Недаверліва круцячы галавою, дзяўчынка бясконца паўтарала, што не разумее, навошта я прыкідваюся. Напэўна, мая маска не можа ашукаць нават вачэй недаразвітай дзяўчынкі... Мабыць, наадварот, іменна таму, што дзяўчынка разумова адсталая, яна змагла ўбачыць мяне наскрозь. Гэтаксама як маёй масцы не ўдасца ашукаць сабаку. Інтуіцыя без расчлянення часта вастрэйшая за аналітычны пагляд дарослага чалавека. Але, безумоўна, у маскі, якая змагла ашукаць нават цябе, калі ты была зусім побач, не можа быць такога недахопу.
Не, значэнне гэтага вопыту не такое простае, як вышукванне алібі. Нечакана я ўбачыў бяздонную глыбіню гэтай «інтуіцыі без расчлянення» і не меў ужо сілы стрымаць дрыжыкі, якія ахапілі мяне. Тая самая інтуіцыя наводзіла на думку, што ўвесь мой вопыт, набыты за гэты год, можа рассыпацца ў прах ад аднаго ўдару... Ну падумай сама, хіба не сведчыць пра гэта тое, што дзяўчынку не ашукаў мой вонкавы выгляд — бінт, маска, і яна распазнала маю сутнасць? Значыць, яе можна было распазнаць. У вачах гэтага дзіцяці мой учынак, бясспрэчна, быў жартам.
I гарачыя парыванні маскі, і прыкрасць з-за п’явак раптам уявіліся мне бясконца нікчэмнымі, і трохвугольнік, які круціўся са скрыпам, як карусель, стаў паступова запавольваць ход...
Пакінуўшы дзяўчынку за дзвярыма, я вынес ёй ё-ё. Яна яшчэ раз ціхенька прашаптала: «Гуляем у сакрэты», — а потым, па-дзіцячы, не могучы схаваць усмешкі ў кутках рота, наматала на палец нітку і подскакам пабегла ўніз. Без ніякае прычыны вочы мае наліліся слязамі. Умыўшы твар, я сцёр мазь, намазаў клеем і надзеў маску, але чамусьці яна шчытна не прылегла да твару. Ат, усё роўна... Я быў спакойна-маркотны, як паверхня застылага возера пад воблачным небам, але ўвесь час паўтараў сабе, што павінен да канца паверыць дзіцячым вачам. У кожнага, хто сур’ёзна хоча мець зносіны з іншымі людзьмі, ёсць толькі адно выйсце — спярша вярнуцца да тае самае інтуіцыі...
У той вечар, вярнуўшыся пасля другога спаткання з табою, я нарэшце адважыўся пачаць гэтыя запіскі.
У самы трапяткі момант нашае блізкасці я гатовы быў садраць маску. Нясцерпна было бачыць, як ты, без ценю сумнення, дала спакусіць сябе маёй масцы, якую лёгка распазнала нават адміністратарава дачка. Дый я проста стаміўся. З сродку вярнуць цябе маска ператваралася ў схаваную кінакамеру, якая памагае пераканацца ў тваёй здрадзе. Я зрабіў маску, каб адрадзіць сябе, але варта было ёй паявіцца, як яна вырвалася з рук, то з асалодаю ўцякаючы ад мяне, то злуючыся за тое, што я стаю ў яе на дарозе. I толькі ты, апынуўшыся між намі, асталася некранутая. Што было б, калі я дазволіў падзеям разгортвацца гэтак і далей? «Я» пры любым зручным выпадку спрабаваў бы забіць маску, а «маска», астаючыся маскаю, усімі спосабамі стрымлівала б мяне ад помсты. Яна, напрыклад, адгаворвала б забіваць цябе.
