у першы, які мне трапіўся, бар. Ніякіх асаблівых надзей у мяне не было. Ён прывабіў мяне толькі таму, што ўся яго шыльда была ўкрыта камуфляжнымі чарвяточынамі і слядамі ад цвікоў. Прадавалі там фальшывую маску алкаголю. Гэты куточак якраз мне падыходзіў.
Як я і думаў, там было ўтульна. Фальшывая цемра, якая перагароджвала дарогу фальшываму святлу... Фальшывая расліна, заслоненая фальшываю ўсмешкаю... Няпэўны стан, нібыта ў сне, — і паскудства не можаш утварыць, і дабра не можаш зрабіць. Змяшаныя ў патрэбнай прапорцыі фальшывае дабро і фальшывае зло... Я сеў, поры па ўсім целе пачалі раскрывацца, заказаў віскі, разбаўленае вадою, і стаў гладзіць палец дзяўчыны ў цёмна-сіняй сукенцы, што сядзела побач са мною. Не, гэта быў не я, гэта была маска. Хоць палец у дзяўчыны быў потны, ён усё роўна здаваўся сухім, быццам пасыпаны крухмалам. Дзяўчына, ведама, дазваляла фліртаваць з сабою. Але сказаць, што яна не злавалася, — таксама хлусня. Ці рабіў я нешта — гэта было раўназначна таму, што я нічога не рабіў. Не рабіў нічога — гэта было раўназначна таму, што рабіў я ўсё.