Пясок, што падае зверху, сячэ ў твар. Пад рубашкаю, ад шыі ўніз, паўзе нешта непрыемнае, ліпкае. Гарачае дыханне апякае губы.
Наверсе нібыта раяцца. I раптам — моцны рывок, і вяроўка папаўзла ўверх. Цяжар яго цела, якое матляецца ў паветры, намнога большы, чым ён меркаваў, вырывае вяроўку з рук. Мужчына ўчапіўся ў яе з двайною сілаю. Спазма, быццам ад смеху, які стрымліваеш, сціснула жывот, а з рота вырваліся пырскі... Дурны сон, што цягнуўся тыдзень, рассыпаўся і ўцякае... Добра... Так добра... Цяпер выратаваны!
Нечакана ён адчуў бязважкасць і паплыў у прасторы... Адчуванне, як пры марской хваробе, разлілося па ўсім целе; вяроўка, якая да гэтага ледзь не здзірала скуру з рук, цяпер бяссільна ляжала ў далонях.
Гэтыя паганцы адпусцілі яе!.. Перакуліўшыся цераз галаву, ён няспрытна ўпаў у пясок. Трэснула пад ім скрынка на насякомых. Потым нешта праляцела, зачапіўшы шчаку. Відаць, крук, прывязаны да канца вяроўкі. Што робяць, нягоднікі! Памацаў бок, якім упаў на скрынку, — здаецца, нідзе асабліва не баліць. Ускочыў, як падкінуты, і стаў шукаць вяроўку. Яе ўжо паднялі наверх.
— Дурні! Потым каяцца будзеце!
Ніякай рэакцыі. Толькі ціхі шэпт — не зразумець слоў — плыве, быццам дым. I гэтага не вытрываць.
Злосць і прыніжэнне, быццам стальнымі абручамі, скавалі яго цела. Ён не пераставаў крычаць, сціснуўшы кулакі, ажно пазногці ўпіліся ў змакрэлыя далоні.
— Яшчэ не зразумелі?! Слоў вы, напэўна, не разумееце, дык я зраблю такое, што нават вы зразумееце! Жанчына звязана! Чуеце?.. Пакуль не падымеце мяне наверх ці лесак не спусціце, яна так і будзе звязаная!.. I не будзе каму пясок адграбаць... Ну як, падабаецца?.. Падумайце добранька... Калі ўсё тут засыпле пяском, вам жа будзе горай, праўда?.. Пясок перасыплецца цераз яму і пачне насоўвацца на вёску!.. Што тады будзеце рабіць?.. Чаму не адказваеце?!
Замест адказу яны проста пайшлі, чулася толькі шаргаценне кашоў, якія яны валаклі па пяску.
Жаласны крык, якога ўжо ніхто, апрача яго, не чуў. Калоцячыся ўсім целам, мужчына нагнуўся і стаў навобмацак збіраць усё, што высыпалася з раструшчанае скрынкі. Пляшка са спіртам, відаць, раскалолася, бо калі ўзяў яе ў рукі, між пальцамі разлілася прыемная прахалода. Ён заплакаў. Бедаваў ён не асабліва моцна. Дый здавалася яму, што плача нехта другі.
Пясок поўз за ім, як хітры звер. Блудзячы ў пякельнай цемры, ледзь перастаўляючы ногі, ён з цяжкасцю дабраўся да дзвярэй. Скрынку з адламанаю накрыўкаю ціхенька навобмацак паклаў каля агнішча. Рык ветру разарваў паветра. З пустое бляшанкі каля агнішча ён выняў загорнутыя ў поліэтылен запалкі і запаліў лямпу.
Жанчына ляжала ў той самай позе, трошкі болей нахіліўшыся да току. Яна крыху павярнула галаву да дзвярэй, стараючыся, відаць, разабрацца, што робіцца на дварэ. Заморгала ад святла і адразу зноў заплюшчыла вочы. Як успрыняла яна жорсткасць і грубасць, якія толькі што перацярпеў ён сам?.. Хоча плакаць — хай плача, хоча смяяцца — хай смяецца... Яшчэ не ўсё страчана. Я, і ніхто другі, трымаю запал да міны замаруджанага дзеяння.
Мужчына апусціўся на калена за спіною ў жанчыны. Трохі павагаўся, потым развязаў ручнік, што заціскаў ёй рот. I не таму, што мучыла сумленне. I, пэўна ўжо, не ад шкадавання ці спачування.
Ён проста знямогся. I ўжо не мог трываць гэтага бясконцага напружання. Затычка, па сутнасці, была недарэчы. Калі б тады жанчына і гукала на дапамогу, гэта, можа, наадварот, выклікала б разгубленасць сярод яго ворагаў і прымусіла б іх хутчэй вырашыць усю справу.
Жанчына, выцягнуўшы падбародак, цяжка дыхала. Ад яе сліны, змяшанай з пяском, ручнік стаў сыры і цяжкі, як здохлы пацук. Сінія сляды ад ручніка, здавалася, ніколі не знікнуць. Каб размякчыць здранцвелыя шчокі, што сталі цвёрдыя, як вяленая рыба, яна няспынна варушыла ніжняю сківіцаю.
— Ужо пара... — Узяўшы двума пальцамі ручнік, ён кінуў яго на ток. — Пара ім кончыць раіцца. Зараз прыбягуць з вераўчанымі лескамі. Бо калі ўсё астанецца гэтак, як ёсць, ім самім горай будзе. Гэта праўда... Не хацелі клопату — не трэба было тады завабліваць мяне ў гэтую пастку.
Жанчына праглынула сліну і аблізнула губы.
— Але... — Язык яшчэ кепска яе слухаўся, і яна гаварыла глуха, быццам з яйцом у роце. — Зоркі ўзышлі?
— Зоркі?.. Пры чым тут зоркі?
— А раптам зоркі не ўзышлі...
— Ну і што, калі не ўзышлі?
Жанчына, абяссілеўшы, зноў змоўкла.
— У чым жа справа? Пачалі — дагаворвайце! Хочаце скласці гараскоп? Ці, можа, гэта мясцовыя прымхі?.. Яшчэ скажаце, што ў бяззорныя ночы нельга апускаць лесак?.. Ну дык як? Я не разумею, калі маўчаць!.. Можа, вы загаворыце, калі ўзыдуць зоркі? Чакайце, справа ваша... Але што будзе, калі ў гэты час разгуляецца тайфун? Тады ўжо не трэба будзе клапаціцца пра зоркі!