Урэшце, калі я не хацеў абвастраць становішча, не аставалася нічога больш, як ліквідаваць гэты трохвугольнік шляхам трохбаковага пагаднення, у якім павінна ўдзельнічаць і ты. Вось чаму я і пачаў пісаць гэтыя запіскі... Спачатку маска пагардліва паставілася да майго рашэння, але не магла нічога зрабіць і стала моўчкі насміхацца з мяне... З таго часу прайшло амаль два месяцы. За гэты час мы сустрэліся з табою яшчэ разоў дзесяць, і кожны раз мяне мучыла думка пра набліжэнне разлукі. Гэта не пустыя словы, мяне папраўдзе мучыла такая думка. Не раз траціў я ўпэўненасць і ўжо зусім быў кінуў свае запіскі. Я ўсё спадзяваўся, што адбудзецца цуд, — прачнуўшыся аднойчы раніцаю, я ўбачу, што маска шчытна прыліпла і ператварылася ў мой сапраўдны твар, я нават спрабаваў спаць у масцы. Але цуд не адбываўся. I я прадаўжаў пісаць — іншага выйсця ў мяне не было.
У тыя дні мяне найболей натхнялі назіранні за дзяўчынкаю, якая, схаваўшыся ад чужых вачэй у цяні каля чорнага ходу, ціхенька гуляла са сваім ё-ё. Дзяўчынка з вялізазнаю бядою, якая не разумела, што гэта бяда, — наколькі шчаслівейшая яна за нармальных людзей, якія пакутуюць ад свайго гора. Можа, гэта быў інстынкт — яна не баялася нічога страціць. I я, таксама як дзяўчынка, хацеў стаць здольным перажыць свае страты.
Выпадкова ў сённяшняй газеце я ўбачыў фатаграфію дзіўнае маскі: здаецца, маска нейкага дзікага племя. Сляды на ўсім твары, быццам уціснутыя вяроўкаю, утваралі геаметрычны рысунак; падобны на сараканожку нос, выгінаючыся сярод твару, падымаўся ўгору, да чэрапа; з падбародка звешваліся нейкія незразумелыя прадметы. Друк быў невыразны, але я як зачараваны не зводзіў вачэй з фатаграфіі. Раздваіўшыся, на фатаграфіі ўсплыў татуіраваны твар дзікуна, усплылі захінутыя кавалкамі матэрыі твары арабскіх жанчын, і я ўспомніў пачуты ад некага расказ, як жанчыны з «Аповесці пра Гэндзі»[4] лічылі, што агаліць твар — тое самае, што агаліць сорам. Ды не ад некага, а ад цябе. Гэта пачула маска пры адной з нашых сустрэч. Навошта спатрэбілася табе ўсчынаць такую размову? Тыя жанчыны былі перакананыя, што мужчыну можна паказаць толькі валасы, і нават паміралі яны, прыкрыўшы твар рукавом кімано. Спрабуючы разгадаць тваю задуму, я многа разважаў пра жанчын, якія хавалі свой твар, і нечакана перад маімі вачыма разгарнуліся, як скрутак, тыя часы, калі не існавала твараў, — я быў ашаломлены. Значыць, яшчэ ў старажытнасці твар не быў тым, што выстаўляюць напаказ, і толькі цывілізацыя накіравала на твар яркае святло, і ўпершыню твар ператварыўся ў чалавечую душу... А калі твар не проста існаваў, а быў зроблены, значыць, і я, надумаўшыся зрабіць маску, на самай справе ніякае маскі не зрабіў. Гэта мой сапраўдны твар, а тое, што я лічыў сапраўдным тварам, на самай справе аказалася маскай... Ну добра, хопіць, цяпер ужо ўсё роўна... Нібыта і маска настроена прымірэнча, дык, напэўна, на гэтым можна і кончыць, як ты лічыш?.. Толькі потым, калі ўдасца, хацелася б выслухаць і тваё прызнанне... Не ведаю, куды нас усё гэта завядзе, але думаю, нам ёсць яшчэ пра што пагаварыць.