Не разумею я цябе. Наўрад ці ты згадзілася на запрашэнне толькі таму, што цябе запрасілі і табе было ўсё роўна, хто запрашае, наўрад ці ты выдавала сябе за вулічную жанчыну, але... Але няма і доказаў, што гэта не так. Ці, можа, ты была ад прыроды прадажная, а я проста гэтага не дапускаў? Не, прадажная не можа з такою ўрачыстасцю выдаць сябе за жанчыну. Калі б ты была прадажная, дык, задавальняючы чужую пажаднасць, не пагарджала б чалавекам, не змушала б на самакатаванне. Кім жа ты была? Хоць маска з усяе сілы старалася разбурыць перашкоду, ты, не дакрануўшыся, праслізнула скрозь яе. Як вецер ці як дух...
Я не разумею цябе. Далейшыя эксперыменты з табою прывядуць толькі да аднаго — да мае гібелі.
Раніцаю — хоць якая раніца, было ўжо каля паўдня — мы да самага адыходу з гасцініцы амаль не гаварылі. З-за таго, што я ўвесь час прачынаўся ад страху, што ў сне ў мяне спаўзае маска, з-за сноў, быццам я павінен некуды ехаць, быццам па дарозе згубіў білет, стома скавала пераносіцу, нібыта ўсадзілі туды кол. Дзякуючы масцы я змог, як і ты, не дапусціць на твар стомы і сораму. Але па віне тае самае маскі я не мог ні памыцца, ні пабрыцца. Маска асталася нязменная, туга сціскала ацёклы за ноч твар; адрослыя валаскі, наткнуўшыся на перашкоду — маску, загнуліся і пачалі ўрастаць у скуру — стан жахлівы. Увогуле, маска таксама няшчасная штука. Хацелася як мага хутчэй расстацца з табою і вярнуцца ў сховішча.
Калі закурыўшы цыгарэту, мой сапраўдны твар, змушаны ўвесь гэты час выконваць няўдзячную ролю, загаварыў пра тое, што магло выклікаць у цябе пакуты сумлення, ты раптам нерашуча падала мне сінявата-зялёны гузік. Гэта быў не той, што падняў я, гузік, a другі, з якім ты вазілася тады, яшчэ паўмесяца назад. У той час мяне раздражняла тваё захапленне, але, убачыўшы гэты гузік зноў, я, здаецца, зразумеў цябе. Тонкія сярэбраныя ніткі, нібыта ўціснутыя іголкаю, перапляталіся ў чароўным бязладдзі, прашываючы тоўстую аснову з лаку. Здавалася, у тым гузіку застыў твой нямы крык. Гузік здаўся мне збродлівым катом, якога выгадавала з бязмежнаю любоўю старая, адзінокая жанчына. Наіўна? Можа. Але варта было мне падумаць, што гэта палкі пратэст супраць «яго», які ні разу нават не ўспомніў пра твае гузікі, і ўчынак твой адразу здаўся мне добра прадуманым... Я збіраўся абвінавачваць цябе, а замест гэтага абвінавачаны аказаўся сам — увогуле, я навучыўся па-майстэрску цярпець паражэнне. Хто, цікава, сказаў глупства, быццам жанчынаю можна завалодаць?..
Вуліца ўся зіхацела ад святла, быццам храміраваная. Рэальны быў толькі пах твайго поту, што астаўся ў носе. На скорую руку прывёўшы ў парадак твар, я паваліўся на ложак і прачнуўся досвета. Выходзіла, што праспаў я амаль семнаццаць гадзін. Твар гарэў, быццам па ім шарганулі рашпілем. Адчыніўшы акно і гледзячы на неба, якое паволі святлела блакітам, я пачаў прыкладваць да твару мокры ручнік. Паступова неба стала набываць колер гузіка, які ты мне дала, a потым колер успененага вінтом мора, якое сплывала за кармою. Мяне ахапіла туга, да болю ўчапіўшыся рукамі за грудзі, я міжволі заныў... Што за бясплодная чысціня! У гэтай сінечы жыццё немагчымае. Было б так добра задушыць учора і пазаўчора, каб яны зніклі. Калі прааналізаваць мой план толькі адносна формы, дык нельга сказаць, што ён не прынёс ніякага поспеху, але хто сабраў ураджай з гэтага поспеху і які? Калі і быў чалавек, што сабраў ураджай, дык гэта ты адна, без сораму выдаўшы сябе за вулічную жанчыну і, як вялізазны адчувальны цень, пралезшы скрозь Macicy. Але цяпер тут асталася толькі сінеча неба і боль твару... Маска, якая павінна была стаць пераможцам, глядзелася на стале недарэчна, як непрыстойная карцінка пасля задавальнення жадання. Можа, выкарыстаць яе як мішэнь для практыкаванняў у стральбе з духавога пісталета?.. А потым парваць на дробныя шматкі, быццам нічога і не было?..
Але ў гэты час сінеча паблякла, вуліца стала набываць свой дзённы твар, і тады маё маладушнае ныццё адвалілася, як старая болька, і я бязлітасна быў вернуты да непазбежнае рэальнасці — да гнездзішча п’явак. Хай сабе маска болей не зможа даць мне сноў, падобных на святочны феерверк, але яшчэ горай — адмовіцца ад маскі і жывога пахаваць сябе ў каменным мяшку без адзінага акна. Пасля ўчарашняга я яшчэ вагаўся, але калі б мне ўдалося дакладна знайсці ў нашым трохвугольніку цэнтр цяжару, дык, напэўна, не было б ужо так немагчыма, спрытна трымаючы раўнавагу, выкарыстаць маску. Якія б бурлівыя ні былі мае часовыя эмоцыі, любы план вымагае пэўнага часу для дапрацоўкі — гэта ўжо папраўдзе.