Выбрать главу

Тэарэтычна разважанні мае былі, ведама, правільныя. Але побач з табою, з тваім жывым целам, спускаючыся па лесвіцы ў падземны пераход, забіты чужымі людзьмі, я быў прыглушаны ашаламляльнаю рэальнасцю твайго існавання, ад разгубленасці, ад невыказных пакут мною авалодалі гнятлівыя думкі. Мне не будзе чаго адказаць, калі ты папракнеш мяне за беднасць фантазіі, але хіба так ужо рэдка сустракаецца фантазія, заснаваная на дотыку? Я не думаў пра цябе як пра шкляную ляльку ці пра слоўны знак, але я ўпершыню адчуў успрынятую дотыкам рэальнасць твайго існавання, так наблізіўшыся, што мог дакрануцца да цябе рукою. Бліжэйшая да цябе палавіна майго цела стала адчувальная, як пасля сонечнага апёку — кожная пора, быццам сабака, які знемагаецца ад спёкі, высалапіўшы язык, цяжка дыхала. Варта было толькі ўявіць сабе, як ты, такая адчувальная, гатова прыняць зусім чужога чалавека, як мяне ахопліваў нясцерпны смутак ад таго, што я знаходжуся ў становішчы ашуканага мужа і, мала таго, мяне выкінулі вон з-за непрыдатнасці. Папраўдзе, учора мае фантазіі, у якіх я ігнараваў цябе, былі болей памяркоўныя. Напэўна, нават гвалт лепей за гэта. Я зноў стаў успамінаць кіпучую нянавісць, агіду да гэтага тыпу твару паляўнічага з барадою, у цёмных акулярах і манерным адзенні. I адначасна я адчуў, што ты, не адхіліўшы рашуча гэтага твару, зусім другая, і мне стала яшчэ маркотней, быццам на каштоўным камені я ўбачыў яд.

Маска рабіла іначай. Яна, па-мойму, мела здольнасць усмоктваць і ператвараць у ежу мае пакуты; быццам у балотнае расліны, галіны і лісты яе жаданняў усё мацнелі і гусцелі. Адно тое, што ты мяне не адхіліла, было раўназначнае словам «ты мая», і я ўсадзіў іклы фантазіі ў тваю патыліцу, якая вызірала з светла-карычневае блузкі без каўняра, як бляшанка з фруктовым сокам. Мне не было ў чым апраўдвацца — мне ты была табою, а масцы — толькі адной з жанчын, якая спадабалася... Напраўду, вельмі далёкія былі адно ад аднаго я і маска — нас раздзяляла бездань. Мы адрозніваліся, але ж гэта верхні слой твару на некалькі міліметраў, усё астатняе агульнае, і таму ты, можа, палічыш, што размовы пра бездань — проста прыгожыя словы, але мне хочацца, каб ты ўспомніла, як змайстравана грамафонная пласцінка. Так проста, a колькі дзесяткаў тонаў можа яна ўзнавіць. Таму няма ніякага дзіва, што чалавечае сэрца б’ецца адначасна ў двух процілеглых тонах.

Ведама, дзівіцца няма чаго. Ты ж і сама была распалавіненая. Я жыў двайным жыццём, і ты таксама стала жыць двайным жыццём. Я ператварыўся ў чужога чалавека, надзеўшы чужую маску, і ты таксама стала чужым чалавекам, надзеўшы маску самой сябе. Чужы чалавек, які надзеў маску самога сябе... Не надта прыемнае спалучэнне слоў. Я загадзя разлічваў сустрэцца другі раз і павінен быў мець дэталёва адпрацаваны план, а ў выніку даводзілася, здаецца, другі раз расставацца. Напэўна, недзе зрабіў я недаравальны пралік.

Калі б я мог дапусціць, што дойдзе да гэтага, лепей было адразу павярнуць назад... He, яшчэ лепей, не паварочваючы назад, проста папытацца ў цябе пра прыпынак, а з астатнімі планамі моўчкі развітацца, але... Дык чаму ж я паслухмяна іду на повадзе ў маскі?.. He ведаю, ці вартае чаго-небудзь маё тлумачэнне: майму ашуканаму каханню здрадзілі, і яно стала нянавісцю, жаданне аднавіць сцяжынку не знайшло водгуку і ператварылася ў помслівасць, і, бо я ўжо дайшоў да гэтага, атрымалася так, што, хоць намеры ў нас былі процілеглыя, у сваіх дзеяннях я пачаў ісці ў нагу з маскаю, каб да канца пераканацца, што ты няверная... Але пачакай трохі — мне здаецца, што і ў пачатку гэтых запісак я часта ўжываў слова «помста», і ўсё ж... Праўда, ужываў... Тады галоўнаю прычынаю для вырабу маскі было імкненне, ашукаўшы цябе з яе дапамогаю, адпомсціць фанабэрыстасці сапраўднага твару.

Потым я стаў схіляцца да рэабілітацыі іншых людзей, думка пра тваю спакусу таксама набыла развагу, сузіральнасць, потым прыбавілася нешта плоцевае, успыхнуў выбух кахання, якое прыняло форму рэўнасці, рэўнасць, наткнуўшыся на забаронены плот, выклікала любоўныя сутаргі, падобныя на смагу, я стаў эратычны і ўрэшце зноў ператварыўся ў палонніка помсты.

У апошнім прыліве помслівасці было нешта такое, што не задавальняла, непакоіла мяне. Якую помсту выбраць, пераканаўшыся ў тваёй нявернасці? Ці павінен я, выклаўшы табе доказы, выслухоўваць паказанні ці прымусіць цябе да разводу? Hi ў якім разе — калі я зраблю што-небудзь падобнае, дык страчу цябе. Калі нашы адносіны дазваляюць толькі падглядваць тваю здраду скрозь пралом у забароненым плоце, які разбурылі ты і маска, — выдатна, я гатовы падглядваць так усё жыццё. Але ці будзе ажыццёўлена помста шляхам такое безупыннае ненармальнасці? Прыладжваючыся ж да мае раздвоенасці, ты павінна будзеш бязмежна цярпець тую самую раздвоенасць. Hi каханне, ні нянавісць... Hi маска, ні сапраўдны твар... Відаць, у гэтай густой шэрай імжы я набываў часовую раўнавагу.