Калі хлусіў я, хлусіла і дзяўчына. Вельмі скора яна, як мне здалося, пачала думаць пра нешта другое, але я, зразумела, зрабіў выгляд, што нічога не заўважаю. Каб адпомсціць за п’явак, за цябе, нарэшце, за свой сапраўдны твар, можа, зрабіць гэтую дзяўчыну сваёю на адну ноч? Не, не трывожся — тут усё магло здарыцца, але нічога не здарылася. Хлусіў я, хлусіла дзяўчына, а потым, не ведаю чаму, дзяўчына раптам збянтэжыла мяне, сказаўшы, што я, напэўна, мастак.
— Чаму? Чым я падобны на мастака?
— А хіба не мастакі любяць рабіць выгляд, што зусім не падобныя на мастакоў?
— Гэта праўда... Ну, а грым на твары, навошта ён? Каб паказаць нешта ці, наадварот, схаваць?
— I тое і другое... — Кончыкамі ногцяў дзяўчына скрэбла каменьчык, які трымала ў руцэ. — Але ж ва ўсім гэтым няма шчырасці, праўда?
— Шчырасці?.. — Усярэдзіне ў мяне нешта абарвалася, нібы раптам адкрыўся сакрэт фокуса. — А-а, г... гэта!
Дзяўчына гідліва зморшчыла свой кірпаты носік.
— Агідна. Усё зразумела, але навошта так груба...
Правільна! Любая сапраўдная рэч была тут бліскучаю падробкаю, любая падробка каціравалася як сапраўдная рэч. Гэта быў як быццам умоўлены куток, дзе забаўляюцца, малюючы на забароненых платах дзіркі, адчуваючы, што пажадлівасць гатова захапіць цябе... Калі я яшчэ хоць крышку ап’янею, дык адно разуменне, што на мне маска, стане небяспечным. Дзявочы сцягняк у мяне пад рукою, быццам здаволіўшыся, пачаў пазяхаць — сама пара ціхенька вымятацца адгэтуль. Урэшце нічога не здарылася, але ўсё роўна. Я дакрануўся рукою да забароненага плота і пераканаўся, што ён трывалы, — таксама ўраджай. Хочаш не хочаш, заўтра я павінен павесці шалёны штурм твайго плота...
Усё, што адбылося потым, не мае для мяне перспектывы, быццам я гляджу на гэтыя падзеі ў падзорную трубу. Але я, помню, не дайшоў да такое дурасці, каб, паддаўшыся ап’яненню, сарваць з сябе маску і таксісту назваць не свой сапраўдны адрас, а сховішча. Як бы шчытна ні прылягала маска да майго твару, які б трывалы клей я ні ўжываў, знішчыць бездань паміж імі, відаць, не так і проста. Усю ноч я бачыў сны. У гэтых снах ты як быццам нечага ўпрошвала мяне. Здаецца, перасцерагала ад фізічнае блізкасці, а можа, я прыдумаў гэта ўжо пасля. Адзін раз я бачыў у сне турму.
Назаўтра раніцаю — страшнае пахмелле, гэтага і трэба было чакаць. Увесь твар апух і нясцерпна балеў. Мабыць, вярнуўшыся дахаты, я не зрабіў з тварам патрэбных працэдур, і з-за клейкага рэчыва якрыла высыпка. Пасля таго як я памыўся, а потым апаражніў страўнік, адчуў невялікую палёгку. Але не было яшчэ і дзесяці гадзін. А выйсці з хаты найлепей пасля трох, і я вырашыў паляжаць.
Такія нясцерпныя апошнія гадзіны перад гэтаю запаветнаю хвілінаю, не пабаюся сказаць, перад імгненнем, дзеля якога на карту пастаўлены намаганні цэлага года. Без жалю кідаючы сваё цела на пасцелі, выбіраючы халаднейшую мясціну, я ніяк не мог заснуць. Гэта ж трэба было напіцца, як апошняму ідыёту. У чым, папраўдзе, знайшоў я смак, з якой прычыны раптам пачаў я весяліцца?.. Мне здаецца, я павінен нешта ўспомніць... Надзеўшы маску і лічачы, што стаў празрысты, я блукаю па вуліцах... Плот... Забарона... Быццам я пачаў станавіцца распуснікам... I гэта той самы чалавек, які, апрача загадвання лабараторыяй у інстытуце высокамалекулярнай хіміі, быў зусім бескаляровы, прэсны і, ведама, бяскрыўдны... Праўда, каб адолець плот, у мяне не было іншага выйсця, як зрабіцца распуснікам...
Стараючыся ўзнавіць у памяці ўражанні мінулае ночы, я з усяе сілы спрабаваў збавіцца ад рэшткаў ап’янення, якія гнездзіліся недзе глыбока ў чэрапе. Аднак эратычныя адчуванні, такія выразныя ў мінулую ноч, ніяк не вярталіся. Можа, таму, што я без маскі? Безумоўна, таму. Варта надзець маску, як ува мне ажывае парушальнік закона. У любым, самым бяскрыўдным чалавеку, напэўна, заўсёды схаваны злачынец, здольны рэагаваць на маску.
Я не збіраюся даходзіць да такое крайнасці, каб сцвярджаць, што ўсе акцёры маюць злачынныя схільнасці. Я ведаю, праўда, што адзін начальнік важнае канцылярыі, які выяўляе павышаную цікавасць да касцюміраваных шэсцяў у час экскурсій, наладжаных кампаніяй, і дэманструе ў іх незвычайны талент, на самай справе рэдкі аптыміст, зусім задаволены сваім становішчам... Ну, а калі б яны дазналіся, што гэта праведная штодзённасць ніколечкі не бяспечнейшая за той свет злачынстваў, ці асталіся б яны тады ў баку ад злачынства?.. Сумняваюся... Штодзень ставіць будзільнік на пэўны час, рабіць сабе пячатку, заказваць візітныя картачкі, адкладваць грошы, здымаць памер каўнерыка, калекцыяніраваць аўтографы, страхаваць жыццё, рэгістраваць нерухомую маёмасць, пісаць віншавальныя паштоўкі, наклейваць фатаграфію на пасведчанне асобы... Цяжка паверыць, што ў свеце, дзе рызыкуеш згубіцца, калі забудзешся зрабіць што-небудзь з гэтага, што ў гэтым свеце людзі жывуць і ім ні разу не захацелася, нават у галаву не прыйшло стаць празрыстымі...