Выбрать главу

— Калі пачнём працаваць, яны адразу дазнаюцца... Заўсёды хто-небудзь з пажарнае вышкі глядзіць у бінокль.

— Пажарная вышка?

Не жалезныя вароты, не глухія сцены, а маленькае вочка ў дзвярах у камеры — вось што найболей напамінае чалавеку пра няволю. Мужчына, сціснуўшыся, стаў азіраць у думках наваколле. На даляглядзе — неба і пясок, болей нічога... Няма там ніякае пажарнае вышкі. А калі яе не відаць адсюль, дык наўрад ці бачаць нас адтуль...

— Калі пагледзіце ад тае сцяны абрыву, адразу ўсё зразумееце...

Мужчына нагнуўся і падняў рыдлёўку. Думаць цяпер пра сваю годнасць — усё роўна што старанна прасаваць выкачаную ў гразі рубашку. Ён выскачыў на двор, быццам за ім нехта гнаўся.

Пясок гарэў, як пустая патэльня на агні. Ад спякоты перацяло дыханне. Паветра пахла мылам. Але трэба ісці наперад. Толькі так можна наблізіцца да вады. Калі ён спыніўся перад абрывам, павернутым да мора, і паглядзеў угору, дык напраўду ўбачыў макаўку чорнае вышкі, велічынёю з кончык мезенца. А малюсенькі выступ наверсе, можа, назіральнік. Ужо, напэўна, заўважыў. Ён нябось з нецярпеннем чакаў гэтага моманту.

Мужчына павярнуўся да чорнага выступу і, падняўшы рыдлёўку, энергічна памахаў ёю. Ён стараўся трымаць яе пад такім вуглом, каб назіральнік заўважыў бляск выгладжанага ляза... У вачах разліваецца гарачая ртуць... Што там робіць гэтая жанчына? Магла б прыйсці памагчы...

Раптам упаў цень, быццам вільготная хустка: воблака, не большае за апалы лісток, якое вецер гнаў на краі неба. Ліха на яго, пайшоў бы дождж, не давялося б рабіць гэтага... Эх, выставіў бы абедзве рукі, a яны поўныя вады... Ручаі вады на шыбах... Струмені вады б’юць з жолаба... Пырскі дажджу дымяцца на асфальце...

Сніцца яму — ці прывід ператварыўся ў рэальнасць, — нечакана вакол яго ўзнік шум і рух. Калі ён апамятаўся, дык убачыў, што стаіць у сярэдзіне пясчанае лавіны. Ён кінуўся да хаты і прытуліўся да сцяны. Косці сталі мяккія, як у кансерваванае рыбы. Смага стукала ўжо недзе ў скронях. I драбочкі яе рассыпаліся на паверхні свядомасці цёмнымі плямамі. Выцягнуўшы ўперад падбародак, паклаўшы рукі на жывот, ён змагаўся з ірвотаю.

Пачуўся жанчынін голас. Павярнуўшыся да абрыву, яна нешта крычала. Мужчына ледзь падняў цяжкія павекі і паглядзеў у яе бок. Той самы дзед, што прывёў яго сюды, асцярожна апускаў на вяроўцы вядро. Вада!.. Прынеслі нарэшце!.. Вядро нахілілася, і на пясчаным схіле асталася мокрая пляма. Сапраўдная, самая сапраўдная вада!.. Мужчына закрычаў і кінуўся да вядра.

Калі вядро апусцілася так, што можна было дастаць яго, ён адпіхнуў жанчыну і, расставіўшы ногі, стаў асцярожна, дзвюма рукамі, прытрымліваць яго. Ён адвязаў вяроўку і — увесь нецярпенне — нагнуўся над вядром, і ўсё цела яго ператварылася ў помпу. Ён падымаў галаву, перадыхаў і зноў прыпадаў да вядра. Калі ён трэці раз адарваўся ад вядра, у яго з носа і губ лілася вада, ён задыхаўся. У яго падагнуліся калені, вочы заплюшчыліся. Цяпер была жанчыніна чарга. Яна яму не паддалася: з шумам, быццам цела яе — гумовы поршань, за імгненне яна выпіла паўвядра.

Узяўшы вядро, жанчына вярнулася ў хату, а дзед стаў выцягваць вяроўку. Ды тут мужчына павіс на ёй і пачаў жаласна:

— Пачакайце! Я хачу, каб вы мяне выслухалі. Толькі выслухалі. Прашу вас, пачакайце!

Дзед не працівіўся, спыніўся. Ён збянтэжыўся і замаргаў вачыма, але выраз твару ў яго амаль не змяніўся.

— Раз вы прынеслі ваду, я зраблю тое, што павінен зрабіць. Я гэта абяцаю і хачу, каб вы мяне выслухалі. Вы моцна памыляецеся... Я школьны настаўнік... У мяне ёсць сябры, ёсць прафсаюз, педагагічны савет і Асацыяцыя бацькоў і педагогаў, і ўсе чакаюць мяне... Што ж, вы думаеце, грамадскасць будзе маўчаць пра маё знікненне?

Дзед правёў кончыкам языка па верхняй губе і абыякава ўсміхнуўся. Не, мабыць, гэта і не была ўсмешка — проста ён прыжмурыў вочы, каб у іх не папаў пясок, які нёсся разам з ветрам. Але ад растрывожанага мужчыны не схавалася б нават маршчынка.

— Што? У чым справа?.. Хіба вы не разумееце, што вы на мяжы злачынства?

— Злачынства? Прайшло ўжо дзесяць дзён з таго часу, а паліцыя маўчыць... — Дзед гаварыў мерна, слова за словам. — А калі цэлых дзесяць дзён маўчыць, дык што ўжо там...

— He дзесяць дзён, тыдзень!

Дзед не адказаў. Папраўдзе, такая размова нічога цяпер не дасць... Мужчына патушыў узрушэнне і стараўся гаварыць далей спакойным голасам:

— Хай сабе, гэта не так важна... Лепей, можа, вы спусціцеся сюды і мы з вамі сядзем спакойна і пагаворым? Я вам нічога не зраблю. Ды калі б і хацеў што-небудзь зрабіць, усё роўна не змог бы. Проці вас я слабы. Абяцаю.