— Добра, я папытаюся, пазней.
Ён адразу зразумеў: жанчына хоча паказаць сваю шчырасць. У яе сарамлівым, баязлівым голасе добра чутно старанне не пакрыўдзіць яго. Але гэта раззлавала яго яшчэ болей. «Папытаюся?!» Значыць, і газет я не маю права чытаць без дазволу, ці што?.. Забурчаўшы, ён адкінуў жанчыніну руку. Яму так і карцела перакінуць тазік з вадою. Выходзіць, жанчына выканала яго просьбу?
Аднак у яго становішчы надта бушаваць не варта — гэта можа разбурыць усе планы. Цяжкахворы наўрад жа ці будзе так хвалявацца з-за нейкай там газеты. Ён, ведама, хоча прагледзець газету. Калі няма пейзажу, дык паглядзець хоць на карцінку — жывапіс развіўся ж у мясцінах з беднаю прыродаю, а газеты найболей развіліся ў прамысловых раёнах, дзе сувязь паміж людзьмі паслабела. Апрача таго, раптам ён знойдзе там аб’яву пра тое, што прапаў без весткі чалавек. А калі пашанцуе, дык не выключана, што ў кутку старонкі, прысвечанай сацыяльным пытанням, пра яго знікненне будзе апублікаваны артыкул. Але ж наўрад ці дадуць вяскоўцы яму газету, у якой будзе такі артыкул. Ды самае галоўнае цяпер — цярпенне.
Прыкідвацца хворым не так ужо соладка. Усё роўна што сціскаць у руцэ тугую спружыну, гатовую вырвацца. Доўга такога не вытрываеш. Змірыцца таксама нельга. Ён павінен, што б там ні было, прымусіць гэтых тыпаў зразумець, які яны ўзялі на сябе непатрэбны клопат. Вось сёння, чаго б гэта ні каштавала, не даць жанчыне ні на хвіліну заплюшчыць вачэй!
(He спі... Спаць няможна!)
Мужчына скурчыўся і прытворна застагнаў.
12
Пад парасонам, што павесіла жанчына, ён сёрбаў, апякаючыся, густы крупнік з гародніны і рысу, падсмачаны марскімі водарасцямі. На дне ў місцы асеў пясок.
Але тут успаміны перарываюцца, і далей усё патанае ў нейкім бясконцым гнятлівым жаху. У сне ён верхам на старых патрэсканых палачках, якімі ядуць, лятаў па дзіўных, незнаёмых вуліцах. На гэтых палачках ён імчаўся, як на скутэры, і было гэта не так ужо дрэнна, але як толькі пачынала рассейвацца ўвага — яго адразу цягнула да зямлі. Паблізу вуліца здавалася карычневаю, далей раставала ў зялёнай смузе. У гэтай колеравай гаме было нешта, што спараджала неспакой. Нарэшце ён падляцеў да доўгага драўлянага будынка накшталт казармы. Пахла танным мылам. Падцягваючы штаны, што з’язджалі з паясніцы, ён падняўся па лесвіцы і ўвайшоў у пусты пакой, у якім стаяў толькі адзін доўгі стол. Вакол яго сядзела чалавек дзесяць мужчын і жанчын, заядла ў нешта гулялі. Той, што сядзеў у цэнтры, тварам да яго, раздаваў карты. Канчаючы раздаваць, апошнюю карту ён раптам сунуў яму і нешта моцна крыкнуў. Нехаця ўзяўшы яе, ён убачыў, што гэта не карта, а пісьмо. Яно было надзіва мяккае навобмацак, і, калі ён мацней паціснуў пальцамі, з яго пырснула кроў. Ён закрычаў і прачнуўся.
Нейкая мурзатая заслона замінае глядзець. Ён паварушыўся, пачулася шастанне сухой паперы. Яго твар быў прыкрыты разгорнутаю газетаю. Каб на яго халера, зноў заснуў!.. Адкінуў газету. З яе пабеглі ручайкі пяску. Мяркуючы па яго колькасці, прайшло нямала часу. Накірунак сонечных промняў, якія прабіваюцца праз шчыліны ў сцяне, гаворыць пра тое, што ўжо каля паўдня. Ну і няхай сабе, але што гэта за пах? Свежая друкарская фарба?.. Не можа быць, падумаў ён і зірнуў на дату. Шаснаццатага, серада... Дык гэта ж сённяшняя газета! Не верылася, але факт аставаўся фактам.
Мужчына прыпадняўся, абапёршыся локцем на свой наскрозь прапацелы матрац. I адразу ў галаве завіравалі самыя розныя думкі, і ён пачаў назіркам, адхінаючыся, праглядаць з такою цяжкасцю здабытую газету.
«Дапоўнены парадак дня Япона-амерыканскага аб’яднанага камітэта...»
...Як жа ўсё-такі гэтай жанчыне ўдалося раздабыць газету?.. Можа, гэтыя тыпы адчулі, што ў іх ёсць нейкія абавязкі ў дачыненні да яго?.. Але, мяркуючы па тым, як было да гэтага часу, усякая сувязь з навакольным светам спыняецца пасля снедання. Можа быць адно з двух: ці жанчына нейкім невядомым яму спосабам можа звязвацца з навакольным светам, ці яна сама выбралася адсюль і купіла газету.
«Дзейсныя меры супраць застою на транспарце!»
Ну добра... Дапусцім, жанчына выбралася... Гэта немагчыма без вераўчаных лесак. He ведаю, як гэта ёй удалося, ведаю толькі адно — яна карысталася вераўчанымі лескамі... Ну, а калі гэтак... думка яго шалёна запрацавала. Вязень, які толькі і думае пра ўцёкі, — гэта адна справа. Але ж жанчына, жыхар гэтай вёскі, не пацерпіць, каб яе пазбавілі магчымасці свабодна выходзіць з ямы... тое, што забралі лескі — гэта зрабілі часова, каб мяне тут заперці... Значыць, калі я зраблю ўсё, каб аслабіць іх пільнасць, рана ці позна такая магчымасць паявіцца і ў мяне.