Выбрать главу

Уночы ён спаў кепска, і таму даводзілася дасыпаць днём. I, што найгорай, ён усё болей траціў цярпенне: пачынаў пераконваць сябе, што, калі нават і гэты план праваліцца, усё роўна знойдзецца колькі хочаш спосабаў уцячы. З таго дня прайшоў ужо тыдзень. Якраз пара падаваць заяву на пошукі. Першыя тры дні былі яго законным адпачынкам. Але далей — адсутнасць без папярэджання. Таварышы на працы, якія часта без дай прычыны раўніва сочаць за тым, што робяць іх калегі, наўрад ці змаўчаць пра гэты факт. Ужо напэўна ў адзін з гэтых вечароў які-небудзь ахвотнік зазірнуў да яго дахаты. Душны, распалены сонцам пакой пусты — ясна, што гаспадара няма. Наведвальнік у душы інстынктыўна зайздросціць яшчэ, напэўна, шчасліўчыку, які вырваўся з гэтай нары. А на другі дзень — зневажальныя абгаворы, брыдкія пошапкі з неадабральна нахмуранымі брывамі і двухсэнсоўнымі жэстамі. I ніякага дзіва... Душою ён чуў яшчэ тады, што гэты незвычайны адпачынак выкліча ў калегаў іменна такую рэакцыю. Ведама, у настаўнікаў своеасаблівае жыццё, якое ўвесь час атручваецца грыбком зайздрасці... Год за годам міма іх, як вада ў рэчцы, цякуць і сплываюць вучні, а настаўнікі, нібы камяні, мусяць аставацца на дне гэтай рэчкі. Яны гавораць пра надзеі другіх, а самі не маюць права мець надзею, нават у сне. Яны адчуваюць сябе непатрэбным хламам і ці ўпадаюць у мазахісцкую адзіноту, ці становяцца пурыстамі, да другіх пранікаюцца падазронасцю, абвінавачваюць іх у арыгінальнічанні. Яны так сумуюць па свабодзе дзеянняў, што не могуць не ненавідзець свабоды дзеянняў.

...Няшчасны выпадак, напэўна?.. He, калі б гэта быў няшчасны выпадак, дык, відаць, як-небудзь паведамілі б... А можа, самагубства?.. Але, зноў жа, пра гэта, безумоўна, ведала б паліцыя!.. He трэба пераацэньваць гэтага недалёкага хлопца!.. Напраўду, ён прапаў без весткі па сваёй волі, і няма чаго лезці ў чужую справу... Але ўжо ж амаль тыдзень... Ну што за чалавек, вечна ён людзям дае клопату, і не дазнаешся ніяк, што ён сам сабе думае...

Наўрад ці яны шчыра перажываюць за яго. Проста неспатоленая іх цікаўнасць пераспела, як хурма, у пару не знятая з дрэва. Далей падзеі разгортваюцца гэтак. Старшы настаўнік ідзе ў паліцыю, каб высветліць форму заявы на пошукі. За посным тварам схавана задавальненне, якое ажно распірае яго... «Прозвішча і імя: Нікі Дзюмпэй. Узрост: 31 год. Рост: 1 м 58 см. Вага: 54 кг. Валасы: рэдкія, зачасаныя назад, брыялінам не карыстаецца. Зрок: правы — 0,8, левы — 1,0. Трошкі касавокі. Скура смуглявая. Прыкметы: твар прадаўгаваты. Нос кароткі. Сківіцы квадратныя, пад левым вухам прыкметная радзімка, другіх асаблівых прыкмет няма. Група крыві: АВ. Гаворыць хрыпата, трохі заікаючыся. Засяроджаны, упарты, але ў абыходжанні з людзьмі просты. Адзенне: відаць, на ім адзенне, якім карыстаюцца пры энтамалагічнай рабоце. Змешчанае зверху фота анфас зроблена два месяцы назад».

Безумоўна, людзі ў вёсцы ўжылі патрэбныя меры засцярогі, калі так рашуча прадаўжаюць гэту недарэчную авантуру. Абвесці вакол пальца аднаго-двух вясковых паліцэйскіх — справа няхітрая. Яны, ведама, паклапаціліся, каб паліцэйскія без асаблівай патрэбы не прыходзілі ў вёску. Але такая дымавая заслона карысная і патрэбная толькі да таго часу, пакуль ён здаровы і можа адграбаць пясок. I неразумна рызыкаваць, хаваючы цяжкахворага чалавека, які ўжо цэлы тыдзень валяецца ў пасцелі. Калі яны вырашаць, што ён ім не патрэбен, тады самае разумнае — як мага хутчэй збавіцца ад яго, пакуль ціха. Цяпер яшчэ можна прыдумаць якую-небудзь праўдападобную версію. Можна, напрыклад, заявіць, што чалавек сам упаў у яму і ад страсення ў яго пачаліся нейкія дзіўныя галюцынацыі. Безумоўна, гэтае тлумачэнне будзе прынята ахвотней, чым яго зусім фантастычнае сцверджанне, быццам яго хітрыкамі запраторылі ў яму.

Зарыкала карова — нібыта ў горла ёй уставілі медную трубку. Недзе пракукарэкаў певень. У пясчанай яме няма ні адлегласці, ні кірунку. Толькі там, наверсе, — звычайны, нармальны свет, дзе на абочыне дарогі дзеці гуляюць у класы, у пэўны час настае світанне, і фарбы яго змешваюцца з пахам рысу, што варыцца ў чыгунках.

Жанчына старанна, нават вельмі старанна працірае яго цела. Пасля працірання досуха выкручвае вільготны ручнік, ажно ён робіцца цвёрды, як дошка, тады сухім трэ так дбайна, быццам паліруе запацелае шкло. Ад ранішніх гукаў і гэтых рытмічных штуршкоў яго пачынае хіліць на сон.

— Ага, дарэчы... — Ён сілаю праганяе позех, які, быццам абцугамі, гвалтам выцягнулі з яго. — Як бы гэта... Даўно ўжо хочацца пачытаць газету. Ніяк гэтага зрабіць нельга?