Мужчына прыпыніўся ў дзвярах і паглядзеў на неба. У чырвані, разлітай промнямі ранішняга сонца, ледзь пазнаваліся пушыстыя сарамлівыя воблакі. Неба не паказвала на дождж. З кожным выдыхам цела, здавалася, траціць ваду.
— Ды што ж яны надумаліся?! Хочуць забіць мяне, ці што?!
Жанчына і цяпер моўчкі калацілася. Можа, таму, што яна ўсё добра ведае. Карацей — хаўрусніца злачынства, якая прыкідваецца ахвяраю. Памучся!.. Твае пакуты — толькі справядлівая кара.
Але ўсе яе пакуты нічога не дадуць, калі пра іх не дазнаюцца тыя паганцы з вёскі. А гарантыі няма ніякай, што яны дазнаюцца. Мала таго, калі спатрэбіцца, яны, можа быць і такое, не задумваючыся, ахвяруюць і жанчынаю. Можа, таму яна і напалохалася гэтак. Звер надта позна зразумеў, што шчыліна, у якую ён палез, спадзеючыся ўцячы на волю, аказалася ўваходам у клетку... Рыба нарэшце здагадалася, што шкло ў акварыуме, у якое яна сюд-туд тыцкалася носам, — непераадольная перашкода... Ён другі раз астаўся ні з чым. I цяпер зброя ў іх у руках.
Але палохацца не трэба. Людзі, якія пацярпелі караблекрушэнне, гінуць не так ад голаду і смагі, як ад страху, што яды і вады не хопіць. Варта толькі падумаць, што прайграў, і ў тое ж імгненне пачынаецца паражэнне. З кончыка носа ўпала капля поту. Звяртаць увагу на тое, колькі кубічных сантыметраў вільгаці страчана, — значыць, папасціся ворагу на вудачку. Трэба было б падумаць, колькі спатрэбіцца часу, каб выпарылася шклянка вады. Непатрэбныя хваляванні не падгоняць жа гэтую клячу — час.
— Можа, развязаць, га?
Жанчына недаверліва замерла, затаіўшы дыханне.
— He хочаце — мне ўсё роўна... Калі хочаце — развяжу... Але з адною ўмоваю... Без дазволу рыдлёўкі ў рукі не браць... Ну як, абяцаеце?
— Вельмі прашу, ну, калі ласка! — стала жаласна прасіць жанчына, якая да гэтага цярпліва, як сучка, усё трывала. Гэта было нечакана, быццам парасон вывернула парывам ветру. — Што хочаце, абяцаю! Вельмі прашу, ну, калі ласка... калі ласка!..
Аборкі пакінулі чырвоныя рубцы, зверху зацягнутыя белаватаю плеўкаю. Лежачы ў тым самым становішчы, дагары, жанчына церла ступакі адзін аб адзін. Потым пачала пальцамі расціраць запясці. Каб не стагнаць, яна сціснула зубы, на твары выступіў пот. Вось яна паволі перавярнулася і стала на карачкі: спачатку на калені, пасля на рукі. Нарэшце з цяжкасцю падняла галаву. Нейкі час гэтак яна і стаяла, крыху пагойдваючыся.
Мужчына ціха сядзеў на таку. Ён збіраў у роце сліну і глытаў. Пасля некалькіх глыткоў сліна зрабілася вязкая, што клей, і засела ў горле. Яму не хацелася спаць, але ад стомы ўсё расплывалася перад вачыма, як чарніла на вільготнай паперы, мільгалі нейкія мутныя плямы і лініі. Быццам загадкавы малюнак. Ёсць жанчына... Ёсць пясок... Ёсць пусты бак з-пад вады... Ёсць жывёліна, якая зусім раскісла... Ёсць сонца... I недзе — дзе, ён і сам не ведае, — ёсць, ведама, і раён нізкага атмасфернага ціску, і лініі разрыву. З якога ж боку падступіцца да гэтага ўраўнення з мноствам невядомых?
Жанчына ўстала і паволі пайшла да дзвярэй.
— Куды ідзеш?!
Каб толькі адчапіцца, яна прамармытала нешта, чаго ён не разабраў. Ён зразумеў, чаму ўвесь гэты час ёй было блага. За сцяною адразу пачулася, як яна ціха мочыцца. I раптам усё здалося яму да жаху нікчэмным.
19
Гэта вельмі правільна: час не пачынае раптам ляцець галопам, як конь. Але і не валачэцца паволі, як калымага. Паступова ранішняя спякота дасягнула свайго найвышэйшага пункта; яна давяла да кіпення вочы і мозг, расплавіла вантробы, падпаліла лёгкія.
Пясок, увабраўшы вільгаць, выпарае яе ў атмасферу... Дзякуючы пераламленню святла, ён блішчыць, як мокры асфальт... Але на самай справе, гэтая, без ніякіх дамешкаў, адна восьмая міліметра, сушэйшая за падпражаную на патэльні муку.
I вось першы пясчаны абвал... Звыклы гук, без якога не пачынаецца ніводзін дзень, але мужчына міжвольна пераглянуўся з жанчынаю. Адзін дзень пяску не адграбалі — што з гэтага будзе?.. Нічога асаблівага, падумаў ён, ды ўсё ж затрывожыўся. Жанчына, апусціўшы вочы, маўчыць. Усім сваім выглядам паказвае — трывожся сам колькі хочаш. Ну, калі гэтак, — прападзі яно ўсё пропадам, не стане ён у яе распытвацца. Пясчаны ручай, які звузіўся быў да тоненькае ніткі, зноў разросся, ператварыўшыся ў абі[4], і, зрабіўшы гэтак некалькі разоў, нарэшце знік.