Выбрать главу

Нічога, як-небудзь вытрывае. Але ў тое імгненне, калі свежыя блакітныя промні слізганулі ўніз з краю ямы, усё стала наадварот — пачалася стычка з пяском, які ўбіраўся ў яго, як вада ў губку. I калі гэтае ганебнае кола не будзе недзе разарванае, дык, чаго добрага, крупінкі пяску спыняць не толькі гадзіннік, але і сам час.

Артыкулы ў газеце былі такія самыя. У ёй нельга было пазнаць нават слядоў таго, што тыднёвы разрыў усё ж існуе. Калі гэта акно ў навакольны свет, дык, відаць, шыбы ў ім — матавыя.

«Хабарніцтва ў сувязі з падаткамі перакінулася з прыватных кампаній на гарадскія ўлады»... «Універсітэцкія гарады зрабіць Мекаю індустрыі»... «Прадпрыемствы адно за адным прыпыняюць работу. Паседжанне Генеральнага савета прафсаюзаў набліжаецца; пункт погляду будзе апублікаваны»... «Маці забіла дваіх дзяцей і атруцілася сама»... «Пачашчаная кража аўтамабіляў — новы стыль жыцця ці новы від злачынстваў?»... «Невядомая дзяўчына ўжо тры гады прыносіць кветкі да паліцэйскае будкі»... «Цяжкасці алімпійскага бюджэту Токіо»... «Сёння прывід зноў зарэзаў дзвюх дзяўчат»... «Студэнты губяць здароўе наркотыкамі»... «Да курса акцый дакрануўся асенні вецер»... «Вядомы тэнар Блю Джэксан прыязджае ў Японію»... «У Паўднёва-Афрыканскім Саюзе зноў хваляванні: 280 забітых і параненых»... «Зладзейская школа без платы за навучанне; ублытаны жанчыны; атэстаты аб заканчэнні — пры паспяховай здачы экзаменаў».

Ніводнага артыкула, які шкада было б прамінуць. Прывідная вежа з прасветамі, складзеная з прывіднае цэглы. Увогуле, калі б на свеце існавала толькі тое, што шкада ўпусціць, рэальнасць ператварылася б у крохкі шкляны выраб, да якога страшна дакрануцца. Але жыццё — тыя самыя газетныя артыкулы. Таму кожны, разумеючы яго бяссэнсавасць, цэнтр компаса размяшчае ў сваёй хаце.

I раптам на вочы трапіўся ашаламляльны артыкул.

«Каля васьмі гадзін раніцы чатырнаццатага на будаўнічым участку жылога дома, вуліца Ёкакава, 30, экскаватаршчык Тасіра Цугому (28 гадоў), які працаваў у кампаніі Хінахара, быў прыдушаны пяском, што абваліўся, і моцна пакалечаны. Яго прывезлі ў бліжэйшую бальніцу, і неўзабаве ён памёр. Згодна з расследаваннем, зробленым паліцэйскім участкам Ёкакава, прычынаю няшчасця паслужыла тое, напэўна, што, скопваючы дзесяціметровую гару, ён выбраў знізу занадта многа пяску».

Зразумела... Яны знарок падсунулі мне гэты артыкул. Дарэмна яны не выконвалі б мае просьбы. Добра яшчэ, што не абвялі яго чырвоным чарнілам. Вельмі скандальных тыпаў можна ўрымсціць і Чорным Джэкам... Скураны мяшок насыпаюць пяском — такою штукаю стукнеш не горай, чым жалезным ці свінцовым кіем... Колькі б ні гаварылі, што пясок цячэ, але ад вады ён адрозніваецца... Па вадзе можна плысці, пад цяжарам пяску чалавек тоне...

Занадта радасным здавалася мне становішча.

14

Але змена тактыкі была звязана з сур’ёзнымі ваганнямі і забрала нямала часу. Прайшло, напэўна, гадзін чатыры, як жанчына пайшла капаць. Мяркуючы па часе, кашы з пяском паднялі ўжо другі раз, пераносчыкі кончылі сваю працу і пайшлі да пікапа. Прыслухаўшыся і пераканаўшыся, што яны не вернуцца, мужчына ціхенька ўстаў і адзеўся. Жанчына пайшла з лямпаю, таму рабіць усё даводзілася навобмацак. Чаравікі былі поўныя пяску. Ён увабраў штаны ў шкарпэткі, дастаў гетры і паклаў іх у кішэню. Начынне лавіць насякомых і іншыя свае рэчы ён вырашыў скласці каля дзвярэй, каб потым лягчэй было знайсці. Ток, на які ён спусціўся, быў усланы пясчаным дываном, і ён мог не красціся — хады ўсё роўна не было чуваць.

Жанчына занятая працай. Лёгка арудуе рыдлёўкаю, утыкаючы яе ў пясок... Дыхае роўна, моцна... У святле лямпы, што стаіць у яе каля ног, танцуе доўгі цень... Прытаіўшыся за вуглом хаты, мужчына не дыхаў. Узяўшы ў рукі канцы ручніка, ён моцна расцягнуў яго ў бакі. Далічу да дзесяці і выскачу... Трэба раптоўна напасці ў той момант, калі яна, нагнуўшыся, пачне падымаць рыдлёўку з пяском.

Ведама, нельга сказаць, што ніякай небяспекі няма. Але і другое — іх адносіны да яго могуць праз якой-небудзь паўгадзіны рэзка памяняцца. Існуе ж гэты самы чыноўнік з прэфектуры. Не выпадкова дзед прыняў яго спачатку за гэтага чыноўніка і вельмі насцярожыўся. Яны, відаць, чакаюць, што вось-вось прыедуць іх інспектаваць. А калі гэтак, дык можа быць, што пры абследаванні меркаванні ў вёсцы раздзеляцца, хаваць яго стане немагчыма, і яго выпусцяць з-пад замка. Праўда, няма ніякай гарантыі, што гэтыя паўгадзіны не расцягнуцца на паўгода, на год, а то і болей. Паўгадзіны ці год — шанцы роўныя.