Днём адбыўся невялікі інцыдэнт. У кутку ў лабараторыі сабраліся ў кружок некалькі чалавек, а я з абыякавым выглядам стаў падыходзіць да іх, і малады асістэнт, які стаяў у цэнтры, паспрабаваў нешта схаваць. Калі я папытаўся, выявілася, што і хаваць няма чаго: гэта быў зварот, у якім гаварылася пра тое, што трэба вырашыць пытанне пра эміграцыю карэйцаў. У дадатак, хоць я і не зрабіў яму заўвагі, ён пачаў шматслоўна прасіць прабачэння, а астатнія сарамліва лыпалі вачыма.
... Ці не таму ўжо, што чалавек, які страціў твар, не мае права паставіць свой подпіс на карысць карэйцаў? Ведама, у асістэнта не было благога намеру, — проста ён, напэўна, падмеціў, ад чаго я шалею, і ўстрымліваўся ад спачування. Калі б у людзей ніколі не было твару, наўрад ці магла б узнікнуць праблема расавых адрозненняў, няхай сабе гэта быў бы японец, ці карэец, ці рускі, ці італьянец, ці палінезіец. Усё-такі, чаму ж тады гэты малады чалавек, такі велікадушны, рабіў падобнае адрозненне паміж мною, чалавекам без твару, і карэйцамі, якія маюць іншы твар? Ці нельга дапусціць, што калі чалавек у працэсе эвалюцыі адышоў ад малпы, дык адбылося гэта не дзякуючы руцэ і прыладзе, як звычайна сцвярджаюць, а таму, што ён стаў вылучаць сябе па твары?
Тым не менш, не абураючыся, я папрасіў, каб мне таксама далі падпісаць. Усе, мабыць, з палёгкаю ўздыхнулі. Але нейкі непрыемны асадак усё роўна астаўся. Што прымусіла мяне рабіць тое, да чаго зусім не ляжала душа? Нябачная сцяна, якая называецца «тварам», заступала мне дарогу. Ці можна назваць гэта працверазелым светам?
Раптам я адчуў неадольную стому, і, прыдумаўшы зручную прычыну, раней, чым звычайна, пайшоў дамоў. Я яшчэ не мог сказаць, што да мяне вярнулася адчуванне, быццам у мяне сапраўдны твар, і наўрад ці можна было спадзявацца на вялікія перамены. Ва ўсякім выпадку, мой твар забінтаваны, і калі я не загавару, няма чаго непакоіцца, што маё хваляванне заўважаць, дый не я адзін буду хвалявацца. Мабыць, куды болей трэба трывожыцца пра тое, каб, гледзячы на тваё хваляванне, прыкідвацца, што не бачу яго. Я бясконца паўтараў сабе, што нават калі заўважу, што ты вельмі збянтэжылася, гэта не павінна ўзрушыць мяне, прымусіць страціць над сабою кантроль.
Але, сустрэўшы мяне пасля тыднёвае ростані, ты не паказала і ценю сораму — у тваіх паводзінах, у кожнай рысачцы твару, гэтаксама, як і тыдзень назад, таілася насмешка, і спачатку я нават атарапеў ад такой абыякавасці. Здавалася, быццам цябе прывезлі ў самалёце-рэфрыжэратары такую самую, якая ты была да майго ад’езду. Можа, маё існаванне так мала значыла табе, што ты не лічыла патрэбным траціць сілу на тое, каб берагчы свае тайны? Ці, можа, на самай справе ты была д’яблам у абліччы анёла, нахабная бессаромнасць складала сапраўдную тваю сутнасць? Урэшце я сярдзіта папрасіў цябе расказаць пра навіны за тыдзень мае адлучкі; ані не памяняўшыся ў твары, з наіўным выглядам поркаючыся з маім адзеннем, ты пачала балбатаць, быццам адзінокае дзіця, што забаўляецца з кубікамі, пра дамашнія справы, якія цябе трывожылі: пра тое, што суседзі, парушаючы інструкцыі архітэктурных органаў, пачалі рабіць прыбудоўку да свайго дома, і ў іх з уладамі пачалася пісьмовая бітва, а ў іх дзіцяці — бяссонніца з-за сабачага брэху, што голле дрэваў у дварэ надта звешваецца на вуліцу, што, можа, варта зачыняць акно, калі мы ўключаем тэлевізар, што пральная машына прыкра вурчыць і ці не купіць новую. Няўжо гэта той самы чалавек, які ў мінулую ноч шчодра, быццам фантан, перапаўняў мяне пачуццём, няўжо перада мною сталая, сапраўдная жанчына?.. He верыцца... Я так адчайна змагаюся з раздваеннем паміж тварам і маскаю, якое пачалося ўжо пасля таго, як я быў у поўным узбраенні, а ты спакойна вытрывала раздваенне, якое было табе зусім нечаканае, і ў цябе не асталося і ценю раскаяння... У чым жа справа? Гэта так несправядліва! А калі сказаць табе, што я ўсё ведаю, га?.. Калі б у мяне быў з сабою той гузік, цяпер бы я моўчкі падсунуў яго табе пад нос.
Але мне асталося адно — маўчаць як рыба. Раскрыць тайну маскі — значыць, раззброіцца. Не, калі б мне ўдалося апусціць цябе да аднаго са мною ўзроўню, тады можна было б і раззброіцца. Але ўсё роўна баланс будзе не на маю карысць. Нават калі я сарву з цябе маску крывадушнасці, на табе іх тысяча, і адна за адною будуць паяўляцца ўсё новыя, а ў мяне маска адна, і пад ёю — толькі мой сапраўдны твар.
Наш дом, у якім я не быў ужо тыдзень, як губка, быў насычаны звыклаю будзённасцю, і сцены, і столь, і цыноўка на падлозе — усё здавалася непахісна трывалым; але таму, хто пазнаў маску, гэтая трываласць бачылася яшчэ адным забароненым плотам, таксама звыклым. I гэтаксама як існаванне перашкоды было найхутчэй умоўнае, чым рэальнае, маё існаванне без маскі стала няўлоўна-празрыстае; маска ж, ці той, яшчэ адзін свет, да якога я дакрануўся дзякуючы масцы, бачылася мне рэальнасцю. He толькі сцены нашага дома здаваліся мне такімі, але і ты таксама... Хоць не прайшло яшчэ і сутак, як я зведаў безнадзейнае пачуццё паражэння, якое можна параўнаць толькі са смерцю, але я ўжо адчуваў прагу твае рэальнасці, якая мяне паралізавала і якая адкрылася мне дзякуючы дотыку. Мяне ахапілі дрыжыкі. Калі крот не дакранаецца да якіх-небудзь прадметаў кончыкамі сваіх вусоў, ён пачынае нервавацца. Гэтак і я — мне трэба было што-небудзь чапаць рукамі... Гэтак адчувае сябе наркаман, у якога кончыўся наркотык, хоць добра разумее, што гэта наймацнейшы яд... Напэўна, я ўжо пачаў адчуваць сімптомы забароны.