Выбрать главу

Нашто ўсё гэта? Пагадненне якое-небудзь?.. Ён некалі чуў, што індзейцы ў знак дружбы абменьваюцца люлькамі. Дый гарэлка — адзнака ўрачыстасці. Значыць, ёсць поўная падстава меркаваць, што ў такой форме яны выказваюць сваю згоду неяк дамовіцца.

Вяскоўцы звычайна саромеюцца выказваць свае пачуцці словамі. У гэтым сэнсе яны вельмі дабрадушныя.

Але пакуль убок усякія пагадненні — спачатку цыгарэты. Як гэта ён цэлы тыдзень вытрываў без іх? Звыклым рухам адрываючы ражок пачка, ён адчуў глянцавітасць паперы. Пстрыкнуў на дне і выбіў цыгарэту. Пальцы, узяўшы яе, дрыжалі. Прыкурыўшы ад лямпы, ён паволі і глыбока зацягнуўся, і пах духмянага апалага лісця разліўся па ўсім целе. Губы анямелі, перад вачыма павісла цяжкая аксамітавая заслона. Быццам ад удару, у яго закружылася галава, скаланулі дрыжыкі.

Моцна прыціснуўшы да сябе пляшку, ледзь трымаючы раўнавагу, ён паволі пайшоў у хату. Ногі не слухаліся. Галава, быццам сціснутая абручом, усё яшчэ кружылася. Ён хацеў паглядзець туды, дзе была жанчына, але ніяк не мог павярнуць галавы. Твар у жанчыны, які ён убачыў краёчкам вока, здаўся вельмі маленькім.

— Гасцінец, вось... — Ён высока падняў пляшку і страсянуў ёю. — Здорава прыдумалі, праўда? Цяпер, дзякуй ім, мы можам загадзя ўсё адсвяткаваць... Без слоў зразумела... Я з самага пачатку ўсё зразумеў... Што прайшло, тое прайшло... ну, можа, за кампанію чарачку?

Замест адказу жанчына моцна заплюшчыла вочы. Можа, яна злуецца за тое, што ён не развязаў яе? Дурная жанчына. Каб жа яна хоць на адно пытанне толкам адказала, ён адразу яе развязаў бы. А можа, ёй проста крыўдна? За тое, што яна не можа ўтрымаць з такою цяжкасцю здабытага мужчыну і мусіць — тут ужо нічога не зробіш — яго адпусціць. Нейкія падставы ў яе, пэўна, ёсць... Ёй жа гадоў трыццаць, удава. Ззаду на костачках у яе нейкія дзіўныя, рэзка акрэсленыя ямкі. Ён зноў адчуў прыліў беспрычыннага смеху. Чаму ў яе ногі такія дзіўныя?

— Хочаце закурыць? Дык агеньчыку дам.

— He, не хачу, і так у горле сохне... — ціха адказала яна, пакруціўшы галавою.

— Можа, даць папіць?

— Ды няхай сабе.

— He саромейцеся. Я зрабіў з вамі такое не таму, што злосны іменна на вас. Вы самі павінны зразумець, што гэтак трэба было дзеля стратэгіі. I вось цяпер яны як быццам адступілі...

— Мужчынам раз на тыдзень выдаюць гарэлку і тытунь.

— Выдаюць?.. — Вялікая муха, якой здаецца, што яна ляціць, калі на самай справе яна б’ецца галавою аб шкло... Навуковая назва Muscina stabulans... Амаль сляпыя вочы, якія ўспрымаюць прадметы па частках... Нават не стараючыся схаваць разгубленасць, ён з трывогаю папытаўся: — Ды навошта ім лішні клопат пра нас?! Хіба не лепей даць людзям магчымасць самім купляць, што ім трэба?

— Праца вельмі цяжкая, і многа яе — ні на чога больш не астаецца часу... Дый вёсцы выгадна: частку расходаў бярэ на сябе Ліга[3].

Калі так, усё гэта значыла не пагадненне, а зусім наадварот — параду капітуляваць!.. Ды не, напэўна, яшчэ горш. Можа, ён ужо ператварыўся ў колца, адно з тых, што прыводзяць у рух штодзённае жыццё, і як такое ўключаны ва ўсе спісы?

— Ага, мне для пэўнасці хацелася б папытацца. Я першы, з кім здарылася тут вось такое?..

— He. Што ні кажы, а рук жа не хапае... I людзі з гаспадаркі, і беднякі — усе, хто можа працаваць, адзін за адным пакідаюць вёску... Бедная вёсачка — пясок адзін...

— Ну дык як... — Нават голас яго набыў ахоўную афарбоўку — пад колер пяску. — Апрача мяне, ёсць яшчэ хто-небудзь, каго вы злавілі?

— Ёсць, гэта было летась, на пачатку восені... паштовачнік...

— Паштовачнік?

— Ага, агент аднае кампаніі, якая выпускае паштоўкі турыстам, прыехаў у госці да тутэйшага кіраўніка Саюза... Прыгожы пейзаж, кажа, толькі разрэкламаваць гараджанам...

— I яго злавілі?

— Якраз у адной хаце, у нашым радзе, не хапала рабочых рук...

— I што далей?

— Ды быццам адразу і памёр... He, ён з самага пачатку кволы быў... А тут яшчэ, як на злосць, пара тайфунаў, вось і перасіліўся...

— Чаму ж ён адразу не ўцёк?

Жанчына не адказала. I так усё зразумела, што і адказваць няма чаго. He ўцёк, бо не змог уцячы... Прычына, ведама, толькі гэта.

— А апрача яго?

— Ага... на самым пачатку года быў тут студэнт, ён, здаецца, прадаваў кнігі.

— Карабейнік, ці што?

— Нейкія танюсенькія кніжачкі, усяго па дзесяць іен. У іх проці некага было напісана...

— Студэнт — удзельнік руху за вяртанне на радзіму... Яго таксама злавілі?

— Ён і цяпер, напэўна, жыве ў трэцяй ад нас хаце.

— I вераўчаныя лескі таксама знялі?