Выбрать главу

Аднак, у адрозненне ад мяне, а я вырашыў спакойна адмовіцца ад свае задумы, маска, якая павінна была трымацца горда і незалежна, наадварот, пачала траціць самавалоданне. Твае словы, кінутыя нечакана, калі потым, праз дзесяць мінут, ты сядзела ў рэстаране ў канцы падземнага пераходу і памешвала лыжачкаю каву, адабралі ў маскі самаўпэўненасць, быццам загналі яе між двума люстэркамі і прымусілі гаварыць самую з сабою.

— Мой муж якраз у камандзіроўцы, таму...

Што «таму»? Болей ты нічога не сказала, у маскі таксама не было жадання распытвацца. Цвярозы розум падказваў, што твае словы можна зразумець гэтак: таму, вярнуўшыся дахаты, мне не трэба будзе гатаваць абед і нічога не здарыцца, калі я паем у горадзе, — гэта значыць, ты нібыта апраўдвалася ў тым, што згадзілася на маю прапанову, — так іх таксама можна было ўспрыняць. Але ў змрочнай халоднасці твайго тону была, найхутчэй, рашучасць, быццам ты сцвярджала сябе ў сваіх вачах, і эфект быў такі самы, як калі б ты пстрыкнула па носе самаўлюбёнай масцы...

Пра што ж мы гаварылі?.. Ага, вось, маска вычытанымі недзе словамі пахваліла форму тваіх пальцаў, потым папыталася пра ранку на вялікім пальцы на правай руцэ (ты параніла палец, калі майстравала гузікі), і, пераканаўшыся, што твая рука не хаваецца ад яе пагляду, выбрала тэмаю размовы адносіны паміж людзьмі як алгебраічнае ўраўненне, якое не ўключае такіх умоў, як імя, прафесія, месца жыхарства, і адразу, помніцца, стала выведваць твой настрой. Маска, якая цвёрда ведала, каму належыць галоўная роля ў спробе спакусіць цябе, гатовая чыніць з табою што ёй уздумаецца, замерла ў здзіўленні, як дзіця, нечакана абыдзенае, адкінутае ўбок сапернікам.

ПАМЕТКІ НА ПАЛЯХ. Я ўспамінаю, што страшэнна тады хваляваўся, баючыся, каб ты не пазнала, што за маскаю хаваюся я.

Калі ўдумацца, дык, па сутнасці, няма ніякіх доказаў, што спакусіла маска, а спакушанаю аказалася ты. Усё было зроблена тонка; ці не спакусілася ты па сваёй волі, незалежна ад хітрыкаў маскі? Так ці інакш, пачынаць усё нанава было немагчыма, і масцы, каб натхніць сябе, не аставалася нічога іншага, як ператварыцца ў яшчэ большага спакусніка.

Але колькі б яна ні старалася трымацца як спакушальнік, гэта было не патрэбна — ты ўжо была спакушаная жанчына. Калі авалодваеш адною рукою, значыць, ашуканая адна рука; калі ж авалодаць абедзвюма рукамі, дык будуць ашуканы абедзве рукі, — гэтак кажуць. Вось чаму ўсё роўна, пакуль мы былі ў рэстаране, маска з усяе сілы старалася не вяртацца да размовы пра твайго «мужа». Тое самае стасуецца і да п’явак: як бы ні здавалася, што гэтую тэму можна чапаць спакойна, як лагічна ні даказваць, што гэта датычыцца другога чалавека, — усё роўна страшна. Тым не менш, калі ты не выказала ніякага жадання вяртацца да гэтае тэмы, я страшэнна зазлаваўся, — увогуле, прыкрае становішча. Напраўду, ты ігнаравала «яго», значыць, мяне. Болей чым непрыемная пагарда. Але, з другога боку, нельга сказаць, што я хацеў, каб ты зачапіла гэтую тэму, — увогуле, становішча ў мяне было даволі цяжкае. Калі б ты зноў загаварыла пра «яго», гэта можна было б выкарыстаць, каб утаймаваць маску. Мне, як спакусніку, аставалася толькі спадзявацца, што ты, як і раней, будзеш маім хаўруснікам. Мяне абурыла твая дзіўная манера ўсміхацца адною ніжняю губою. Яшчэ болей затрывожыла тое, што ты глядзела скрозь мяне некуды ўдалечыню. Я адчуваў сябе вінаватым за тое, што ты адмовілася ад прапанаванага піва. Але і не хацеў, каб ты піла залішне многа. Адным словам, адчуваў сябе як чалавек, якога пасадзілі ў ледзяную ванну і адразу аблілі кіпнем. Левае вока, быццам разглядаючы трафей, пяшчотна глядзела на твае пальцы, якія крышылі хлеб, — далікатныя, мяккія пальцы, быццам змочаная вадою трусіная шкурка, калі забыцца на ранку, атрыманую, калі рабіла гузікі; правае вока — як ашуканы муж, сведка жончынай нявернасці, курчыўся ад болю. Любоўны трохвугольнік, які на чарцяжы быў бы паказаны адною лініяй: «я», «маска — маё другое «я» і «ты».