Выбрать главу

А калі ўявіць сабе, што яму пададуць руку дапамогі, дык куды выгадней і далей прыкідвацца хворым. Іменна да гэтага ён увесь час вяртаўся ў думках. Калі ён жыве ў краіне, дзе існуе закон і парадак, дык натуральна спадзявацца на дапамогу. Тыя людзі, што былі схаваны ў тумане загадкавасці і, не падаўшы прыкмет жыцця, траплялі ў лік прапалых без вестак, у большасці выпадкаў самі гэтага хацелі. Апрача таго, калі не было ніякіх прыкмет злачынства, знікненне разглядаецца не як крымінальная, а як грамадзянская справа, і паліцыя ў яе надта глыбока не ўнікае. Але ў выпадку з ім абставіны зусім не тыя. Ён прагне дапамогі, ён просіць ратунку ва ўсіх — яму ўсё роўна, адкуль яна прыйдзе. Нават чалавек, які ні разу не бачыў яго, не чуў яго голасу, адразу ўсё зразумее, як толькі хоць раз вокам кіне на яго хату, якая асталася без гаспадара. Недачытаная кніга, разгорнутая на той старонцы, дзе ён яе пакінуў... Драбяза ў кішэнях у касцюме, у якім ён хадзіў на працу... Чэкавая кніжка, хоць і небагатая, з якое апошнім часам не здымалі грошай... Скрынка з недасушанымі насякомымі, яшчэ не спарадкаванымі... Заказ на новыя бляшанкі на насякомых, падрыхтаваны да адпраўкі, з наклеенаю маркаю... Усё гэта гаворыць пра намер гаспадара вярнуцца. Той, хто сюды зазірне, хоча ён таго ці не, не можа не пачуць просьбы, якая так і чуецца ў гэтым пакоі.

Але ж... Каб жа не было таго пісьма... Каб жа толькі не было таго дурнога пісьма... Але яно было... Сон аказаўся прароцкім, а цяпер ён зноў стараецца пераканаць у нечым самога сябе. Дзеля чаго? Хопіць выкручвацца. Страчанага не вернеш. Ён сваімі рукамі даўно задушыў сябе.

Усё, што звязана з гэтым адпачынкам, трымаў ён у вялікім сакрэце і ніводнаму калегу знарок не расказваў, куды едзе. I мала таго, што маўчаў, ён свядома стараўся ахутаць сваю паездку тайнаю. Гэта быў выдатны спосаб — лепей і не прыдумаеш, каб пацвяліць гэтых людзей, якія ў сваім будзённым шэрым жыцці самі з ног да галавы сталі шэрыя. Цяпер ён знішчаў сам сябе, яму варта было падумаць, што сярод усяе гэтай шэрасці не ён, ведама, а другія маглі быць і інакшага колеру: чырвонага, блакітнага, зялёнага...

Лета, поўнае асляпляльнага сонца, бывае толькі ў раманах і кінафільмах. А ў жыцці — гэта нядзельныя дні сціплага маленькага чалавека, які выехаў за горад, дзе той самы пах едкага дыму, і ляжыць на зямлі, падаслаўшы газету, разгорнутую на старонках, прысвечаных палітыцы... Тэрмас з магнітнаю шкляначкаю і кансерваваны сок... узятая напракат пасля доўгага стаяння ў чарзе лодка — пятнаццаць іен за гадзіну... Узбярэжжа, на якое накочваецца свінцовая пена прыбою, у якой кішыць здохлая рыба... А потым электрычка, бітком набітая да смерці стомленымі людзьмі... Усе выдатна ўсё разумеюць, але, не хочучы паказацца дурнямі, якія далі сябе ашукаць, старанна малююць на шэрым палатне нейкае падабенства да свята. Нікчэмныя, няголеныя бацькі тармосяць сваіх незадаволеных дзяцей, прымушаючы іх пацвердзіць, што нядзеля прайшла цудоўна... Сцэнкі, якія кожны хоць раз ды бачыў у кутку ў электрычцы... Амаль замілаваная зайздрасць да чужога сонца.

Ды калі б справа была толькі ў гэтым, вельмі блізка прымаць усё да сэрца было б няварта. Калі б той чалавек не рэагаваў на ўсё гэтаксама, як і астатнія калегі, дык наўрад ці стаў бы ён упарціцца.

Толькі яму ён давяраў. Гэта быў чалавек з яснымі, праўдзівымі вачыма, з тварам, які заўсёды здаваўся толькі што ўмытым. Чалавек гэты актыўна ўдзельнічаў у прафсаюзным руху. Аднойчы ён нават паспрабаваў сур’ёзна і шчыра падзяліцца з ім сваімі патаемнымі думкамі, якія хаваў ад другіх.

— Ты так лічыш?.. Мяне вось проста мучыць праблема адукацыі, якая падмацоўваецца жыццём...

— Што значыць «падмацоўваецца»?

— Ну, увогуле, адукацыя, якая грунтуецца на ілюзіі і прымушае ўспрымаць нерэальнае як рэальнае. Узяць хоць бы пясок — гэта цвёрдае цела, але ў той жа час ён мае гідрадынамічныя ўласцівасці. Гэтым якраз ён мяне і вабіць...

Чалавек збянтэжыўся. Заўсёды сутулы, ён ссутуліўся яшчэ болей. Але выраз твару, як заўсёды, аставаўся адкрыты. Ён нічым не паказаў, што ідэя агідная яму. Нехта сказаў аднойчы, што ён нагадвае стужку Мёбіуса. Стужка Мёбіуса — гэта перакручаная адзін раз і злучаная канцамі палоска паперы, якая ператвараецца такім чынам у плоскасць без вонкавага і адваротнага бакоў. Можа, у гэту мянушку ўкладалі той сэнс, што ён, як стужка Мёбіуса, паяднаў прафсаюзную дзейнасць і асабістае жыццё? Разам з лёгкім здзекам у гэтай мянушцы была і ўхвала.