Калі мы паелі, час, як жэле, пачаў адразу застываць вакол нас. Можа, што цяжкая столь? Непрапарцыянальна грувасткі бетонны слуп у цэнтры залы і наводзіў на думку пра непамерны цяжар таго, што ён падтрымліваў. Дый у гэтым падземным рэстаране не было акон. Нішто не пацвярджала існавання дваццаці чатырохгадзіннай адзінкі сонечнага часу. Было толькі штучнае святло, якое не мела перыядычнасці. А за сценамі рэстарана па вертыкальных пластах, што ішлі ўглыбіню, па падземных рэках цёк час, які налічваў дзесяткі тысяч гадоў. I твой «муж», які павінен паганяць наш час, пакуль мы так чакаем яго, ніколі не вернецца. О час, згусціся, ператварыся ў сасуд, які хаваў бы толькі нас дваіх! Тады, гэтак і астаючыся ў сасудзе, мы перасячом вуліцу, і месца, куды мы прыйдзем, стане нашаю новаю пасцеллю.
Аднак ні я, ні маска не ведалі тваіх сапраўдных намераў. He адмаўляючыся, настолькі не працівячыся, што стваралася нават уражанне, быццам чакала гэтага, — ты прыняла мой няхітры манеўр: спачатку запрасіць цябе выпіць кавы, а потым паабедаць, але... нейкі час маска аптымістычна лічыла, што ўсё ідзе па плане, але... такая твая рашучая пазіцыя, быццам усе цаглінкі свае свядомасці ты ўжо змацавала растворам, зноў кінула маску ў роспач і страх. Ты не была, ведама, проста непрыветлівая. Раз ты згадзілася быць спакушанаю, непрыветлівасць даказвала б, што ты надта многа думала пра забаронены плот, і да цябе, наадварот, лягчэй было падступіцца, але ты была даволі мяккая, не забывалася пра далікатную клапатлівасць. Ты не баялася, трымалася смела, натуральна, свабодна. Увогуле, ані не адрознівалася ад тае, якая была звычайна, ты была ты.
Ад гэтае твае нязменнасці маска збянтэжылася. Дзе ж нарэшце хаваеш ты вязкае, як цягучка, дыханне чалавека, які чакае спакушэння, яго зіхатлівыя пагляды, што гараць унутраным агнём, узбуджанасць, выкліканую чаканнем? Сутаргава ўхапіўшыся за краі круглага абедзеннага стала, мы нагадвалі расплюшчаныя кветкі дзьмухаўца, заціснутыя паміж старонкамі сонечнага часу. I тое, што, прагна глытаючы сліну, я, ухапіўшыся за забаронены плот, чакаў імгнення, калі змагу разам з табою ўдзельнічаць у яго разбурэнні, — хіба гэта было толькі самазадаволенай фантазіяй маскі? Вось таму канец абеду ў той жа час быў вычварным канцом вычварнае сустрэчы...
Афіцыянт моўчкі, быццам яго тут зусім няма, як вымагалі правілы, збіраў са стала. Паверхня вады ў шклянках зарабацілася, — відаць, прайшоў цягнік у метро. Маска, выяўляючы нецярпенне, прадаўжала недарэчную балбатню, а ў прамежках старалася ўстаўляць словы, якія выклікалі сексуальныя асацыяцыі, але ты не рэагавала ніяк — ні станоўча, ні адмоўна. Сочачы краем вока за разгубленасцю маскі, я яхідна апладзіраваў і адначасна шкадаваў, што ніяк не магу абвінаваціць цябе ў нявернасці.
Аднак гэта цягнулася мінут дваццаць, а потым — помніш, напэўна? — маска, выйшаўшы з анямення, выцягнула нагу, і насок чаравіка дакрануўся да твае шчыкалаткі. У цябе на твары адбілася ледзь прыкметнае хваляванне. Пагляд замёр недзе ў прасторы. Паміж брывамі залегла складка, губы зварухнуліся. Але ты паблажліва, са спакоем, з якім ранішняе святло паступова захоплівае начное неба, прыняла ад маскі гэтыя дарэмныя намаганні. Маску распіраў смех. Не маючы выйсця, смех нібыта зараджаўся электрычнасцю і паралізаваў маску. На гэты раз ёй як быццам удалося падстрэліць здабычу. Увогуле, можна не хвалявацца. Сканцэнтраваўшыся на тваіх пачуццях, якія перадаваліся цераз насок чаравіка, маска таксама прыкусіла язык і аддалася асалодзе нямое размовы.
I на самай справе, бесцырымонна балбатаць было небяспечна. Напрыклад, мы надзіва аднадушна загаварылі пра садовыя дрэвы; у абаіх нечакана ўзнікла тэма бяздзетнае жанчыны; у алегорыях, вобразных выразах міжволі я стаў ужываць хімічныя тэрміны — калі я буду гэтакі неасцярожны, паявяцца горы доказаў, якія могуць выдаць маску. Чалавек, мабыць, загаджвае жыццё сваімі спаражненнямі часцей, чым сабака прыпыняецца каля слупоў.
Але мне быў нанесены бязлітасны ўдар. Спакой, з якім ты дазваляла спакушаць сябе, не ўкладваўся ў маёй галаве, але я добра ўяўляў, як падабалася гэта масцы, — вось што было страшным мне ўдарам. I мая ж нага, якая дакраналася да твае шчыкалаткі, была напраўду маёю нагою, і я гэта добра разумеў, але калі з усяе сілы не сканцэнтравацца, дык у мяне створацца толькі ўскосныя, несфакусаваныя ўражанні, быццам далёкія падзеі, народжаныя фантазіяй: калі аддзяліўся твар, аддзялілася і цела. Я прадчуваў гэта, але варта было сутыкнуцца з гэтым фактам — і мяне ўсяго пераварочвала ад болю. Калі такое адбываецца са мною з-за шчыкалаткі, дык ці здолею я захаваць самавалоданне, калі зразумею, што ўсё тваё цела даступнае? Ці здолею тады я працівіцца жаданню садраць маску? Ці здолею я, пры павышаным ціску, зберагчы форму нашага сюррэалістычнага трохвугольніка, і так ужо напружанага да мяжы?..