Мужчына хацеў быў сплюнуць, але адразу перапыніў сябе. Усё, што мае хоць кроплю вільгаці, трэба трымаць у арганізме. Між зубамі і губамі ён пастараўся аддзяліць пясок ад сліны і толькі тое, што наліпла на зубах, счысціў пальцам.
У кутку ў пакоі жанчына, павярнуўшыся тварам да сцяны, корпалася ў сваім кімано. Мусіць, паслабіла пояс і вытрасала адтуль пясок. Мужчына ўзяў рыдлёўку пасярэдзіне за тронак і падняў яе ўпоравень з плячом. I толькі нацэліўся вастрыём у сцяну каля дзвярэй знадворку... У яго за спіною пачуўся жаночы крык. Ён стукнуў з усяе сілы. Рыдлёўка прабіла драўляную сцяну, як сырую вафлю. Вышараваная знадворку пяском, сцяна глядзелася як новая, але на самай справе амаль зусім згніла.
— Што вы робіце?
— Паламлю яе на кавалкі, і ў мяне будзе матэрыял на лескі.
Выбраў другую мясціну і паспрабаваў яшчэ раз. Тое самае. Відаць, жанчына праўду казала, што пясок гноіць дрэва. Калі гніе нават гэтая сцяна, на сонечным баку, дык можна сабе ўявіць, якія астатнія. Як толькі гэтая разваліна яшчэ стаіць... Скрывілася, быццам адзін бок у яе паралізаваны... Можа, самым апошнім часам, калі сталі будаваць дамы з паперы і пластыку, і ёсць канструкцыі, якія трымаюцца невядома як...
— Ну што ж, калі дошкі не гадзяцца, паспрабуем бэлькі.
— Няможна! He чапайце, калі ласка!
— Чаго бедаваць, пясок яе ўсё роўна вось-вось раздушыць.
Не звяртаючы на яе ўвагі, ён размахнуўся, каб стукнуць па бервяне, але жанчына з крыкам кінулася наперад і павісла ў яго на руцэ. Ён вырваў локаць і крутнуўся, каб скінуць яе. Але, мабыць, не разлічыў, бо паваліўся сам. Адразу ж ускочыў і накінуўся на яе, але яна з усяе сілы ўчапілася за рыдлёўку. Што такое... Сілаю адолець яна яго не павінна... Яны некалькі разоў перакаціліся на таку, і ў той кароткі момант, калі яму ўжо здавалася, што ён яе адужаў і прыціснуў да току, жанчына, арудуючы рыдлёўкаю, як шчытом, лёгка скінула яго з сябе. Што ты будзеш рабіць!.. Напэўна, праз тое, што гарэлкі выпіў... I, ужо не лічачыся з тым, што яго праціўнік — жанчына, ён з усяе сілы стукнуў сагнутым каленам ёй у жывот.
Жанчына закрычала і адразу абмякла. Не трацячы ні хвіліны, ён ускочыў на яе і прыціснуў зверху. Грудзі ў яе агаліліся, і рукі мужчыны слізгаліся па спацелым голым целе.
Раптам яны замерлі, як бывае ў кіно, калі сапсуецца кінапраектар. Яшчэ хвіліна — і бойка за рыдлёўку магла перакінуцца ў нешта зусім іншае. Але тут яна раптам сказала хрыпла:
— А вось гарадскія жанчыны ўсе прыгожыя, праўда?
— Гарадскія жанчыны?.. — Ён раптам сумеўся... I патух... Небяспека як быццам мінула... Ён нават не мог падумаць, што меладрама можа быць і тут, у гэтым пяску. Але, відаць, няма такое жанчыны, якая, нават растульваючы калені, не была б перакананая, што мужчына ацэніць яе з годнасцю, толькі калі будзе разыграна меладрама. Гэта чуллівая і наіўная ілюзія якраз і робіць жанчыну ахвяраю аднабаковага духоўнага гвалту... Наіўнасць жанчыны ператварае мужчыну ў яе ворага.
20
Лубяны, быццам накрухмалены, твар, дыханне, якое вырываецца з хуткасцю урагана, сліна на смак — як палены цукар... Жахлівая затрата энергіі. Потам выйшла не меней за шклянку вільгаці. Жанчына паволі паднялася, апусціўшы галаву. Яе засыпаны пяском твар быў упоравень з яго вачыма. Нечакана яна высмаркалася і выцерла руку пяском. Потым нахілілася, і шаравары саслізнулі ўніз. Мужчына з раздражненнем адвёў вочы. Хоць сказаць «з раздражненнем» было б не зусім правільна. На языку асталося нейкае дзіўнае адчуванне, але не смага — другое...
Ён невыразна адчуваў, што ёсць два віды полавай цягі. Напрыклад, людзі, накшталт «Стужкі Мёбіуса», заляцаючыся да дзяўчыны, пачынаюць звычайна з лекцый пра яду і смак. Калі ўзяць галоднага чалавека, разважаюць яны, ён разумее толькі яду наогул, яму ўсё на адзін смак — і ялавічына з Кобэ, і хірасімскія вустрыцы... Але варта яму наесціся, як ён пачынае адрозніваць смак яды... Тое самае і ў полавай цязе: ёсць полавая цяга ўвогуле, і ўжо потым узнікае полавая цяга ў прыватнасці... Секс таксама нельга разглядаць увогуле. Усё залежыць ад месца і часу: іншы раз патрэбны вітаміны, у другіх выпадках — вугор з рысам. Гэта была дасканалая, глыбока прадуманая тэорыя, але, як ні шкада, пакуль не знайшлося ніводнае дзяўчыны, якая б аддалася яму, каб адчуць, паводле гэтай тэорыі, полавую цягу ўвогуле або ў прыватнасці. I зусім натуральна. Hi мужчыну, ні жанчыну нельга завабіць з дапамогаю аднае тэорыі. Дый гэты да дурнаты шчыры «Мёбіус» добра ўсё разумеў, і толькі таму, што яму быў агідны духоўны гвалт, ён прадаўжаў званіць пад дзвярыма пустых хат.