Ды ўсё ж на нейкае імгненне я, відаць, заснуў. Напэўна, падняўся вецер, і мяне разбудзіў скрып аканіц. Боль галавы і моташнасць нібыта аціхлі, але было мне яшчэ блага.
Хацеў пакупацца ў ванне, але, як на злосць, не цякла вада. Мабыць, слабы напор, і вада не можа падняцца нават да другога паверха. Махнуў рукою і вырашыў выправіцца ў лазню. Пасля доўгіх ваганняў паміж маскаю і бінтам вырашыў пайсці ў масцы. Я згараў ад сораму, варта было толькі ўспомніць, якое ўражанне пакідае ў людзей бінт, і яшчэ хацелася выпрабаваць маску ў самых розных умовах. (Калі я надзяваю маску, да мяне адразу вяртаецца сіла і ўпэўненасць.) Абмацваючы ў кішэнях у пінжаку бумажнік, я дакрануўся да нечага цвёрдага. Гэта быў той самы духавы пісталет і залацісты ё-ё. На выпадак, калі часам сустрэнуся з дачкою адміністратара, я загарнуў ё-ё разам з мылам у ручнік і выйшаў з дому.
На жаль, дзяўчынкі я не сустрэў. Не з-за нейкага прадчування, але мне не захацелася ісці ў самую блізкую лазню, і я пакіраваўся на суседнюю вуліцу, да якое быў адзін аўтобусны прыпынак. Лазня нядаўна адчынілася, наведнікаў было мала, вада ў басейне чыстая. Я залез у ваду і, каб рэшткі ап’янення зусім выветрыліся, вырашыў цярпець гарачыню і тут заўважыў у кутку насупраць чалавека, які сядзеў у вадзе, не скінуўшы чорнае кашулі. Не, гэта, аказваецца, не кашуля, а татуіроўка. Можа, з-за таго, што так падала святло, не ведаю, але здавалася, што ён нацягнуў на сябе рыбіну скуру.
Спачатку я стараўся не глядзець, але ён усё болей прыцягваў мяне, і скора я ўжо не мог адарваць ад яго вачэй. Мяне прывабіў не малюнак, уразіў сам акт татуіроўкі, якога я ніяк не мог вытлумачыць — тлумачэнне круцілася на кончыку языка, як нечае забытае імя.
Можа, таму, што я адчуваў кроўную сувязь яе з маскаю? На самай справе, маска і татуіроўка маюць дзіўную агульнасць: абедзве яны — разнавіднасць штучнае скуры. Агульнае ў іх імкненне знішчыць сапраўдную скуру і замяніць яе нечым другім. Але ёсць, ведама, і адрозненні. Маска, як можна бачыць і па іерогліфах, толькі часовы твар, а татуіроўка цалкам асімілюецца, становіцца часткаю скуры. Апрача таго, маска з’яўляецца алібі, а татуіроўка, наадварот, вылучае, выстаўляе напаказ. У гэтым сэнсе яна, мусіць, бліжэй не да маскі, а да бінту. Не, калі гаварыць пра вабнасць, дык яна ані не саступае маім п’яўкам.
Ніяк не магу даўмецца, чаму людзі даходзяць да падобнай недарэчнасці, каб прыцягваць да сябе ўвагу. Сам гэты чалавек наўрад ці зможа адказаць. I якраз таму, што не зможа адказаць, для яго ёсць сэнс прыцягваць увагу. Вырадкі, звычайна, любяць загадкі і часта робяць сваёю прафесіяй загадванне недарэчных загадак і выманьванне грошай у людзей, якія не могуць іх адгадаць. У татуіроўцы папраўдзе тоіцца пытанне.
Доказам можа служыць тое, што я сам стараўся знайсці адказ. Я спрабаваў, напрыклад, падгледзець з сярэдзіны свой стан, у якім быў бы, калі б татуіроўка была на мне. I першае, што я адчуў,— вочы другіх людзей, якія ўпіваюцца ў мяне, быццам калючкі. Я мог добра ўявіць сабе гэта, бо я ўжо зведаў, што такое гнездзішча п’явак. Потым неба пачне паволі аддаляцца. Навокал разліецца яркі поўдзень, і толькі на тую мясціну, дзе я стаю, апусціцца суцэльная цемра... Праўда, праўда, татуіроўка — гэта ж кляймо катаржніка... Кляймо злачынца, і таму нават сонечныя промні перасталі дакранацца да мяне... Але чамусьці я не адчуваў прыніжэння, і мне зусім было не брыдка... I гэта натуральна... Я ж сам выпек на сваім целе кляймо злачынства і па сваёй волі пахаваў сябе перад грамадствам... Цяпер ніхто ўжо мяне не пашкадуе...
Калі мужчына вылез з вады, выява будыйскага божышча, засыпанага вішнёвымі кветкамі, стала выгінацца, выдзяляючы карычняваты пот, і я, адчуваючы сябе саўдзельнікам злачынства, адчуў, што яго раскаваная поза асвяжае мяне. Правільна, кроўная сувязь паміж маскаю і татуіроўкаю выяўляецца не ў іх вонкавым падабенстве, — галоўнае, дзе жыве сам чалавек, па які бок мяжы, праведзенай па сапраўдным твары. Калі ёсць людзі, якія могуць жыць, церпячы татуіроўку, дык, натуральна, можна цярпець і маску.