— Ну вось, сядзі спакойна, зразумела?.. Будзеш пакорная, нічога табе не зраблю... Але глядзі, са мною жарты кароткія...
Углядаючыся ў той бок, адкуль чулася дыханне жанчыны, ён адступіўся задам да дзвярэй, потым выскачыў на двор, схапіў рыдлёўку і лямпу і адразу вярнуўся ў хату. Жанчына павалілася набок. Яна часта і цяжка дыхала і ў такт дыханню падымала і апускала галаву. Пры ўдыху яна выцягвала сківіцу — напэўна, для таго, каб не ўдыхаць пясок з цыноўкі. А пры выдыху — наадварот, каб паветра з ноздраў з большаю сілаю здзімала пясок з твару.
— Добра, пацерпіш крыху. Дачакайся, пакуль вернуцца гэтыя, з кашамі. Пасля ўсяго, што я перанёс, табе лепей маўчаць. Апрача таго, я ж заплачу за ўсе дні, што быў тут... Ну, а ўсякія там траты ты, увогуле, сама падлічыш... He пярэчыш?.. Пярэчыш?! Па праўдзе кажучы, я нічога не павінен плаціць, але я проста люблю, каб усё было справядліва. Таму, хочаш ці не хочаш, усё роўна аддам гэтыя грошы.
Абхапіўшы рукамі шыю, быццам памагаючы сабе дыхаць, мужчына напружана, з неспакоем прыслухоўваўся да нейкага шуму, што чуцён стаў з двара. Ага, лямпу лепей патушыць. Ён падняў шкло і хацеў дзьмухнуць на агонь... Не, праверу яшчэ разок, як там жанчына. Ногі звязаны даволі моцна — пальца не падсунеш, рукі — таксама: запясці пачырванелі, абламаныя да мяса ногці сталі сінія, як загуслае чарніла.
Затычка выдатная. Яе і без таго бясколерныя губы былі такія расцягнутыя, што ў іх не асталося ні крывінкі — нібыта ў здані. Ад сліны, што сачылася з рота, утварылася чорная пляма на цыноўцы, якраз пад шчакою. У зыбкім святле лямпы адтуль, дзе была жанчына, здавалася, чуўся бязгучны крык.
— Нічога не зробіш. Сама заварыла кашу... — У яго спехам кінутых словах чулася нервовасць. — Ты мяне хацела ашукаць, я — цябе. Парахаваліся? Усё ж я чалавек, мяне нельга проста вось гэтак пасадзіць на ланцуг, як сабаку... Любы скажа, што гэта справядлівая, законная самаабарона.
Нечакана жанчына павярнула галаву, намагаючыся куточкам прыплюшчанага вока злавіць яго пагляд.
— Ну што? Сказаць што-небудзь хочаш?
Жанчына неяк ненатуральна паківала галавою. Нібыта згаджалася, нібыта не згаджалася. Ён прыблізіў лямпу да яе твару, спрабуючы прачытаць па вачах. Спачатку ён нават не паверыў. У іх не было ні злосці, ні нянавісці, а толькі бясконцы смутак і, здавалася, просьба пра нешта.
Быць не можа... Напэўна, здаецца... «Выраз вачэй» — гэта проста прыгожы ход... Хіба могуць вочы нешта выказваць, калі вочны яблык не мае мускулаў? Ды ўсё ж мужчына завагаўся і выставіў быў рукі, каб паслабіць ручнік, што заціскаў ёй рот.
I тут жа адхапіў рукі. Спехам патушыў лямпу. Набліжаліся галасы пераносчыкаў кашоў з пяском. Каб патушаную лямпу лягчэй было знайсці, ён паставіў яе на палку, на самы край, і, выняўшы з-пад умывальніка кацялок з вадою, прыпаў да яго губамі і стаў прагна піць. Потым, схаваўшы рыдлёўку, прытаіўся каля дзвярэй. Ён увесь стаў мокры. Вось зараз... Яшчэ пяць — дзесяць мінут цярпення... Рэзка падцягнуў да сябе скрынку з калекцыяй насякомых.
16
— Гэй! — раздаўся хрыплы голас.
— Што там робіце? — быццам рэха, пачуўся другі, яшчэ з маладымі ноткамі голас.
Яма была ахутана такою густою цемраю, што яе, здавалася, можна было памацаць, а на небе ўжо, напэўна, узышоў месяц, бо на мяжы між пяском і небам расплывістаю плямаю цямнела група людзей.
З рыдлёўкаю ў правай руцэ мужчына папоўз па дне ямы.
Наверсе пачуліся непрыстойныя смешкі. Уніз апусцілася вяроўка з крукам, каб падымаць бітоны.
— Цётка, хутчэй давай!
У тую ж хвіліну мужчына кінуўся да вяроўкі, падняўшы за сабою клубы пяску.
— Гэй, падымай! — закрычаў ён, ухапіўшыся абедзвюма рукамі за каструбаватую вяроўку з такою сілаю, што, калі б гэта быў і камень, пальцы ўрэзаліся б у яго. — Падымай! Падымай! Пакуль не падымеце, не выпушчу... Жанчына ў хаце ляжыць звязаная! Хочаце памагчы ёй — хутчэй цягніце вяроўку! А да таго часу нікога не падпушчу да яе!.. Калі хто паспрабуе ткнуцца сюды, рыдлёўкаю мазгаўню раскалю... Суд будзе — я выйграю! Паблажкі не чакайце!.. Ну, чаго марудзіце? Калі цяпер падымеце мяне, не падам у суд, буду пра ўсё маўчаць... Незаконная затрымка — злачынства немалое!.. Ну, што там? Давайце цягніце!