Выбрать главу

Хай сабе жанчына зрабіла нейкую памылку... Але ж памылка — гэта памылка, і не болей.

...He глядзі ўніз! Нельга глядзець уніз!

Альпініст, мыйшчык вокан, манцёр на тэлевізійнай вышцы, цыркавы гімнаст на трапецыі, камінар на высокім коміне электрастанцыі — варта любому з іх глянуць уніз, і ён разаб’ецца.

24

Усё ў парадку!

Учапіўшыся ногцямі ў мяшок, абдзіраючы да крыві рукі, ён выкараскаўся з ямы. Ну вось ён і наверсе! Цяпер ужо можна не баяцца, што ўпадзеш, калі расшчэпіш пальцы. Але пальцы ўcё яшчэ моцна трымалі мяшок.

Свабода, здабытая на сорак шосты дзень, сустрэла яго моцным, парывістым ветрам. Калі ён папоўз, пясчынкі сталі балюча секчы па твары і шыі. Ён не разлічваў на такі шалёны вецер... У яме толькі шум мора здаваўся мацнейшым, чым звычайна. Ды цяпер жа якраз пара вячэрняга штылю. Інакш няма ніякай нaдзеі на туман. А можа, неба здавалася зацягнутым дымкаю, калі ён глядзеў на яго з ямы? Ці гэта пясок, што хмарамі насіўся ў паветры, здаўся яму туманам? У любым выпадку — нічога добрага.

He падымаючы галавы, ён стаў трывожна азірацца па баках... У цьмяным святле пажарная вышка здавалася крыху скрыўленай. Яна была нейкая мізэрная, і да яе было даволі далёка. Але адтуль глядзяць у бінокль, таму нельга давярацца адлегласці. Цікава, убачылі яго ўжо ці не?.. Мабыць, не. Бо адразу зазванілі б у звон.

Жанчына расказвала яму неяк, што з паўгода назад уночы разгулялася бура, сцяна ў адной яме на заходняй ускраіне вёскі абвалілася, і хату да палавіны засыпаў пясок. I потым лінуў дождж, мокры пясок стаў у многа разоў цяжэйшы. Хата развалілася, як карабок ад запалак. На шчасце, ахвяр не было, і раніцаю жыльцы гэтае хаты паспрабавалі выбрацца з ямы. Адразу зазваніў звон, і не прайшло і пяці хвілін, як пачуўся плач бабулі, якую валаклі назад... «Кажуць, у гэтай сям’і нейкая спадчынная хвароба мозгу», — дадала яна хітравата...

Ну добра, не трэба марудзіць. Ён падняў галаву. Уздоўж пясчаных хваляў, афарбаваных у чырванаваты колер, леглі доўгія цені. Заслона пяску, паднятая з аднаго ценю, уцягвалася наступнаю і наступнаю. Можа, гэтая заслона лятучага пяску і не дасць заўважыць яго?.. Азірнуўшыся, каб праверыць, ці моцна б’е ў вочы святло, мужчына аслупянеў ад здзіўлення. Значыць, не толькі ад лятучага пяску сонца на захадзе здавалася размаляваным каляровымі алоўкамі, а ўсё навокал — зацягнутым малочнаю дымкаю... Ад зямлі тут і там падымаліся пасмы туману. Развеяныя ў адной мясціне, яны ўзнікалі ў другой, разагнаныя там, зноў кудзеліліся тут... Седзячы ў яме, ён сам пераканаўся, што пясок прыцягвае вільгаць, але не ўяўляў, што да такой ступені... Усё гэта нагадвала пажарышча пасля таго, як яго пакінулі пажарнікі... Туман, праўда, рэдкі і не надта прыкметны, бо святло падае ў яго з-за спіны, ды ўсё ж гэта добрая схованка ад вачэй назіральніка.

Ён абуў чаравікі, што віселі за поясам, скруціў аборку і схаваў у кішэню. Нажніцы, на выпадак чаго, маглі паслужыць і зброяй. Уцякаць трэба на захад — святло, б’ючы назіральніку ў вочы, будзе засланяць яго. Трэба недзе схавацца і перачакаць там да захаду сонца.

Ну, хутчэй жа!.. Прыгніся і бяжы па нізінцы!.. Цяпер смялей... Спяшайся, ды будзь асцярожны... Схаваюся вунь у той лагчыне!.. Што за падазроны гук?.. Благая прыкмета?.. А можа, не... Устану і наперад... Вельмі не бяры ўправа!.. Правы схіл надта нізкі, ужо на сярэдзіне могуць заўважыць...

Ад штоночнай пераноскі кашоў з пяском між ямамі пратаптаны глыбокія простыя хады. Правы іх бок сям-там абваліўся і стаў пакаты. Ніжэй ледзь відны былі грывы стрэх другога раду хат, схаваных у ямах. Іх засланяў трэці рад, бліжэйшы да мора. Тут і ямы былі намнога мялчэйшыя, і плеценая агароджа ад пяску магла яшчэ служыць тут сваю службу. Да вёскі з ям, відаць, можна свабодна выходзіць. Варта было яму крыху падняцца, як стала відаць уся вёска. Каля падножжа хвалістых дзюнаў, разыходзячыся веерам, грувасціліся чарапічныя, бляшаныя і дашчаныя стрэхі... Відаць і хвойнік, праўда, рэдкі, і нешта падобнае на сажалку. I вось дзеля таго каб зберагчы гэты нікчэмны лапік зямлі, некалькі дзесяткаў хат на ўзбярэжжы кінуты ў рабства.

Хаты рабоў цягнуліся цяпер злева ад дарогі... Часам трапляліся адгалінаванні хадоў — сляды цягнутых кашоў, а ў самым канцы іх — мяшкі з пяском, па якіх можна было вызначыць, дзе пачыналася яма...

Нават глядзець на іх балюча. Сям-там да мяшкоў не былі прывязаны вераўчаныя лескі, але ўбачыць іх можна было амаль усюды. Відаць, многія жыльцы гэтых ям ужо адмовіліся ад думкі ўцякаць.