Выбрать главу

— Ды гуляла я! — выкрыкнула жанчына сваім глухім аднатонным голасам. — Напраўду, мне давалі гуляць, колькі я захачу... Пакуль сюды не трапіла... Доўга гуляла з дзіцем на руках... Нават замучылася ад гэтых гулянак...

Мужчына не чакаў такога. Нейкая дзіўная манера гаварыць. Калі яна глядзіць на яго так, няма сілы адказваць.

Праўда... гадоў дзесяць назад, калі панавала разруха, усе толькі і марылі пра тое, каб нікуды не хадзіць. Такою бачылася ім свабода. Але ці можна сказаць, што цяпер яны здаволіліся гэтаю свабодаю?.. А можа, у гэты пясчаны край цябе і завабіла якраз тое, што ты ўжо знемаглася ад пагоні за гэтаю прывіднаю свабодаю... Пясок... Бясконцы рух аднае восьмае міліметра... Гэта аўтапартрэт на негатыўнай плёнцы навыварат, які расказвае пра свабоду жыцця, нікуды не выходзячы. Нават дзіця, гатовае гуляць колькі хочаш, пачынае плакаць, калі заблудзіцца.

Жанчына раптам рэзка змяніла тон:

— Як здаровіцца? Усё ў парадку?

Ну што ўтаропілася, як баран! Мужчына раззлаваўся. У тры пагібелі цябе сагну, але прымушу прызнацца, што ты ва ўсім вінаватая! Пры адной думцы пра гэта па целе прабеглі мурашкі, і яму нават здалося патрэскванне, быццам ад скуры аддзіралі засохлы клей. Скура нібыта адчувала асацыяцыі, звязаныя са словам «сагну». Раптам жанчына ператварылася ў сілуэт, які аддзяліўся ад фону. Дваццацігадовага мужчыну распаляюць думкі... Саракагадовага — распаляе скура. А трыццацігадоваму самае небяспечнае — калі жанчына ператвараецца ў сілуэт... Ён можа абняць яго гэтак жа лёгка, як самога сябе... Але за спіною ў жанчыны мноства вачэй... I яна толькі лялька, якую водзяць за ніткі гэтых паглядаў... Толькі абдымі яе, і ўжо цябе будуць вадзіць на нітачцы... Тады і гэтая мана з пашкоджаным пазваночнікам адразу выявіцца. Хіба можа ён у такім месцы, як гэта, перакрэсліць усё сваё мінулае жыццё!

Жанчына бачком падсунулася бліжэй. Яе круглявыя калені ўперліся яму ў сцягно. Навокал разліўся густы пах застоенай пратухлай вады, што ішоў у яе з рота, носа, вушэй, з-пад пахаў, ад усяго яе цела. Нясмела, нерашуча яе гарачыя, як агонь, пальцы заслізгалі ўверх і ўніз па яго пазваночніку. Мужчына ўвесь напружыўся.

Раптам пальцы дакрануліся да яго бока. Мужчына крыкнуў:

— Казычацца!

Жанчына засмяялася. Яна і фліртавала крышку, і крышку баялася. Усё гэта было надта нечакана, і ён яшчэ не ведаў, як трымацца. Але чаго яна хоча?.. Знарок гэта рабілася ці пальцы проста саскочылі?.. Толькі што яна маргала вачыма, з усяе сілы намагаючыся прачнуцца... Але ж і першы вечар яна гэтаксама дзіўна смяялася, калі, праходзячы міма, штурхнула яго ў бок... Можа, яна ўкладае ў свае дзеянні нейкі асаблівы сэнс? Магчыма, у душы яна не верыць у яго хваробу і робіць усё гэта, каб праверыць свае сумненні... Хто ведае... Трымай вуха востра... Яе прывабнасць — самая звычайная пастка, урэшце такая самая, як салодкі пах мёду ў раслін-драпежнікаў, якія кормяцца насякомымі. Спачатку яна справакуе яго на гвалт, выкліча гэтым скандал, а потым ён будзе ўблытаны ў моцную сетку шантажу.

13

Мужчына ўваўрэў і пачаў плавіцца, як воск. Цела яго сцякала потам. Гадзіннік спыніўся, і дакладнага часу ён не ведаў. Там, наверсе, можа, яшчэ ў разгары дзень. А на дне дваццаціметровай ямы было ўжо змрочна.

Жанчына яшчэ моцна спала. Ногі і рукі ў яе нервова паторгваліся — нешта снілася. Ён хацеў быў перабіць ёй сон, але перадумаў. Яна ўсё роўна ўжо выспалася.

Мужчына падняўся, падстаўляючы цела ветру. Калі ён варочаўся ў сне, ручнік, відаць, ссунуўся з твару, і цяпер за вушамі, каля носа, у кутках рота наліпла гэтулькі пяску — хоць саскрабай. Ён накапаў у вочы і асцярожна правёў па іх канцом ручніка. Толькі зрабіўшы гэта некалькі разоў, змог нарэшце расплюшчыць іх. Яшчэ два-тры дні — і вочных капель не астанецца. Нават з-за аднаго гэтага хочацца, каб хутчэй быў які-небудзь канец. Цела такое цяжкае, быццам у жалезных даспехах ляжыш на магніце. Ён з усяе сілы пачаў узірацца, але ў цьмяным святле, што прабівалася праз дзверы, іерогліфы ў газеце здаваліся застылымі лапкамі здохлых мух.

Безумоўна, трэба было ўдзень добра папрасіць жанчыну, каб яна яму пачытала. Гэта б і спаць ёй не дало. Адным стрэлам забіў бы двух зайцоў. Але, на жаль, сам ён заснуў раней за яе. Як ні стараўся — усё сапсаваў.

I вось цяпер зноў у яго будзе гэтая невыносная бяссонніца. Ён спрабаваў у рытме дыхання лічыць ад ста назад. Спрабаваў у думках крок за крокам прайсці звыклаю дарогаю з дому ў школу. Спрабаваў у пэўным парадку назваць вядомых яму насякомых, групуючы іх па відах і сямействах. Але, пераканаўшыся, што ўсе намаганні дарэмныя, пачаў яшчэ болей нервавацца. Глухое гырканне ветру, які нясецца па краі ямы... Скрыгат рыдлёўкі, што рэжа сыры пясок... Далёкі брэх сабак... Ледзь чутныя галасы, якія калышуцца, быццам язычок полымя ў свечцы... Пясок, што сыплецца няспынна і, як наждак, вострыць кончыкі нерваў... I ўсё гэта ён павінен цярпець.