Выбрать главу

Яму захацелася сказаць што-небудзь жанчыне, і, каб неяк пачаць размову, ён вырашыў закурыць. Папраўдзе, поліэтылен тут — прадмет найпершае патрэбы, без яго не абыдзешся. Колькі ні трымаў ён запаленую запалку каля цыгарэты, яна ніяк не разгаралася. Ён смактаў яе з усяе сілы, ажно шчокі ўцягваліся між зубамі, але, як ні стараўся, чуў толькі прысмак дыму. Дый гэты дым, тлуста-нікацінавы, толькі раздражняў язык, ніяк не замяняючы курэння. Настрой сапсаваўся, размова не клеілася, ды яму і самому расхацелася гаварыць з жанчынаю.

Саставіўшы на ток посуд, жанчына без спеху стала сыпаць на яго пясок. З намаганнем яна нясмела сказала:

— Вы ведаеце... Пара ўжо пясок скідаць з гарышча...

— Скідаць пясок? А-а, ну што ж, калі ласка... «А пры чым тут я? — падумаў мужчына абыякава. — Няхай гніюць бэлькі, няхай ломяцца падпоры — мне дык які клопат?» — Калі я вам замінаю, мне, можа, пайсці куды-небудзь?

— Выбачайце, калі ласка, але...

Няма чаго прыкідвацца. He захацела нават выгляду паказаць! А ў самое ўсярэдзіне — быццам гнілую цыбуліну ўкусіла... Аднак жанчына, звыклая да такой работы, спрытна абвязала знізу твар складзеным у дзве столкі ручніком, узяла пад паху венік і кавалак дошкі, узлезла на паліцу ў насценнай шафе, у якой асталася адна створка.

— Шчыра кажучы, калі хочаце ведаць маю думку — такая хата няхай лепей развальваецца!..

Ён сам разгубіўся ад раздражнення, якое ўспыхнула нечакана і з якім пракрычаў гэта, а жанчына павярнулася да яго яшчэ болей збянтэжаная. Глядзі ты, нібыта зусім яшчэ не ператварылася ў насякомае...

— He, не думайце, што я злуюся толькі на вас адну. Вы тут усе змовіліся, што навязалі чалавека на ланцуг. А я цярпець не магу інтрыг. Зразумела? Ды калі і незразумела, мне ўсё роўна. Хочаце, я вам раскажу адно цікавае здарэнне... Гэта было даўно. У пакоі, што я наймаў, трымаў я нягеглага сабаку, дварняка... З надта густою шэрсцю, і яна не ліняла нават улетку... У яго заўсёды быў маркотны, няшчасны выгляд, дык я надумаўся пастрыгчы яго... I вось, калі я ўжо канчаў стрыгчы і збіраўся выкінуць састрыжаную шэрсць, сабака, не ведаю, што ўжо яму здалося, раптам заскавытаў, ухапіў у зубы камяк гэтае шэрсці і ўцёк на сваё месца... Можа, ён прыняў састрыжаную шэрсць за частку свайго цела і шкадаваў расставацца з ёю? — Ён крадком паглядзеў на жанчыну: як яна гэта ўспрыме? Але яна аставалася ў той самай позе, ненатуральна скурчыўшыся на паліцы, і нават спробы не зрабіла павярнуцца ў яго бок. — Ну добра... Кожны чалавек разважае па-свойму... Ці капаць пясок, ці рабіць што другое — калі ласка, дзейнічайце, як вы хочаце. А я катэгарычна адмаўляюся цярпець гэта. Даволі! Нічога, яшчэ крыху — і толькі мяне тут і бачылі!.. Дарэмна вы мяне недаацэньваеце... Калі захачу, уцяку адсюль, і без вялікіх намаганняў... Ага, вось якраз кончыліся цыгарэты...

— Цыгарэты. — Яе прастата межавала з дурнотаю. — Гэта пазней, калі прывязуць ваду...

— Цыгарэты?.. I цыгарэты таксама?.. — Мужчына, і сам таго не чакаў, чмыхнуў. — Справа не ў гэтым... А ў састрыжанай шэрсці, састрыжанай шэрсці... Няўжо не зразумела?.. Я хачу сказаць, што дзеля састрыжанай шэрсці гарод гарадзіць не варта.

Жанчына маўчала, і не падобна было, што яна збіраецца нешта сказаць, каб апраўдацца. Яна пачакала трохі і, калі пераканалася, што мужчына кончыў гаварыць, спакойна зноў узялася за работу, ад якой яе адарвалі. Яна адсунула дзверцы ў столі над шафаю, да пояса ўлезла ў дзірку і, трымаючыся на локцях і нязграбна матляючы нагамі, стала ўзбірацца на гарышча. Сям-там тонкімі нітачкамі пасыпаўся пясок. Ён падумаў, што на гарышчы пасялілася нейкае незвычайнае насякомае... Пясок і гнілое дрэва... Але не, даволі, незвычайнага і так болей, чым трэба!

Потым са столі то з аднаго месца, то з другога пацякло мноства ручайкоў пяску. Было вельмі дзіўна, што гэты густы ручай плыве амаль без шуму. У адзін момант на саламяных матах, высланых на таку, барэльефам выціснулася дашчаная столь з усімі шчылінамі і дзіркамі ад сучкоў. Пясок набіўся ў нос, еў вочы. Мужчына выскачыў на двор.

У першае імгненне было адчуванне, што ён ускочыў у вогнішча і ступакі пачынаюць плавіцца. Але недзе ўсярэдзіне аставалася цыліндрычная лядзянка, якая не паддавалася нават такой спякоце. Недзе ўсярэдзіне варушыўся сорам. Гэтая жанчына, як жывёліна. Няма ў яе ні ўчора, ні заўтра — жыве сённяшнім днём... Свет, дзе пануе ўпэўненасць, што чалавека можна начыста сцерці, як мел з грыфельнай дошкі... I ў сне не прысніцца, што ў нашы дні недзе яшчэ гнездзіцца падобнае дзікунства. Ну добра... Калі лічыць гэта прыкметаю таго, што ў яго прайшло ашаламленне і пачаў вяртацца спакой, дык гэты сорам не такі ўжо кепскі.