Ён і сам не быў, ведама, такі рамантычны, каб марыць пра чыстыя полавыя адносіны. Яны магчымыя, толькі калі ўжо стаіш адною нагою ў магіле... Бамбук, які пачынае сохнуць, спяшаецца даць плады... Мышы, якія паміраюць ад голаду, у час міграцыі нястрымна спароўваюцца... Хворыя на сухоты ўсе, як адзін, маюць павышаную ўзбудлівасць. Кароль ці правіцель, які жыве ў вежы і здольны толькі на тое, каб спускацца па лесках, усяго сябе аддае будаўніцтву гарэма...
Але, на шчасце, чалавек не заўсёды знаходзіцца пад пагрозаю смерці. Чалавек, якому не трэба зведваць страху перад зімою, змог вызваліцца і ад сезонных перыядаў кахання. Але калі канчаецца барацьба, зброя ператвараецца ў цяжар. Прыйшоў той, каго называюць парадкам, і, замест прыроды, ён даў чалавеку права кантраляваць іклы, кіпцюры і пол. I полавыя адносіны сталі падобныя да сезоннага білета на прыгарадны цягнік: пры кожнай паездцы абавязкова кампасціраваць. Ды яшчэ трэба пераканацца, што білет не падроблены. I гэта праверка дакладна адпавядае грувасткасці вызначанага парадку. Яна надзвычай цяжкая. Самыя розныя дакументы: кантракты, ліцэнзіі, пасведчанне асобы, пропуск, пасведчанне на зацверджанне звання, дакумент рэгістрацыі, членскі білет, дакументы на ўзнагароды, вэксалі, пазыковыя абавязацельствы, страхавы поліс, дэкларацыя прыбыткаў, віткі і нават радаслоўная, — увогуле, трэба мабілізаваць усе паперкі, якія толькі могуць прыйсці ў галаву.
Праз гэта полавыя адносіны апынаюцца ў магіле пад кучаю дакументаў, як лічынка матылька-мяшочніка. Ды яшчэ б нічога, калі б на гэтым усё канчалася. А можа, паперкі патрэбны і далей?.. Ці не забыліся яшчэ якія-небудзь?.. I мужчыну і жанчыну грызуць сумныя падазрэнні, што процілеглы бок не вельмі дбайна збіраў дакументы... I вось, каб паказаць сваю сумленнасць, яны выдумляюць усё новыя і новыя... I ніхто не ведае, дзе ж ён, гэты апошні дакумент... I няма канца гэтым дакументам...
(Тая жанчына вінаваціла мяне, што я залішне прыдзірлівы. Але я не чапляюся, так яно і ёсць!)
— Ды хіба не такія абавязкі кахання?
— Hi ў якім разе! Каханне — гэта тое, што астаецца, калі метадам выключэння адкідаюцца забароны. Калі не верыць у гэта, значыць, ні ў што не верыць.
Было б, ведама, неразумна даходзіць да таго, каб цярпець брыдкія штукі: прымацоўваць да ўсяго, што звязана з полам, наклейкі, нібыта гэта гасцінец. Будзем кожнае раніцы старанна разгладжваць каханне прасам... Трохі паношанае, яно робіцца старое... А разгладзіш складкі — і яно зноў як новае... I як толькі яно становіцца новае — адразу пачынае старэць... Хіба хто-небудзь абавязаны слухаць падобныя непрыстойнасці?
Безумоўна, калі б парадак гарантаваў жыццё таму, хто яго падтрымлівае, дык яшчэ быў бы сэнс ісці на ўступкі. Але на самай справе як? Шыпы смерці падаюць з нябёсаў. Дый на зямлі відам смерці няма ліку. Тое самае пачынае трывожна адчувацца ў полавым жыцці. Нібыта ў руках — фіктыўны вэксаль. Вось тады і пачынаецца падробка сезоннага білета — калі адзін не задаволены. Ну што ж, гэта дзелавы падыход. Або, як непазбежнае зло, прызнаецца патрэба духоўнага гвалту. Без гэтага не было б амаль ніводнага шлюбу. Прыкладна гэтак робяць і тыя, хто прапаведуе свабоднае каханне. Яны толькі, знайшоўшы зручную прычыну, да канца рацыяналізуюць узаемны гвалт. Калі прыняць гэта як належнае, дык у ім, відаць, можна знайсці пэўнае задавальненне. Але свабода з няспыннаю трывогаю, што кепска завешаныя фіранкі, прыводзіць толькі да псіхічнага расстройства.
Жанчына, здавалася, тонка адчувала пачуцці, якія валодалі мужчынам. Яна нібыта перадумала завязваць шнурок, на якім трымаліся шаравары. Канец шнурка вісеў у яе між пальцамі. Сваімі трусінымі вачыма яна паглядзела на мужчыну. Вочы яе былі падобныя на трусіныя не толькі з-за пачырванелых павекаў. Мужчына адказаў ёй паглядам, у якім спыніўся час. Вакол жанчыны разыходзіўся рэзкі пах: так пахне, калі вараць жылістае мяса.
Прытрымліваючы рукамі шаравары, яна прайшла міма мужчыны, зайшла ў пакой і стала здымаць шаравары. I так проста, натуральна, быццам прадаўжала рабіць тое, што пачала раней. А гэта ж і ёсць сапраўдная жанчына, мільганула ў яго ў галаве. I ён адважыўся. Боўдзіла, памарудзіш яшчэ крыху — і ўсё прапала. Ён таксама хутка расшпіліў рэмень.