Выбрать главу

Насунуўшы на самыя вочы вялікі саламяны капялюш, ён выскачыў на двор, быццам за ім гналіся. Яго думкі і развагі перад постаццю смагі ператварыліся ў мізэрныя сняжынкі, што ўпалі на гарачы лоб. Калі дзесяць шклянак — прыкры сіроп, дык адна шклянка — напэўна, бізун.

— Ну дзе яна там, гэта рыдлёўка?

Жанчына паказала на павець і, стомлена ўсміхнуўшыся, выцерла рукавом пот з ілба. Хоць была яна ўся знявечаная, але ні на хвіліну не забылася, дзе стаяць інструменты. Гэта звыклы лад мыслення, натуральна набыты чалавекам, што жыве ў пяску.

У тое імгненне, калі ўзяў ён у рукі рыдлёўку, яго стомленыя косці пакарацелі, быццам ногі ў складаным трыножку. Напэўна, таму, што мінулае начы ён ні на валасок не заснуў. Пры любых абставінах трэба, відаць, найперш дамовіцца з жанчынаю пра мінімальны аб’ём работы, што трэба выканаць. Але яму было проста цяжка гаварыць. Мабыць, таму, што размове з дзедам ён аддаў вельмі многа сілы, галасавыя звязкі распаўзліся, як прэлая пража. Нібы аўтамат, ён стаў побач з жанчынаю і ўзяўся за працу.

Яны капалі, зладжана ідучы наперад між абрывам і хатаю, быццам злыганыя. Дашчаныя сцены ў хаце, мяккія, як недапечаныя рысавыя аладкі, ператварыліся ў расаднік грыбоў. Нарэшце яны згрэблі пясок у адну кучу. Потым сталі насыпаць яго ў бітоны і адцягваць на ачышчаную мясціну. Адцягнуўшы ўсе бітоны, яны зноў узяліся капаць.

Бяздумныя, амаль аўтаматычныя рухі. Рот поўны пеністай сліны, на смак яна — як сыры бялок. Сліна цячэ па барадзе і капае на грудзі, але ён не звяртае на гэта ўвагі.

— Ведаеце, вазьміцеся леваю рукою ніжэй... — ціха заўважыла жанчына. — Тады рыдлёўкаю можна не варочаць, а правая рука будзе як рычаг, і таміцца будзеце меней.

Каркнула варона. Жоўтае святло раптам ператварылася ў блакітнае. Боль, нібыта зняты шырокім планам, растварыўся ў навакольным ландшафце. Уздоўж узбярэжжа нізка праляцелі чатыры вароны. Канцы крылаў іх адсвечвалі цёмнаю зеленню, і мужчына чамусьці ўспомніў пра цыяністы калій у бляшанках на насякомых. Ага, пакуль не забыўся, трэба перакласці іх у другую скрынку і ўвярцець у поліэтылен. Бо ад спякоты рассыплюцца...

— На сёння, напэўна, хопіць...

Сказаўшы гэта, жанчына паглядзела на верх абрыву. Яе твар стаў зусім сухі, і, хоць ён быў укрыты слоем пяску, мужчына зразумеў, што ў ім няма ні крывінкі. Усё навокал пацямнела, быццам укрылася ржою. Вобмацкам, скрозь тунель памутнелае памяці, ён дабраўся нарэшце да свае зашмальцаванае пасцелі. Калі вярнулася жанчына, ён ужо не чуў.

22

Калі прамежкі паміж мускуламі заліць гіпсам, дык, напэўна, самаадчуванне будзе прыкладна такое самае. Вочы нібыта расплюшчаны, але чамусьці вельмі цёмна? Недзе мыш цягне нешта ў сваю нару... У горле пячэ, быццам шарганулі рашпілем... З рота пахне, як з памыйнае ямы... Хочацца курыць... He, раней, пэўна, нап’юся... Вада!.. Ён адразу вярнуўся да рэальнасці. Вунь яно што. Гэта была не мыш — жанчына пачала працаваць!.. Колькі ж часу ён праспаў?.. Спрабаваў падняцца, але нейкая страшная сіла кінула яго на матрац... Раптам ён сцяміў і садраў з твару ручнік. Праз адчыненыя насцеж дзверы лілося свежае месячнае святло, быццам прапушчанае цераз жэлацін. Непрыкметна зноў наступала ноч.

Каля пасцелі стаялі кацялок, лямпа і пляшка з гарэлкаю. Ён падняўся на локці і прапаласкаў рот. Ваду выплюнуў як найдалей, да агнішча. Паволі, са смакам некалькі разоў каўтнуў. Памацаў каля лямпы, намацаў мяккі скрутак — запалкі і цыгарэты. Запаліў лямпу, прыкурыў. Яшчэ крыху выпіў з пляшкі. Разбітая на кавалкі свядомасць стала паступова складвацца ў нешта цэлае.

У скрутку была і яда. Яшчэ цёплыя тры піражкі з рысу і мукі, два вяленыя селядцы, высахлая зморшчаная марынаваная рэдзька і крыху варанае гародніны, горкае на смак, — здаецца, сушанае лісце тае самае рэдзькі. Аднаго селядца і піражка было даволі. Страўнік стаў велічынёю з гумовую пальчатку.

Калі ён устаў, суставы затрашчалі, як бляшаны дах ад моцнага ветру. З апаскаю мужчына зазірнуў у бак. Ён зноў быў поўны да краёў. Мужчына намачыў ручнік і прыклаў яго да твару. Дрыжыкі пранізалі ўсё цела, як іскра — лямпу дзённага святла. Ён працёр шыю, бакі, выцер пясок між пальцамі. Можа, такімі імгненнямі і трэба вызначаць сэнс жыцця.

— Чайку не хочаце? — Жанчына стаяла ў дзвярах.

— He варта... Жывот як барабан — вадою наліты.