Выбрать главу

З такою цяжкасцю, сціснуўшы зубы, цярпеў я гэтую пакуту ў нумары дзяшовае гасцініцы. Не садраўшы маскі, не задушыўшы цябе, я звязаў сябе тоўстаю саламянаю вяроўкаю, запхнуў у мяшок, пакінуў толькі дзіркі вачам, і мусіў глядзець, як ты аддаешся. Крык бяссілля засеў у мяне ў горле. Надта проста! Болей чым проста! Пасля сустрэчы не прайшло і пяці гадзін — так усё проста! Калі б ты хоць для выгляду супраціўлялася... Ну, а колькі гадзін задаволілі б мяне? Шэсць гадзін? Сем гадзін? Восем гадзін... Глупства якое, камічныя развагі... Распуста твая так і астанецца распустаю, ці пройдзе пяць гадзін, ці пяцьдзесят, ці пяцьсот.

Але чаму ж тады не паклаў я канец гэтаму ганебнаму трохвугольніку? З помсты? Можа. Было і гэта, былі, думаю, і іншыя матывы. Калі б проста з помсты, дык, напэўна, найлепей было б адразу садраць маску. Але я баяўся. Найболей, ведама, баяўся я жорсткіх учынкаў маскі, якая бязлітасна перавярнула, разбіла ўсё маё спакойнае жыццё, ну і, апрача гэтага, яшчэ страшнейшае было б вяртанне да тых дзён пустэльніцтва, калі ў мяне не было твару. Страх жывіў страх, і я, быццам бязногая птушка, якая страціла магчымасць апусціцца на зямлю, мусіў усё лятаць і лятаць. Ды гэта яшчэ не ўсё... Калі я напраўду не маю сілы вытрываць такое — ёсць другое выйсце: маска астаецца жывая і забівае цябе... Твая нявернасць бясспрэчная, але, на шчасце, у масцы я маю алібі... Нявернасць — сур’ёзная віна... Маска зможа цалкам задаволіцца...

Але я не зрабіў і гэтага. Чаму? Можа, таму, што не хацеў страціць цябе? Не, якраз не хочучы страціць цябе, я меў даволі падстаў для забойства. Няма сэнсу шукаць разумнасць у рэўнасці. Ну, глядзі: ты ж тады ўпарта адхіляла мяне, не глядзела ў мой бок, а цяпер ляжыш, распластаўшыся, пад маскаю! Шкада, што святло было патушана і я не мог убачыць усяго сваімі вачыма, але... Твой падбародак, у якім дзіўна жылі супольна сталасць і нясталасць... Цёмная радзімка пад пахаю... Шрам ад аперацыі апендыцыту... Чубок кучаравістых валасоў... Усё гэта зганьбавалі, усім завалодалі. Калі б я толькі мог, мне хацелася б разгледзець усю цябе пры яркім дзённым святле. Ты ўбачыла і адхіліла гнездзішча п’явак, ты ўбачыла і прыняла маску, і таму ты не маеш права абурацца, што ўбачыў і я цябе. Але святло і мне не патрэбна. Па-першае, я не змог бы зняць акуляраў. I, галоўнае, на маім целе таксама былі розныя меткі: шрам на сцягне, які астаўся ад таго разу, калі мы даўным-даўно разам ездзілі на лыжах, і многія другія, пра якія я не ведаў, а ты, найхутчэй, ведала.

Замест вачэй я мабілізаваў усё, што можна адчуваць, — калені, рукі, далоні, пальцы, язык, нос, вушы, — кінуў іх у атаку, каб завалодаць табою. He ўпускаючы нічога, што служыла б сігналам, які ідзе ад твайго цела, — ні дыхання, ні ўздыху, ні руху суставаў, ні скарачэння мышцаў, ні выдзяленняў скуры, ні сутаргаў галасавых звязак...

I ўсё ж мне не хацелася б зрабіцца проста катам. З мяне былі выціснуты ўсе сокі, я высыхаў і адначасна павінен быў трываць гэтую распусту, трываць гэтую барацьбу. У такой агоніі і смерць траціла прадбачаную ў ёй вастрыню, і забойства бачылася толькі невялікім варварствам... Што ж, па-твойму, прымусіла мяне выбраць цярпенне? Можа, гэта здасца табе дзівам — годнасць, якая была ў табе, хоць цябе зганьбавалі. Не, «годнасць» гучыць крыху дзіўна. Не, гэта зусім не было згвалтаваннем, не было і аднабаковаю беззаконнасцю маскі — ты ні разу, нічым не паказала, што адхіляеш яе, і, значыць, цябе трэба лічыць, найхутчэй, саўдзельніцай. А калі саўдзельнік трымаецца з годнасцю з сваім хаўруснікам, гэта выглядае камічна. Правільней, мабыць, сказаць, што ў цябе быў выгляд упэўненай у сабе саўдзельніцы. Таму, як бы адчайна ні змагалася маска, яна не змагла ператварыцца ў распусніка, не кажучы ўжо пра гвалтаўніка. Ты аставалася літаральна недаступная. Але факт астаецца фактам — ты распусніца і няверная. I факт астаецца фактам — рэўнасць клекатала ўва мне, як дзёгаць у катле, як дым, які вырываецца з коміна пасля дажджу, як гарачая крыніца, што кіпіць разам з граззю. Але здарылася непрадбачанае — стаўшы ў позу недаступнасці, ты ўрэшце не падпарадкавалася масцы, і гэта ўразіла мяне, ашаламіла.

Нельга сказаць, каб мне ўдалося цалкам зразумець, што прымусіла цябе так упэўна пайсці на здраду. Напэўна, усё ж не пажадлівасць. Калі б пажадлівасць, ты павінна была б тады болей адкрыта какетнічаць. Але ты, быццам спраўляючы абрад, з пачатку і да канца старанна захоўвала спакой. Я папраўдзе не разумею. Што адбываецца ў табе? Я не мог улавіць і намёку. Блага яшчэ і тое, што ўкаранелае адчуванне паражэння да самага канца — ва ўсякім выпадку, да таго часу, калі пішуцца гэтыя запіскі,— так і асталося, як пляма, якую нельга змыць. Гэтае самакатаванне, якое з’ядае вантробы, страшнейшае за прыпадкі рэўнасці. Хоць я надзеў маску знарок, каб аднавіць сцяжынку і завабіць цябе на яе, ты прайшла міма мяне і схавалася ўдалечыні. I гэтак, як і раней, калі ў мяне не было яшчэ маскі, я астаўся адзін.