Выбрать главу

ПАМЕТКІ НА ПАЛЯХ. Выраз «узбунтаванне магнітнага поля» вельмі правільны. Увогуле, я ж прадчуваў важнасць гэтае мінуты. Калі б гаворка ішла толькі пра прадчуванне, не было б чым ганарыцца, не было б чаго тлумачыць. Ды нават калі б не было прадчування, калі б я апусціў гэтыя радкі — уздрыгваючы пры адной думцы пра гэта, — я быў бы прыгавораны да асмяяння, усе мае дзеянні і ўчынкі сталі б прадметам насмешкі, і гэтыя запіскі з запісак маскі ператварыліся б у звычайныя запіскі клоуна. Клоун — гэта таксама няблага, ды проста не хачу я стаць клоунам, які не разумее, што ён клоун.

Ты, напэўна, памятаеш? Я, як нічога і не было, тонам, быццам мне ўжо надакучыла высвятляць, папытаўся, дзе канцавы прыпынак вось таго аўтобуса. Не ведаю, ці звярнула ты ўвагу, але я выбраў той прыпынак не таму, што мною кіравала недарэчная думка змарнаваць час, не, гэта была спрытна падстроеная пастка.

Найперш гаворка ішла пра адзіны прыпынак на гэтай лініі аўтобуса, што быў каля самага вакзала, але ў нязручным ціхім закутку, мала каму вядомым. Апрача таго, было гэта ў другім баку вакзала, і калі не ведаць пра падземны пераход, давялося б ісці кружным шляхам па віядуку. I яшчэ, гэты пераход надта заблытаны, двума словамі не растлумачыш, як звязана з пэўнаю мясцінаю мноства яго ўваходаў і выхадаў. Ну і, нарэшце, калі пайсці гэтым пераходам, адлегласць да платформы, з якое ты павінна ехаць, ніколечкі не большая, чым калі ісці цераз вакзал. I ты, безумоўна, ведала гэты прыпынак.

Я ўвесь напружыўся, чакаючы адказу. Цела маё нібыта акамянела ад страху, што ты разгадаеш мае патаемныя намеры, і, калі б не было на мне маскі, нават калі б ты сказала, што правядзеш мяне, не ўпэўнены, ці змог бы я ісці побач з табою. Сумняваюся нават, ці ўдалося б мне схаваць як след перарывістае дыханне. Я чакаў у такім стане, быццам мяне пасадзілі ў крохкі шкляны сасуд (шкляны сасуд танчэйшы за паперу, чхні — і ён рассыплецца на друзачкі). Нельга адмаўляць, што мне не цярпелася, але праўда і тое, што ты не спяшалася адказваць. Што прымусіла цябе вагацца? Я ўчапіўся за той факт, што ты вагаешся. Становішча стварылася такое, што ты павінна была прыняць неадкладнае рашэнне — ці згадзіцца, ці адмовіцца. I чым болей ты вагалася, тым вастрэй адчувалася ненатуральнасць, расла падазронасць. Калі ты не хацела, даволі было аднаго твайго «не ведаю», але ты не пераставала вагацца, і гэта значыла, што ты напалавіну згодная. А згадзіўшыся, хай сабе напалавіну, страціла падставу, каб адмовіць. Каб табе лягчэй было адважыцца, можа, мне варта было дабавіць яшчэ што-небудзь. У гэты час малады хлопец, нахабна штурхаючыся, паспешліва праціснуўся між намі. Толькі тады мы заўважылі, што замінаем людскому патоку і вакол нас ужо ўтварыўся вір. З цяжкасцю трымаючыся ў гэтым патоку, ты запытальна зірнула на мяне — слізганула па мне вачыма, быццам нядбайна прагарнула каляндар. Не па душы мне твой пагляд, падумаў я, і толькі наважыўся разявіць рот, каб хоць трохі падагнаць тваю рашучасць, як ты нарэшце адказала.

Калі я пачуў гэты адказ, хоць усё ішло добра і ўнутрана мы ўжо амаль дамовіліся, чамусьці стала сумна, быццам мне здрадзілі... Калі гэта я — усё добра, а калі гэта зусім чужы чалавек, тады што? Трохі павагаўшыся, ты адказала згодаю. I надала гэтаму такое значэнне, быццам без вагання нельга было згаджацца. Увогуле, намякала на існаванне забароненага плота. I тое, што ты зусім свядома згадзілася прайсціся побач са мною сем-восем мінут, некалькі соцень метраў, я не мог не ўспрыняць як нешта большае, чым простую ветлівасць. Ва ўсякім выпадку, гэты дарунак быў даражэйшы за гузік, які я падняў і аддаў табе. Шчыра кажучы, ты свядома абуджала ўва мне эратызм. I раз абуджала свядома, дык і сама...

Не, усё добра. Дый што я магу сказаць, калі ўвесь мой план быў разлічаны іменна на такі ход падзей. Калі б, разгадаўшы маю задуму, ты адмовілася, уся мая праца дарэмна прапала б. Я мог бы, ведама, паспрабаваць зноў, на другі дзень, але калі першы раз удалося падаць усё як выпадковасць, другі раз не пазбегнуць уражання наўмыснасці, і твая насцярожанасць толькі павялічыцца. Напраўду, усё добра. Мінулае ночы я да канца зразумеў, што жаданне з дапамогаю маскі вярнуць цябе і з тваёю дапамогаю вярнуць усіх людзей, — не дробязь, не пустыя словы, яно разбурае забаронены плот сексу, напаўняе мяне бассаромнасцю. Раз я імкнуўся адолець забаронены плот і ты, здавалася, згадзілася на гэта, цяпер не было чаго асабліва мітусіцца. Тваё апраўданне, што ты проста не надала гэтаму значэння, нікога б не пераканала. Калі хочаш разбурыць перашкоду, не прымушаючы свайго партнёра разбурыць яе, дык няма іншага сродку, апрача насілля. Але я б здзівіўся, пачуўшы, што аднабаковаю распустаю можна аднавіць сцяжынку. Такі, нават адзіны ўчынак непазбежна прымусіць маску бясследна знікнуць з гэтага свету. Апрача таго, калі я збіраўся задаволіцца гвалтам, даволі было майго сапраўднага твару, укрытага п’яўкамі, і не было патрэбы шукаць дапамогі ў маскі.