Выбрать главу

Я хуценька паеў і раней, чым звычайна, выскачыў з дому. Паколькі я павінен быў зноў выступаць у ролі «самога сябе», які нібыта вярнуўся з тыднёвае камандзіроўкі, сёння пасля доўгага перапынку твар зноў забінтаваны. Выходзячы, я зірнуў на свой твар, які адлюстроўваўся ў акне, і збянтэжыўся. Такі жах! Я зусім па-новаму зразумеў адчуванне вызвалення, якое давала маска. А што, калі проста цяпер вярнуцца дамоў?.. Такая думка мяне самога падагнала... Гэта цябе ўразіць — адчуванні мінулае ночы, безумоўна, яшчэ жывыя ў тваім целе. Варта паспрабаваць. Але ці змагу я гэта вытрываць? — вось у чым пытанне. Упэўненасці, на жаль, не было. Адчуванні мінулае ночы асталіся і ў мяне. Я, мабыць, мучу цябе ў прыпадку раз’юшанасці ад таго, што ўсё выявілася. Ды як я ні пакутаваў, усё роўна хацелася на нейкі час зберагчы трохвугольнік. А нашу сустрэчу, калі я буду «самім сабою», давай адкладзём на той час, калі я сустрэнуся з працверазелым навакольным светам і супакоюся.

Але ці напраўду ён працверазіўся, гэты навакольны свет?

Вароты інстытута былі яшчэ зачыненыя. Калі я ўвайшоў у бакавыя дзверы, вартаўнік, з зубною шчоткаю ў роце, круцячы ў руках гаршчок з-пад кветак, так спалохаўся, што на імгненне анямеў. Ён паспешліва кінуўся ў вестыбюль, але я спыніў яго і папрасіў ключа. Звыклы пах хімікатаў быў мне як разношаныя чаравікі. Але бязлюдны будынак інстытута нагадваў прыстанак зданяў, у якім жыла толькі душа дрэва — пахі, гукі крокаў. Каб аднавіць адносіны з рэальнасцю, я перавярнуў шыльдачку са сваім імем тварам угору і хутка адзеўся ў белы халат. На грыфельнай дошцы быў запісаны ход эксперыменту, што праводзіў асістэнт групы С. Вынікі выдатныя. Вось усё, што прыйшло мне ў галаву, болей да гэтае думкі я не вяртаўся. Гэты чалавек, які распальваў саперніцтва і рэўнасць, быў апанаваны прагаю славы, стараўся абскакаць другіх, каб атрымаць замежную літаратуру, ламаў галаву над праблемаю кадраў, упадаў у істэрыку з-за фінансавання эксперыментаў і разам з тым старанна працаваў, знаходзячы ў гэтым сэнс жыцця, быў не я, а нехта другі, вельмі на мяне падобны. Мне ўявілася, што маё колішняе «я» роднае майму сапраўднаму «я» толькі ў той меры, у якой родны душы дрэва пах, гук крокаў. У тэхніцы існуюць свае адмысловыя законы тэхнікі, і які б ні быў твар, на іх гэта не паўплывае. Ці можна, напрыклад, сцвярджаць, што хімія і фізіка трацяць сэнс, калі ў сабе не падабраць чалавечых адносін усіх ступеняў, такіх як: адносіны вадзяных блох, медуз, паразітаў, свіней, шымпанзе, палявых мышэй. Ведама ж, не! Чалавечыя адносіны толькі прыдатак людское працы. Іначай не асталося б нічога іншага, як адразу адмовіцца ад паліятыўнага маскараду і налажыць рукі на сябе...

He, проста здаецца... Нікога няма, і таму надта завабліваюць пахі і гукі крокаў... Нікога гэта не патрывожыць; невялікая рана на скуры не будзе замінаць працаваць... Што б там ні казалі, тое, што я тут раблю, мае дачыненне толькі да мяне. Ці стану я празрысты, ці стану бязносы, ці стане мой твар падобны на мызу бегемота... Пакуль я магу працаваць з апаратураю, пакуль я магу мысліць, стрэлка майго компаса заўсёды будзе накіравана на гэтую праду.

Нечакана падумаў пра цябе. Існуе думка, што жанчыны накіроўваюць стрэлку свайго компаса на каханне. Цяжка паверыць, што гэта праўда, але, здаецца, жанчына сапраўды можа быць шчаслівая адным каханнем. Ну, а ты цяпер шчаслівая?.. Раптам мне захацелася паклікаць цябе сваім голасам і пачуць у адказ твой голас. Я зняў трубку і набраў нумар, але пасля другога гудка павесіў яе. Сэрца не было гатовае. Я ўсё яшчэ баяўся.

Тут сталі збірацца супрацоўнікі, і кожны вітаў мяне са спачуваннем, да якога прымешваўся нейкі страх — і да будынка, і да мяне нарэшце вярнуўся чалавечы дух. Залішне ўжо я нерваваўся. Нічога асабліва добрага не адбылося, але і нічога кепскага не здарылася. Калі б мне ўдалося ў інстытуце зрабіць сцяжынкаю да другіх людзей працу, а тое, чаго не стае, дапоўніць з дапамогаю маскі і прывыкнуць да такога двайнога жыцця, дык, аб’яднаўшы іх разам, я ператварыўся б у ідэальнага чалавека. Не, маска не проста заменнік сапраўднага твару — яна дае сапраўднаму твару фантастычныя прывілеі ў пераадоленні любога забароненага плота, адчыняе перад ім усе дзверы, і таму мне давядзецца весці жыццё не аднаго чалавека, a мноства людзей адначасна. Але ўсё роўна спачатку трэба прывыкнуць. Я прымяркоўваюся, залежна ад месца і часу, з лёгкім сэрцам мяняць адзенне. Гэтаксама як грамафонная пласцінка мае здольнасць адначасна даваць колькі хочаш гукаў.