Выбрать главу

Раптам шуганула ўніз глыба пяску. Глуха грукнула, нібыта падала гума, і нешта з сілаю навалілася яму на грудзі. Каб зразумець, што здарылася, ён падняў галаву і паглядзеў уверх, але пазнаць, дзе верх, так і не змог. Ён ляжаў, сагнуты папалам, у сваіх ванітах, а навокал было разліта нейкае цьмянае, малочнае святло. ЧАСТКА ДРУГАЯ

Дзяб, дзяб, дзяб, дзяб.

Што гэта за гук?

Гук званочка.

Дзяб, дзяб, дзяб, дзяб.

Што гэта за голас?

Голас д’ябла.

11

Жанчына ціхенька нешта мурлыкае. Яна бясконца паўтарае адну фразу, выбіраючы пясок з бака.

Спеў сціх. Потым стала чутно, як жанчына таўчэ рыс. Мужчына ціхенька ўздыхае, паварочваецца на другі бок і чакае, напружыўшыся, нецярпліва... зараз яна ўвойдзе, напэўна, з тазам вады, каб працерці яго цела. Ад пяску і поту скура раздражнілася. Пры адной думцы пра халодны вільготны ручнік ён увесь сціскаецца.

З таго часу як яго прыдушыла пяском і ён страціў прытомнасць, ён не падымаўся. Першыя два дні яго мучыла гарачка, амаль трыццаць дзевяць, і няўпынная рвота. Потым тэмпература спала, стала хацецца есці. Захварэў ён, відаць, не так ад таго, што быў прыдушаны глыбаю пяску, як ад сонечных промняў, якія ў час працы смалілі вертыкальна і да якіх ён не быў звыклы. Зрэшты, нічога страшнага.

Можа, таму ён хутка ачуняў. На чацвёрты дзень боль у нагах і ў паясніцы прайшоў. На пяты дзень, калі не лічыць млявасці, ён ужо не адчуваў ніякіх прыкмет нядаўняй хваробы. Але з пасцелі ён не ўставаў, нібыта вельмі хворы. На гэта былі, безумоўна, прычыны. Ён ні ў якім разе не адмовіўся ад думкі ўцякаць.

— Вы ўжо прачнуліся?

Жанчынін голас гучаў нясмела. Мужчына глядзеў з-пад апушчаных павекаў на круглявасць яе каленяў, якія выпіналіся з шаравараў, і адказаў незразумелым стогнам. Паволі выкручваючы ручнік над пагнутым медным тазам, жанчына папыталася:

— Як здаровіцца?

— Ды так сабе...

— Пратром спіну?..

Ён пакорліва аддаваў сябе жанчыне ў рукі, не толькі карыстаючыся становішчам хворага, але і таму, што гэта не было яму непрыемна. Ён, помніцца, чытаў верш пра тое, як хлопчыку, у якога была гарачка, прыснілася, што яго ўвертаюць у халодную сярэбраную паперу. Скура, што затхнулася пад слоем пяску і поту, паступова ахалоджваецца і пачынае дыхаць. Пах жаночага цела нібыта пранікае праз яго зноў жывую скуру, крыху трывожыць яго.

I ўсё ж да канца ён так і не дараваў жанчыне. Тое — адно, гэта — другое, рэчы розныя, і няма чаго іх блытаць. Трохдзённы адпачынак даўно кончыўся. Цяпер ужо спяшацца наўрад ці трэба. Яго план падкапаць абрыў, каб пясчаны схіл зрабіць пакатым, не тое што праваліўся, але проста не быў добра падрыхтаваны. Калі б не перашкодзілі непрадбачаныя абставіны — той жа сонечны ўдар — усё б удалося. Праўда, капаць пясок куды цяжэй, чым ён думаў, гэта пякельная праца, і ўсё цяпер будзе залежаць ад таго, ці знойдзе ён зручнейшы спосаб. Вось тут і прыйшло яму ў галаву прыкідвацца, што хворы.

Калі ён ачнуўся і ўбачыў, што ляжыць тамсама, у жанчыны ў хаце, дык страшэнна раззлаваўся. Гэтыя тыпы з вёскі і не думаюць пра яго. Ён усё зразумеў, і адразу выспела рашэнне. Ведаючы, што хвароба яго не страшная, яны не паклікалі доктара. А цяпер ён выкарыстае гэта і прымусіць іх яшчэ раскаяцца. Уночы, калі жанчына працуе, ён будзе спаць. Затое ўдзень, калі яна павінна спаць, ён ёй будзе перашкаджаць, скардзячыся на нясцерпны боль.

— Баліць?

— Дзіва што баліць... Пазваночнік, напэўна, недзе пакалечаны...

— Можа, паспрабаваць нацерці?

— Барані бог! Хіба можна даверыць гэта неспецыялісту? Гэтак і да магілы нядоўга. Спінны ж мозг — канал жыцця. А раптам я памру? Вам жа ўсім горай будзе. Паклічце доктара, доктара! Баліць... Страшна баліць... Калі не паспяшаецеся, будзе позна!

Жанчына доўга не вытрывае такога і выб’ецца з сілы. Яе працаздольнасць панізіцца, і хата апынецца ў небяспецы. А гэта і ўсёй вёсцы не малы клопат. Праз сваю дурноту, замест таго каб атрымаць дадатковую рабочую сілу, узвалілі на сябе яшчэ цяжар. I калі яны не збавяцца ад мяне цяпер, дык потым позна будзе.

Але і гэты план прасоўваўся не так гладка, як ён меркаваў. Ноч тут люднейшая за дзень. Праз сцяну чуцён бразгат рыдлёўкі... жанчыніна цяжкае дыханне... выкрыкі і цмоканне мужчын, якія выцягвалі кашы з пяском... Дый вецер даносіць здалёку тарахценне пікапа, брэх сабак... Як ні стараўся ён заснуць, нічога не выходзіла — нервы былі надта напятыя, і ён не мог заплюшчыць вачэй.