Далей я не мог цярпець. Мне было ўсё роўна, я хацеў аднаго — найхутчэй прыплысці назад, на цвёрдую зямлю. Я лічыў, што гэта наш дом, а ён аказаўся часовым прытулкам, і падумаў нават, што якраз маска — не «часовы» твар, а сапраўдная цвёрдая зямля, якая вылечыла мяне ад марское хваробы. I я вырашыў пайсці адразу ж пасля вячэры, выдумаўшы, што нечакана ўспомніў пра эксперымент, перапынены ў час мае камандзіроўкі, які трэба кончыць як найхутчэй. Я сказаў, што гэты эксперымент нельга перапыняць і, можа, давядзецца заначаваць у інстытуце. I хоць такога раней ніколі не здаралася, ты зрабіла выгляд, што шкадуеш, і ніякага сумнення, ніякага незадавальнення не адбілася на тваім твары. I праўда, ці варта было прымаць блізка да сэрца нейкую прычыну, якую прыдумаў прывід без твару, каб пераначаваць не дома.
Не дайшоўшы да свайго сховішча, я, не маючы сілы болей чакаць, пазваніў табе.
— Ён... вярнуўся?
— Вярнуўся, але скора пайшоў. Сказаў, што работа...
— Добра, што ты падышла. Калі б ён, давялося б адразу кінуць трубку...
Я гаварыў з лёгкім сэрцам, быццам лагічна тлумачачы сваю бяздумнасць, але ты, крышку памаўчаўшы, сказала тонкім галаском:
— Шкада яго вельмі...
Гэтыя словы прасачыліся ў мяне і, як чысты спірт, імгненна разліліся па ўсім целе. Калі ўдумацца, гэта была першая твая думка пра «яго». Але цяпер мне было не да гэтага. Я ўтаплюся, калі мне цяпер жа не кінуць хоць што — ці бервяно, ці бочку з бляхі, каб я мог ухапіцца. Калі б існаваў «ён» на самай справе, наша патаемная сустрэча была б неразумнасцю. Ён мог вярнуцца ў любую хвіліну, па любой справе. I нават калі не вернецца, не выключана магчымасць, што пазвоніць па тэлефоне. Добра, каб днём, але як адгаворышся, што пайшоў з дому ў такі час? Я думаў, што табе прыйдзе ў галаву іменна гэтая думка і ты будзеш, ведама, у нерашучасці. Але ты адразу без вагання згадзілася.
Цікава, ты таксама, напэўна, не горай за мяне боўталася ў хвалях, выглядаючы, каб за што ўхапіцца? Ды не, проста ты такая бессаромная. Прытворшчыца, крывадушніца, нахабная, ветрагонка, распусніца, эратаманка, — скрыгочучы зубамі, я крыва ўсміхнуўся, бінт хаваў гэта, а потым дрыжыкі, што калацілі мяне, прыпынілі скрыгат і замарозілі ўсмешку.
Хто ж ты нарэшце? Хто ж ты, што прайшла цераз усё, не працівячыся, не баючыся, не ломячы перашкоды, якая спакусіла спакушальніка, прымусіла распусніка займацца самакатаваннем, ты, якую так і не зганьбавалі? I ты ж ні разу не спрабавала папытацца ў маскі пра імя, прозвішча, занятак... Нібыта ты яе распазнала... Так бляднеюць і свабода маскі, і яе алібі перад тваімі паводзінамі... Калі ёсць бог, няхай ён зробіць цябе паляўнічым на маскі... Ва ўсякім разе, ты мяне падстрэліла...
На сцежцы каля чорнага ходу нехта мяне гукнуў. Дачка адміністратара. Яна патрабавала ё-ё. Я траха не адказаў, але гэта прадаўжалася толькі імгненне, а потым, у страху закінуўшы галаву, я ледзь не ўцёк. Дамаўляўся ж з дзяўчынкаю не я, а маска. Ледзь стрымліваючыся, збянтэжаны, я жэстам растлумачыў, што не разумею, пра што ідзе гаворка, — адзінае, што мне аставалася. Трэба было паказаць дзяўчынцы, быццам я думаю, што яна проста абазналася.
Але дзяўчынка, не звяртаючы ніякае ўвагі на мой спектакль, паўтарыла сваё патрабаванне: ё-ё. Можа, яна думала прымітыўна, што, паколькі «маска» і «бінт» — браты, умова з адным пашыраецца і на другога? He, гэта заманлівае тлумачэнне было ўшчэнт разбіта яе словамі:
— He хвалюйцеся... Мы ж гуляем у сакрэты...
Няўжо яна з самага пачатку мяне раскусіла? Як жа гэта ёй удалося? Дзе я дапусціў памылку? Можа, яна праз шчыліну ў дзвярах бачыла, як я надзяваю маску?