— Можа, ты маеш на ўвазе рэалістычную адукацыю?
— He, вазьмі мой прыклад з пяском... хіба свет, урэшце, не падобны на пясок?.. Гэты самы пясок, калі ён у спакойным стане, ніяк не выяўляе свае сутнасці... На самай справе не пясок рухаецца, а сам рух ёсць пясок... Лепей я не растлумачу...
— Я і так зразумеў. У практыцы ж выкладання змешчаны найважнейшыя элементы рэлятывізму.
— He, гэта не так. Я сам стану пяском... Буду бачыць усё вачыма пяску... Памёршы раз, няма чаго трывожыцца, што памрэш зноў.
— Ці не ідэаліст ты, га?.. А ты ж, напэўна, баішся сваіх вучняў, праўда?
— Ды таму, што я і вучняў лічу нечым падобным на пясок...
Ён тады звонка засмяяўся, агаліўшы свае белыя зубы, нічым не паказваючы, што яму не даспадобы гэтая размова, у якой мы так і не знайшлі пунктаў дотыку. Яго і без таго маленькія вочы зусім схаваліся ў складках твару. Я, помню, таксама не мог не ўсміхнуцца ў адказ. Гэты чалавек напраўду быў стужкаю Мёбіуса. I ў добрым сэнсе, і ў благім. Варта было паважаць яго хоць бы за добрую палавіну.
Але нават гэты «Стужка Мёбіуса», як і астатнія калегі, яўна выказваў шэрую зайздрасць да яго адпачынку. Гэта ўжо зусім не было падобна на стужку Мёбіуса. Зайздросцячы, у той жа час ён і радаваўся. Хадзячая дабрачыннасць часта раздражняе. I таму пацвяляць яго было вялікае задавальненне.
I тут гэтае пісьмо... Здадзеная карта, якое ўжо не вернеш. Учарашні жах нельга лічыць беспрычынным.
Было б хлуснёю сказаць, што між ім і тою, другою жанчынаю, не было ніякага кахання. Між імі былі нейкія цьмяныя і, напэўна, незразумелыя адносіны, і ён ніколі не ведаў, чаго можна ад яе чакаць. Варта было, напрыклад, сказаць, што шлюб, па сутнасці, падобны на ворыва цаліны, як яна безапеляцыйна і злосна пярэчыла, што шлюб павінен азначаць пашырэнне хаты, якая стала цесная. А сказаў бы ён наадварот, яна і на гэта, безумоўна, пярэчыла б. Гэта была гульня — хто каго перацягне, якая вялася без стомы два гады і чатыры месяцы. Можа, правільней было б сказаць, што яны не так страцілі запал, як урэшце замарозілі яго, бо занадта ідэалізавалі.
Вось тады зусім нечакана і выспела рашэнне пакінуць пісьмо і паведаміць у ім, што на нейкі час ён паедзе адзін, не сказаўшы куды. Таемнасць, якою ахутаў ён свой адпачынак і якая безадказна падзейнічала на таварышаў, не магла не падзейнічаць і на яе. Але ў апошнюю хвіліну, ужо напісаўшы адрас і наклеіўшы марку, ён вырашыў, што гэта дурыкі, пакінуў пісьмо на стале.
Бяскрыўдны жарт выканаў ролю аўтаматычнага замка з сакрэтам, які можа адамкнуць толькі ўладальнік сейфа. Пісьмо абавязкова павінна было трапіць каму-небудзь на вочы. У ім, ведама, убачылі знарок пакінуты доказ таго, што ён знік па сваёй ахвоце. Ён стаў падобны на неразумнага злачынцу, які з тупою ўпартасцю знішчае адбіткі пальцаў, хоць яго бачылі на месцы злачынства, і гэтым толькі даказвае сваю злачыннасць.
Магчымасць выбрацца з палону аддалілася. I цяпер, хоць ён усё яшчэ не траціў надзеі, надзея задыхалася ад яду, якім ён сам яе атруціў. Цяпер у яго адна дарога — не чакаючы, пакуль яму адчыняць дзверы, самому адчыніць іх і вырвацца адсюль, хай сабе нават сілаю. Вагацца цяпер нельга.
Перанёсшы ўвесь цяжар цела на пальцы ног, ажно да болю яны ўрэзаліся ў пясок, ён вырашыў: далічу да дзесяці і выскачу... Але далічыў да трынаццаці — і ўсё не мог адважыцца. Нарэшце, адлічыўшы яшчэ чатыры ўздыхі, ён выйшаў са сховішча.
15
Для таго, што ён задумваў, рухі яго былі задужа марудныя. Пясок адбіраў усю сілу. Тым часам жанчына павярнулася і, абапёршыся на рыдлёўку, здзіўлена ўтаропілася на яго.
Калі б жанчына супраціўлялася, вынік быў бы зусім не такі. Але яго разлік на нечаканасць апраўдаўся. Праўда, дзейнічаў ён надта нервозна, але жанчына была гэтак ашаломлена, што яе быццам паралізавала. Ёй і ў галаву не прыйшло адагнаць яго рыдлёўкаю, якую трымала яна ў руках.
— He падымай крыку!.. Нічога табе не зраблю... Ціха!.. — шаптаў ён здушаным голасам, абы-як затыкаючы ёй у рот ручнік. Але яна і не спрабавала працівіцца гэтым няспрытным сляпым дзеянням.
Адчуўшы яе пасіўнасць, мужчына ўзяў сябе ў рукі. Ён выцягнуў канец ручніка ў яе з рота, шчытна абматаў ёй галаву і моцна сціснуў ззаду вузлом. Потым гетраю, падрыхтаванаю загадзя, моцна-моцна звязаў ёй за спіною рукі.
— А цяпер хутчэй у хату!
Жанчына, зусім анямелая, пакорна падпарадкоўвалася не толькі яго дзеянням, але і словам. Якая ўжо тут варожасць — яна і не думала працівіцца. Відаць, была ў стане, падобным гіпнозу. Мужчына не думаў пра тое, што рабіў, і не ведаў, ці робіць ён тое, што трэба, але грубы гвалт, відаць, адабраў у яе здольнасць супраціўляцца. Ён прымусіў жанчыну падняцца з току наверх. Другою гетраю звязаў ногі каля костачак. Рабіў ён усё ў цемры. Навобмацак кавалкам гетры, што астаўся, для большае пэўнасці яшчэ раз абматаў вакол ног.