Выбрать главу

Я вырашыў пачакаць каля банка на ўсходцах, якія вытыркаліся наперад. З вышыні лепей было відаць, a таму, што побач са мною стаяла і чакала шмат людзей, я не кідаўся ў вочы. Не было чаго баяцца, што ты заўважыш мяне раней, чым я цябе. Лекцыі канчаюцца ў чатыры гадзіны, і нават калі ты прапусціш адзін аўтобус, усё роўна даедзеш мінут за дзесяць.

Ніколі не думаў, што твае лекцыі змогуць мне гэтак спатрэбіцца. Калі б у мяне папыталіся, я б сказаў, што сам факт гэтага нястомнага шматгадовага наведвання такіх зусім непатрэбных лекцый служыць выдатным доказам няўстойлівасці жаночага існавання. Вельмі сімвалічна, што ты выбрала выраб гузікаў і вучышся з захапленнем. Такое мноства гузікаў, вялікіх і маленькіх, ты ўжо вытачыла, выразала, адпаліравала! Ты рабіла гузікі не на тое, каб імі нешта зашпільваць, — ты бясконца майстравала патрэбныя для практычнага выкарыстання рэчы з мэтамі зусім непрактычнымі. Не, я не хачу абвінаваціць цябе. Я ж папраўдзе гэтаму ні разу не працівіўся. Калі ў цябе напраўду захапленне — ад душы бласлаўляю гэты наіўны занятак.

...Але ў падзеях, што адбыліся пазней, ты была адной з галоўных дзейных асоб, і таму не буду выкладаць іх адну за адной. Што трэба, дык гэта вывернуць маё сэрца і выставіць на святло бессаромны твар паразіта, які там схаваўся. Ты прыехала трэцім аўтобусам і прайшла міма мяне. Я падаўся следам. Была ты надта гнуткая, вельмі зграбная, і мяне ахапіла баязлівасць.

Я дагнаў цябе каля светлафора на пераходзе насупраць вакзала. За некалькі мінут, якія патрэбныя, каб дайсці да вакзала, я павінен любымі сродкамі завабіць цябе. Не трэба ісці напралом, але і кружная дарога не падыходзіць. Падаючы, быццам толькі што выпадкова падняў, прыхаваны загадзя скураны гузік, які ты зрабіла, я загаварыў з табою. I словы былі загадзя падабраныя:

— Гэта не вы згубілі?

Не хаваючы здзіўлення, ты, стараючыся выясніць, чаму гэта здарылася, падняла сумку, стала аглядаць дно, правяраць зашпількі і, усім сваім выглядам паказваючы, што не можаш знайсці тлумачэння, глянула на мяне. Калі ўжо я загаварыў, нельга было ўпускаць магчымасці, у якую паверыў, і я забег наперад.

— Можа, з капелюша?

— З капелюша?

— Спрытнасць рук — і з капелюша можа паявіцца трусік.

Але ты нават не ўсміхнулася. Болей таго, паглядам, як хірургічнымі шчыпцамі, заціснула мне рот. Гэта быў пільны пагляд, быццам ты забылася, пагляд, які гаварыў, што ты нічога не разумееш. Калі ты будзеш гэтак глядзець яшчэ некалькі секунд, дык убачыш мяне наскрозь, — я імгненна зразумеў гэта і адступіўся. Ды гэтага не магло здарыцца. Поспех маскі ўжо быў пацверджаны ў самых розных сітуацыях. Не было чаго баяцца, што ў цябе паявіцца падазрэнне — ты ж не сарвеш маскі сілаю, як той татуіраваны, не дакранешся да яе губамі (розніцу ў тэмпературы схаваць немагчыма). Дый я свядома гаварыў ніжэйшым, чым звычайна, голасам, але нават калі б я гэтага і не рабіў, з-за таго, што на мае губы былі накладзены яшчэ і штучныя, губныя гукі зусім змяніліся.

Можа, я залішне хваляваўся: ты адразу адвяла вочы, і на твар вярнуўся звычайны абыякавы выгляд. Але мой эратызм, наткнуўшыся на твой пільны пагляд, падціснуў хвост, і калі б ты гэтак і пайшла, дык, можа, і я знайшоў бы ў сабе сілу адмовіцца ад задуманага плана, разумеючы, што гэта самае лепшае для нас абаіх. Дзень быў ясны, сонечны, і перад табою магчымасці маскі, яе дзівосная сіла завялі. Але і ты на імгненне завагалася. А вулічны паток, які выгінаўся вакол нас, быццам пражэрлівае першабытнае страшыдла, паглынаў думкі, якія толькі што ўзнікалі і пачыналі прасочвацца. Высвятляць, чаму ўзбунтавалася магнітнае поле, якое ўзнікла між намі дзякуючы твайму хвіліннаму ваганню, не было калі, і я выкарыстаў гэтую замінку і рушыў другі эшалон падрыхтаваных загадзя слоў.